Што гэта за сорт — сасна звычайная негарэльская? У чым яго перавагі і асаблівасці? Ці зможам мы ўбачыць яго ў беларускіх лясах? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да Сяргея Уладзіміравіча Рабко, старшага выкладчыка кафедры лясных культур і глебазнаўства лесагаспадарчага факультэта БДТУ. За атрыманне і ацэнку новага для нашай краіны сорту навуковец быў ганараваны стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маладым таленавітым вучоным на 2014 год.
Гісторыя сорту
Сяргей Уладзіміравіч адразу папярэдзіў, што вывядзеннем і вывучэннем сорту сасны негарэльскай займаўся калектыў вучоных кафедры. Гэта і дацэнт Л.Ф.Паплаўская, і дацэнт М.І.Якімаў, і дацэнт Л.М.Сераглазава, і ён сам, старшы выкладчык Сяргей Уладзіміравіч Рабко. І ўклад кожнага з іх у вывучэнне сорту раўназначны.
Праўда, сама гісторыя стварэння сорту пачалася намнога раней. У 1959 годзе Яўген Дзмітрыевіч Манцэвіч (менавіта яго можна лічыць родапачынальнікам вывядзення сорту сасны негарэльскай), які працаваў у БДТУ, з 200 кропак Савецкага Саюза прывёз у Беларусь насенне сосен і высеяў іх у Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе. Выраслі аднагадовыя сеянцы, з якіх былі створаны геаграфічныя культуры першага пакалення. На сёмы год у 6—7 варыянтах з 200 выраслі шышкі з насеннем, з якога атрымаліся геаграфічныя культуры так званага другога пакалення.
“Культуры другога пакалення па росце абганялі мясцовую сасну. Адбываўся працэс гібрыдызацыі, і ў 18-гадовым узросце ў 5 варыянтах з тых, якія давалі насенне, назіраліся гронкі з некалькімі шышкамі. Праз чатыры гады пасля гэтага, у 1986 годзе, Я.Д.Манцэвіч падрыхтаваў чаранкі раслін з гронкамі як з некалькімі шышкамі, так і са звычайнымі, а таксама стварыў гібрыдна-насенную плантацыю. Менавіта з насення гэтай плантацыі вырасла сасна негарэльская, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. Дарэчы, назва сасне была дадзена менавіта па Негарэльскім вучэбна-доследным філіяле БДТУ, адкуль і пайшоў сорт.
Перавагі сасны звычайнай негарэльскай
У чым жа асаблівасць гэтай сасны? Яна мае перавагу па хуткасці росту. У першую палову свайго жыцця, а гэта 45 гадоў, сорт абганяе іншыя па росце на 15—20%. “Зараз актыўна абмяркоўваецца тэма зберажэння паліўных рэсурсаў, пераход на мясцовыя віды паліва. Калі сорт сасны негарэльскай па масе дае прырост большы, павялічваецца колькасць біямасы. Да таго ж лічыцца, што калі ў расліны большы прырост, то ў яе назіраецца павышаная жыццёвасць, менш гінуць сеянцы”, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч.
Акрамя гэтага, сорт адрозніваецца багатым раннім плоданашэннем. Напрыклад, у звычайных сосен першае насенне з’яўляецца ў 20-гадовым узросце, у сасны негарэльскай — у 5-гадовым. Насенне з яе шышак адпавядае першаму класу якасці: мае высокія пасяўныя характарыстыкі, энергію ўсходжасці і прарастання. Да таго ж у сасны негарэльскай часам сустракаюцца гронкі, колькасць шышак на якіх можа дасягаць 32 штук.
Сорт устойлівы і да патагенаў. “У штучных умовах я праводзіў заражэнне насення, сеянцаў. Выбіраў самыя агрэсіўныя патагены, якія сустракаюцца ў лясных гадавальніках Рэспублікі Беларусь. Да такіх адносяцца грыбы з роду Fusarium альбо Alternaria. Так, калі з’яўляецца ўсход з семечка, грыбы з роду Alternaria акружаюць праростак і перакрываюць паступленне пажыўных рэчываў. На працягу тыдня сцяблінка гіне”, — расказвае Сяргей Уладзіміравіч. Сосны гэтага сорту паражаліся менш за іншыя.
Сяргей Уладзіміравіч запэўніў, што з сасны негарэльскай можна нарыхтоўваць, напрыклад, смалу, шкіпінар, каніфоль і нават выкарыстоўваць яе ў лячэбных мэтах.
Сорт ужо вытрымаў кароткачасовыя выпрабаванні, якія цягнуцца 5 гадоў, у Дзяржінспекцыі па выпрабаванні і ахове сартоў раслін. Працяглыя выпрабаванні наперадзе. Выпрабоўваць сорт могуць ажно 15 гадоў. Галоўны вынік, да якога павінна прыйсці камісія: ці пацвярджае сорт заяўленыя характарыстыкі. Па папярэдняй ацэнцы дадзена станоўчае заключэнне.
“Мы стараемся зрабіць так, каб у будучыні гэты сорт вырошчваўся ў кожным лясгасе. Натуральна, што за год гэтага не зробіш — у краіне ажно 100 лясгасаў. Аднак сасна ўжо вырошчваецца ў Іўеўскім, Кобрынскім, Стаўбцоўскім, Старобінскім, Негарэльскім лясгасах, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. — Гэтым сортам цікавяцца і замежнікі. Аб набыцці сасны звычайнай негарэльскай зараз ідуць перамовы з палякамі”, — дзеліцца Сяргей Уладзіміравіч.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.