Незвычайныя прыгоды на “Планеце дзяцінства”

Таямніцы розных эпох і народаў, загадкі вырошчвання і захоўвання агракультур, сакрэты гатавання з іх смачных страў змаглі разгадаць сельскія школьнікі дзякуючы гульні “Прыгоды раслін”, праведзенай камандай праекта “Школьны сад” сумесна з калектывам Юрцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.

“Калі скласці карту падарожжаў, мы ўбачым, што звыклыя агародныя расліны трапілі да нас з розных куткоў зямнога шара, — патлумачылі арганізатары канцэпцыю гульні. — Бульба, агурок, памідор, цыбуля, морква, буракі вядомыя нават дашкалятам, але не кожны школьнік і нават дарослы ведае, якое мноства прыгод адбылося з названымі раслінамі, пакуль яны трапілі да нас у агарод і на талерку! Экзатычнымі заакіянскімі бульбянымі кветкамі ўпрыгожвала сваю сукенку французская каралева Марыя Антуанета, толькі ў 1772 годзе Парыжскі медыцынскі факультэт абвясціў бульбу ядомай. Яе амерыканскі суайчыннік памідор да рускай імператрыцы Кацярыны II прыбыў, нібы шляхетны вяльможа, у багатай карэце ў якасці каштоўнага падарунка ад рускага пасла ў Італіі. Знаёмую нам аранжавую моркву вывелі ў Нідэрландах у ХVІ стагоддзі, да таго вельмі доўга ў Еўропе яна лічылася конскім кормам, прычым караняплод меў фіялетавую або, радзей, цёмна-чырвоную афарбоўку. Дзікія буракі раслі па берагах Міжземнага мора дзве тысячы гадоў назад, агурок паходзіць з далёкай Індыі. Падчас летніх канікул мы прапанавалі школьнікам далучыцца да гульні “Прыгоды раслін”. Вельмі хацелася б, каб ­удзельнікі, падобна падарожнікам эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, нанова адкрылі для сябе такія, здавалася б, вельмі знаёмыя расліны. Спадзяёмся, наша гульня дапаможа дзецям зразумець, што разнастайныя веды — гэта не столькі агульная эрудыцыя, колькі інструмент пазнання складанага і цікавага навакольнага свету”.

Старт “Прыгодам раслін” быў дадзены ў Юрцаве. Нагадаем, што мінулай восенню мясцовая школа ўвайшла ў лік пераможцаў конкурсу “Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій”, праведзенага Беларускім зялёным крыжам і партнёрамі ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва” (фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца Міжнародным зялёным крыжам), а прышкольны ўчастак быў пры­знаны лепшым па добраўпарадкаванні ў Аршанскім раёне. Чатырохгадовы праект “Школьны сад” нацэлены на тое, каб паказаць школьнікам перспектывы сельскага жыцця, заахвоціць да працы на зямлі: навучэнцы разам з настаўнікамі вучацца вырош­чваць сельскагаспадарчыя культуры без хімікатаў і адначасова выпрабоўваюць сябе ў ролі фермераў, авалодваюць асновамі зялёнай эканомікі.

Гульня задумвалася як аднадзённая, аднак юрцаўскія педагогі развілі ініцыятыву і правялі цэлы тыдзень, дзе кожны дзень быў прысвечаны адной расліне. На гісторыка-геаграфічнай, біялагічнай, літаратурнай, мастацкай, кулінарнай і агароднай станцыях выхаванцаў школьнага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Планета дзяцінства” штораз чакалі новыя захапляльныя адкрыцці. Пачаў раслінную прыгодніцкую эстафету Сіньёр Памідор, чый вобраз ярка ўвасобіў настаўнік Уладзімір Яскевіч. Чаму ў нас бытуе дзве назвы адной культуры і як правільна яе называць: памідор ці тамат? Дзе растуць і колькі важаць дзікія памідоры, хто і калі прывёз іх у Еўропу? У якой краіне адзначаюць памідорныя святы? Дзеці расфарбавалі малюнкі з памідорамі, зрабілі аплікацыю, падзівіліся разнастайнасці колераў і форм таматаў, адшукалі расліны ў цяпліцы, склалі іх навуковае апісанне, ацанілі на смак брускету з таматамі.

