Незвычайныя навучэнцы каледжа будаўнікоў

Дзецям і дарослым з асаблівасцямі развіцця няпроста адаптавацца ў жыцці, ім неабходна рэальная падтрымка і ўвага, што дапаможа адчуваць сябе паўнацэннай часткай грамадства. Сёння дзейнічае шмат розных праграм і праектаў, накіраваных на сацыялізацыю такіх людзей у грамадстве.

Адно з такіх мерапрыемстваў — рэспубліканскі пра ект “Магчымасці дадатковай адукацыі для дарослых (18+) з інтэлектуальнай хваробай, якія пражываюць у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах Рэспублікі Беларусь”, які рэалізуецца пры падтрымцы міжнароднага грамадскага аб’яднання “Голас сэрца”. Удзельнікамі праекта сталі таксама тры навучальныя ўстановы краіны. У рамках мерапрыемства выкладчыкі вучаць асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця выконваць пэўныя работы. Сярод устаноў і Рагачоўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў.

Падключыўшыся да праекта, педагогі каледжа распрацавалі спецыяльную праграму вучэбных курсаў па кампетэнцыі “Выраб сталовай і пасцельнай бялізны”, па якой пачалі працаваць з Рагачоўскім псіханеўралагічным домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў. Спачатку навучэнцы засвойвалі тэарэтычныя асновы прафесіі, а затым замацоўвалі атрыманыя веды на практыцы, падчас якой дэманстравалі тыя ўменні, якім навучыліся, працуючы з выкладчыкамі каледжа будаўнікоў. Практычнай частцы было адведзена чатыры гадзіны заняткаў. Слухачы прадэманстравалі, як яны навучыліся з дапамогай выкладчыка Ларысы Скляровай шыць пасцельную бялізну, сурвэткі і прыхопкі, і самі вельмі радаваліся таму, што ў іх атрымлівалася.

— Усе мае навучэнцы паспяхова засвоілі праграмны матэрыял. Яны аказаліся неверагодна стараннымі, усё рабілі акуратна, з цікавасцю і задавальненнем, — падзялілася Ларыса Мікалаеўна.

Калі праграма была пройдзена, удзельнікаў курса зноў запрасілі ў каледж будаўнікоў. На гэты раз для таго, каб прыняць ад дырэктара ўстановы Сцяпана Рыжэўскага сертыфікаты. А Ларыса Склярова ў якасці падарунка ўручыла сваім падапечным рабочае адзенне і камплекты пасцельнай бялізны, вырабленай іх рукамі на практычных занятках.

Уявіце сабе эмоцыі, якія агортвалі ўдзельнікаў праекта. У тых, хто навучыўся самастойна ствараць карысныя рэчы і абыходзіцца з неабходнымі для такой працы прыборамі, была не проста радасць, а гордасць за сябе саміх, за свае здольнасці і магчымасці. Для каледжа, які ўключыўся ў праект, накіраваны на дапамогу людзям з абмежаваннямі, гэта таксама стала значнай падзеяй, якая не проста запісана ў скарбонку добрых спраў установы, а мае доўгатэрміновы карысны працяг, бо выпускнікі курсаў цяпер змогуць прымяняць атрыманыя навыкі ў сваім штодзённым жыцці, а значыць, адчуваць сябе патрэбнымі грамадству.

— Праект, накіраваны на развіццё магчымасцей для дарослых з інтэлектуальнымі асаблівасцямі, — гэта дадатковая магчымасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі сацыялізавацца ў грамадстве, — адзначыла дырэктар Рагачоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Тамара Драбышэўская. — Як кіраўнік установы, якая працуе з такімі людзьмі, я вельмі ўдзячна каледжу і за веды, якія атрымалі мае падапечныя, і за цёплыя адносіны да іх.

Наталля ЛУТЧАНКА.