Незвычайныя “дажынкі”

- 11:11Навіны рэгіёнаў
25 устаноў адукацыі, каля 150 дзяцей прынялі ўдзел у адзінаццатым абласным экалагічным конкурсе “Зялёны вітамін”, які штогод праводзіць Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”.

Конкурс праходзіць у рамках праграмы “Юныя таленты і экалогія XXI стагоддзя”. Кожны раз тут можна ўбачыць больш за 300 экспазіцый. Гэта менавіта той выпадак, калі можна сказаць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Тут можна не толькі падзівіцца з творчага таленту выхаванцаў, але яшчэ і ўзяць на заметку шмат карысных парад па сервіроўцы стала і прыгатаванні страў з агародніны і садавіны.
Сёлета ўдзельнікамі конкурсу сталі спецыялізаваныя інтэрнатныя ўстановы, сацыяльныя прытулкі і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Гомельскай вобласці. Конкурс праходзіў у чатырох намінацыях: кветкавая кампазіцыя, кампазіцыя з агародніны, стравы з агародніны і садавіны, цуды і фантазіі прыроды. Журы спрабавала вызначыць лепшыя работы на падставе некалькіх крытэрыяў. Перш за ўсё яго членаў цікавіў непасрэдны ўклад школьнікаў у рэалізацыю экалагічнай праграмы, затым эфектыўнасць дзейнасці і сацыяльная значнасць, а таксама культура афармлення, камплектнасць і аб’ём кампазіцыі. І, канечне, арыгінальнасць ідэі. Паднесці работу па-свойму, не так як іншыя, — гэта, бадай, асноўны сакрэт любога спаборніцтва. У гэтым не было роўных Улукаўскай дапаможнай школе-інтэрнату. Яна прадставіла на суд журы вітамінны гараскоп, звязаўшы стравы з зоркамі, і нават прапанавала гасцям параіцца з іх дзіўным астролагам, зробленым з агародніны таленавітымі рукамі дзяцей. Аднагалосна было вырашана аддаць гран-пры ўлукаўцам.
Першае месца прысуджана Гомельскай санаторнай школе-інтэрнату для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі. І зноў жа вырашальнай стала арыгінальнасць. Нечаканую тэму выбралі дзеці разам з выхавальнікамі. Яны звярнуліся да біблейскай тэматыкі і падрыхтавалі кампазіцыю пад назвай “Дапамажы нам, Ной”. Гэта нагадвала здымкі мультыплікацыйнага фільма, героі якога, як вы, пэўна, здагадаліся, былі створаны з “падручнага” матэрыялу, вырашчанага ў агародзе.
І, нарэшце, трэцяе месца падзялілі дзве ўстановы адукацыі з абласнога цэнтра — спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 70 і дапаможная школа-інтэрнат № 5, галоўнай задумай якіх было паказаць нацыянальны каларыт і гасціннасць беларусаў.
За свае незвычайныя работы пераможцы атрымалі дыпломы і каштоўныя прызы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.