Незвычайны лёс

Наталля Капанько з дзяцінства адчувала сябе часцінкай педагагічнай дынастыі. Прыкладам для дзяўчынкі была бабуля Софія Яфімаўна, адна з лепшых настаўніц пачатковых класаў Гомельшчыны. Маці, Таццяна Аляксандраўна, працавала настаўніцай мовы жэстаў і сурдаперакладчыкам у Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Там жа вучылася і Наталля. На жаль, вердыкт медыкаў быў несуцяшальны: свет гукаў для дзяўчынкі назаўсёды закрыты. Многія, прачытаўшы гэта, здзівяцца: як яна стала гераіняй нашай рубрыкі? Талент, мэтанакіраванасць, настойлівая праца разам з чалавечай падтрымкай і сучаснымі тэхналогіямі здольныя на сапраўдныя цуды.  

— Вопыт сямейнай дынастыі паказаў мне, што многа ведац­ь і вучыць іншых — цікавая прафесія, — разважае Наталля Дзмітрыеў­на. — Бацькі рабілі ўсё магчымае, каб развіваць мае здольнасці, імкненне да вучобы і творчасці. Вадзілі мяне ў абласны Палац дзяцей і моладзі ва ўзорную студыю-школу “Парасткі”. На занятках у Маргарыты Аляксандраўны Рудэнка і Людмілы Ула­дзіміраўны Вараб’ёвай да мяне прыйшло захапленне вышыўкай, лепкай, керамікай, маляваннем. Паступова выспела рашэнне набыць творчую спецыяль­насць і стаць педагогам.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы — філіяле БДТУ Наталля вывучылася на майстра па вытворчасці мастацкіх вырабаў з керамікі, потым паступіла на мастацка-графічны факультэт у ВДУ імя П.М.Машэрава. Адначасова студэнтка-завочніца працавала ў Віцебскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі, вяла заняткі ў роднай школе. Па яе словах, ва ўсіх сваіх пачынаннях сустракала разуменне і падтрымку выкладчыкаў і кіраўніцтва ўстаноў адукацыі. На сёння стаж работы маёй суразмоўніцы ў цэнтры складае 8 гадоў. Дзеці пад кіраўніцтвам Наталлі Дзмітрыеўны асвойваюць пачатковае тэхнічнае ма­дэляванне, аплікацыю, папяровую пластыку, іншыя тэхнікі, напрамкі і дастаткова часта радуюць сваю настаўніцу перамогамі ў конкурсах рознага ўзроўню. Педагог актыўна выкарыстоўвае ІКТ, здымае відэа, дзе фіксуе ўсе этапы стварэння работ, дзеліцца імі з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў. Трэба брац­ь пад увагу тое, што многія з іх пражываюць далёка ад Віцебска, але такім чынам далучаюцца да адукацыйнага працэсу.

— Мне падабаецца працаваць з дзецьмі з парушэннем слыху, мне з імі цікава, — расказвае Наталля Капанько. — Свае веды і ўменні я перадаю навучэнцам, прывіваю ім імкненне і любоў да творчасці, каб яны ў будучыні маглі ўпэўнена і, галоўнае, свядома выбіраць прафесію нароўні са сваімі равеснікамі — напрыклад, дызайнера, мастака, будаўніка, архітэктара. Тое, што ў нашай краіне развіваецца інклюзіўная адукацыя — велізарны плюс. На занятках са сваімі навучэнцамі кантактую пераважна мовай жэстаў, ім больш даступна такое выкладанне. Я ў­дзячная лёсу, што тыя падзеі, якія адбываліся і адбываюцца вакол мяне, дазволілі знайс­ці сваё месца ў жыцці.