— Нас зацікавіў нестандартны праект арганізацыі летняга аздараўленчага адпачынку дзяцей на базе сельскіх школ, — расказала дырэктар Юрцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна Людміла Кучынская. — Удзельнікамі сталі навучэнцы 1—4 класаў, памочнікамі ў рэалізацыі праекта — старшакласнікі, навучэнцы агракласа. Аб’ектам рознабаковага даследавання — ад гістарычнага, геаграфічнага, агранамічнага да творчага, літаратурнага і гастранамічнага — мы выбралі асноўныя агародныя расліны і адаптавалі прапанаваны партнёрамі з Беларускага зялёнага крыжа матэрыял у гульнявой форме для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Адзначалі на карце шлях, як тая ці іншая расліна дайшла да нас. Каб узмацніць цікавасць удзельнікаў, кожны раз крыху мянялі фармат работы гульнявых станцый, стараліся знайсці новыя прыёмы і падыходы. Напрыклад, у дзень цыбулі на гісторыка-геаграфічнай станцыі выхаванцы лагера не проста атрымлівалі пэўную даведачную інфармацыю, але і выконвалі егіпецкія танцы, плылі і ляцелі разам з раслінай, малявалі. На біялагічнай станцыі з настаўніцай Веранікай Старыкавай вывучалі цыбулю ў нас на агародзе: мы першы год удзельнічаем у сеткавым гатункавыпрабавальным эксперыменце па вырошчванні цыбулі з насення айчыннай і нідэрландскай селекцыі, будзем потым параўноўваць, які гатунак дасць лепшы ўра­джай. Вераніка Сяргееўна паказала дзецям цыбулю-батун, парэй, слізгун, ра­зам яны прааналізавалі іх адрозненні і падабенства, потым на мастацкай станцыі малявалі расліны з натуры. У школе ёсць кветкавая сцежка, і па ёй таксама было заданне камандзе: зыходзячы з атрыманых раней звестак, знайсці дэкаратыўную цыбулю — выканалі беспамылкова і адзначылі спецыяльнай таблічкай, прыгожыя кветкі якраз толькі зацвіталі. Далей у праграме быў майстар-клас па традыцыйным народным спосабе захоўвання цыбулі — усе дружна вучыліся плесці цыбулевая вязанкі. Акрамя таго, дзеці пасадзілі “цыбуліну пажаданняў”, даведаліся, як звязана слова “цыбуля” з імем літаратурнага героя Чыпаліна, зрабілі сэлфі і здымкі на памяць у фотазоне з цыбулевай сямейкай, згатавалі салат з зялёнай цыбуляй. На кожнай станцыі за паспяховае выкананне задання выдавалася частка мазаікі, склаўшы якую, трэба было здагадацца, дзе схаваны скарб — насенне цыбулі і салодкія прызы. У дзень бульбы ўсім даспадобы прыйшліся акцыя “Прагонім каларадскага жука!” (па народных рацэптах мы гатавалі часночна-цыбулевы, гарчычны настоі і выйшлі на бараць­бу са шкоднікам) і, канечне ж, бульба, запечаная на вогнішчы. У дзень бурака, акрамя ўжо знаёмых заданняў, загадкі паходжання слова “боршч” і спаборніцтваў па хуткаснай “перавозцы” караняплодаў, дзеці захапіліся міні-даследаваннем аб правільнасці пасадкі раслін на школьнай градцы. Пасля буракоў напрасіліся працягнуць яго па іншых культурах, карпатліва звяралі з табліцай — і ў выніку прадставілі мне прэтэнзію па няправільнай пасадцы таматаў: адлегласць аказалася бліжэйшай за аптымальную! А ў дзень агурка прасачылі шлях распаўсюджвання расліны, апрабавалі агурковыя маскі для скуры, падрыхтавалі асвяжальны бурачнік з агурком і вырабілі ляльку — Акілу-агурочніка. Такім чынам за шэсць дзён навучэнцы пачатковай школы пачалі лепш арыентавацца па карце і больш уважліва ставіцца да колераў, адкрылі для сябе новыя цікавыя факты пра агародніну, паўдзельнічалі ў кухарскіх эксперыментах, навучыліся шматлікім карысным рэчам, многія палюбілі маляванне з натуры.

Па словах эксперта праекта “Школьны сад” Ганны Выгоннай, гульня найперш накіравана на камандную работу. Для гульнявых станцый каманда праекта рыхтуе адметныя тэматычна ілюстраваныя заданні, да канца дня кожны школьнік збірае свой дзённік расліны. Пасля прахо­джання станцый навучэнцы ра­зам запаўняюць асацыятыўную карту, дапамагаюць адно аднаму яшчэ раз усвядоміць і абагульніць тыя адкрыцці, якія яны зрабілі за дзень, каб на завяршэнне з дапамогай карты пашукаць “скарб” і знайсці каштоўнае насенне раслін. У “Прыгоды раслін” могуць гуляць дзеці рознага ўзросту ў групах з рознай колькасцю ўдзельнікаў. Методыка і матэрыялы гульні распрацоўваюцца так, што можна вар’іраваць стратэгію гульні ў залежнасці ад сезона ці канкрэтнай сітуацыі.

— “Прыгоды раслін” распрацоўваліся ў рамках праекта “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”, адзін з кірункаў якога — прадэманстраваць школьнікам патэнцыял агратурызму як сельскага бізнесу, — падкрэсліла каардынатар адукацыйных праграм Беларускага зялёнага крыжа Наталля Святкіна. — Гэта добры прыклад інтэрактыўнай дзейнасці, у тым ліку з турыстамі, у першую чаргу з сямейнай аўдыторыяй. Таму мы разглядаем гульню як вучэбны матэрыял для трэнінгавай праграмы па агратурызме. Пасля апрабацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі (разам з Аршаншчынай піянерамі тут, як плануецца, стануць Ушацкі раён Віцебскай вобласці, Брагінскі і Светлагорскі раёны Гомельскай вобласці) збіраемся прапанаваць наш вопыт да ўкаранення партнёрам праекта з Украіны і Малдовы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Юрцаўскім дзіцячым садам — сярэдняй школай Аршанскага раёна.