Неацэнную дапамогу ў набыцці прафесіі маладому, крэатыўнаму і ўлюбёнаму ў сваю справу педагогу аказала маці. Дзеля будучыні дачкі яна, настаўніца пачатковых класаў, змяніла напрамак прафесійнай дзейнасці і ўладкавалася на работу ў школу-інтэрнат. Калі ўзнікала патрэба, суправаджала Наталлю на ўсіх этапах навучання, а 3 гады назад — на тыднёвых курсах павышэння кваліфікацыі ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, дапамагала ў зносінах і асобных арганізацыйных момантах, па неабходнасці тлумачыла лекцыі. У мінулым годзе Наталля Капанько атрымала дыплом аб вышэйшай мастацка-педагагічнай адукацыі. Надышоў час чарговых курсаў павышэння кваліфікацыі, калі здарылася непрадбачанае: Таццяна Аляксандраўна захварэла. Тым не менш інклюзіўныя курсы паспяхова адбыліся, і ўсю інфармацыю іх асаблівая слухачка засвоіла нароўні з калегамі, у поўным аб’ёме.

Як паведаміла метадыст абласнога ІРА Таццяна Чаркас, спачатку гаворка вялася пра дыстанцыйныя курсы. Але гэтая форма не надта даспадобы педагогам дадатковай адукацыі (яны найперш практыкі, якім важна наведаць як мага больш практычных заняткаў і майстар-класаў), таму ад яе вырашылі адмовіцца. Выкладчыкаў загадзя папярэ­дзілі і яны спецыяльна скарэкціравалі матэрыял з улікам таго, што ў складзе групы будзе прысутнічаць чалавек з асаблівасцямі ў развіцці. У прэзентацыі было крыху больш, чым звычайна, дабаўлена тэкставага кампанента. Да таго ж кожную прэзентацыю Наталля Дзмітрыеўна капіравала і дадаткова прапрацоўвала дома. Тыя практычныя заняткі, якія ёй было складана ўспрымаць — музычныя, харэаграфічныя — замянілі на іншыя па яе профілі. Педагог наведвала іх разам з паралельнай падгрупай у адпаведнасці з раскладам. Загадчык аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Алена Іванова, якая валодае сурдаперакладам, дапамагала з тлумачэннем складаных тэм. Вельмі дарэчы аказаліся і сучасныя ІКТ. Асабліва спатрэбіліся праграмы, што дазваляюць адразу пераводзіць вуснае маўленне ў тэкст. Дзякуючы ім, камунікацыя з калегамі не выклікала цяжкасцей. З радасцю Наталля Капанько (як яна прызнаецца, лепшага сюрпрызу цяжка сабе ўявіць) пазнала сярод іх сваю любімую настаўніцу Маргарыту Рудэн­ка. А зусім нядаўна Наталля Дзмітрыеўна паспяхова выйшла на новы этап у прафесійным станаўленні: 19 лютага ёй была прысвоена першая кваліфікацыйная катэгорыя педагога дадатковай адукацыі.

— Умовы, у якіх я працую ў Віцебскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дазваляюць мне творча рэалізоўвацца ў працоўнай дзейнасці, — падкрэслівае Наталля Капанько. — Магчымасць павышаць кваліфікацыю на курсах, дапамога калектыву ў метадычнай рабоце, даступнасц­ь атрымання любой інфармацыі, нават тое, што са сваім непасрэдным кіраўніком Аленай Ула­дзіміраўнай Івановай я магу мець зносіны на зразумелай для мяне жэставай мове, да­юць мне станоўчую матывацыю у любой працы, у жаданні тварыць і вучыць гэтаму сваіх навучэнцаў. Вельмі люблю паглыбляцца ў гісторыю мастацтваў, займацца жывапісам і тэхнічнай творчасцю. Люблю даведвацца нешта новае і асвойваць новыя ўменні, чытаць, пашыраць веды пра мастацтва і перадаваць усё гэта дзецям. Самае дарагое і значнае для мяне ў маёй педагагічнай дзейнасці — вочы маіх вучняў, пагружаных у творчы працэс, сумеснае абмеркаванне цікавых пытанняў, іх таленавітыя работы, выкананыя старанна і са шчырым захапленнем.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.