Ні аб чым у жыцці не шкадую

Ірына Барысаўна Антаненка — творчы настаўнік, шчыры чалавек, добры таварыш. Яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег, вучняў і бацькоў. Стаж яе педагагічнай дзейнасці складае больш за 35 гадоў. Ірына Барысаўна перадае свой вопыт маладым настаўнікам.

Мне пашчасціла працаваць у адным гімназічным калектыве з Ірынай Антаненка. На яе ўроках маладым настаўнікам ёсць чаму павучыцца. Яна эфектыўна выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі актыўнай ацэнкі, крытычнага мыслення. Прыемна, што да яе заўсёды можна звярнуцца па параду, дапамогу.

Ірына Барысаўна нарадзілася ў Нарыльску Краснаярскага краю ў сям’і настаўніцы пачатковых класаў і выпускніка Рыжскага авіяцыйнага вучылішча. У 1980 годзе сям’я пераехала ў Віцебск. З дзяцінства дзяўчынка бачыла, як маці рыхтуецца да ўрокаў, ведала, колькі цярпення і душэўнай цеплыні патрабуе прафесія настаўніка пачатковых класаў. Педагог прыгадвае, што заўсёды дапамагала маці ў вырабе наглядных сродкаў, правя­дзенні пазакласных мерапрыем­стваў,  таму выбар прафесіі быў невыпадковым. Ірына Барысаўна прадоўжыла дынастыю настаўнікаў.

Шлях да прафесійнага прызвання быў для яе няпросты. У 1985 годзе І.Б.Антаненка скончыла Віцебскі дзяр­жаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава па спецыяльнасці “Настаўнік хіміі і біялогіі”, а затым, у 1994 годзе, — Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”. Па словах Ірыны Барысаўны, дзіцячая мара стаць педагогам здзейснілася, кожны дзень сваёй працы яна адчувае радасць ад добразычлівых зносін са сваімі вучнямі.

У гімназіі № 3 Віцебска І.Б.Антаненка працуе з 1986 года. Спачатку была выхавальніцай групы прадоўжанага дня, а з 1991 года стала настаўніцай пачатковых класаў. За час работы яна зарэкамендавала сябе вопытным, адказным педагогам. Ірына Барысаўна — настаўніца вышэйшай катэгорыі, мае высокую навукова-тэарэтычную падрыхтоўку, валодае сучаснымі тэхналогіямі навучання і выхавання. Усё гэта дапамагло ёй ства­рыць сваю дыдактычную сістэму: кожны яе ўрок ператвараецца ў дзелавое супрацоўніцтва настаўніка і вучня. Урокі педагога адрозніваюцца лагічнасцю, паслядоўнасцю, высокай матывацыяй дзяцей да вучэбнага працэсу.

Пра паказчыкі работы сведчыць высокі ўзровень вынікаў навучэнцаў на інтэлектуальных конкурсах, прадметных алімпіядах. Так, у 2018/2019 навучальным годзе вучні яе класа атрымалі тры дыпломы па рускай мове, тры — па беларускай, два — па матэматыцы на гімназічным этапе прадметных алімпіяд. На раённай алімпіядзе па беларускай мове выхаванцы Iрыны Барысаўны атрымалi дыплом II ступенi і два дыпломы III ступенi. Настаўнiца вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю ў дзяцей даследчыцкай культуры. Яе вучні кожны год становяцца пераможцамі гімназічнага конкурсу “Вернiсаж даследчых работ i творчых праектаў”.

На працягу 11 гадоў І.Б.Антаненка ўзна­чальвала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў. Пасяджэннi гімназічных, раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў, якія арганізоўвала педагог, праходзілі на высокім узроўні, садзейнічалі творчаму росту ўдзельнікаў, авалоданню імі тэорыяй і практыкай сучасных педагагічных тэхналогій.

Трэба адзначыць, што І.Б.Антаненка вельмі чулы, душэўны чалавек. Яна піша вершы пра прыгажосць Віцебскага краю, пра сваіх сяброў, падарожжы. Неаднаразова прымала ўдзел у абласным  конкурсе паэтычных твораў “Рыфма.by”.

У Год малой радзімы Ірына Барысаўна аддае перавагу краязнаўчаму прынцыпу работы з навучэнцамі: паглыбленню гістарычных ведаў, вывучэнню традыцый, культуры Віцебшчыны. Гімназістам няма калі сумаваць. Сярод пазакласных мера­прыемстваў, якія педагог праводзіць з навучэнцамі, — экскурсіі, квесты, конкурс фотаздымкаў “Я з Віцебска”, культурна-пазнавальная гульня “Па вуліцах роднага горада”.

У 2017 годзе наша гімназія адзначыла 10 гадоў з дня прысваення ганаровага звання імя А.С.Пушкіна. Вучні малодшых класаў удзельнічалі ў тэатралізаванай пастаноўцы, у выставе мастацкіх работ “У майстэрні цудоўных казак”. Навучэнцы Ірыны Барысаўны былі ўзнагароджаны дыпломамі I і II ступені па выніках конкурсу чытальнікаў вершаў А.С.Пушкіна.

Настаўніца значную ўвагу ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Пад кіраўніцтвам Ірыны Барысаўны друга­класнікі ўдзельнічалі ў гімназічным праекце “Эстафета патрыятычных спраў”, а на выставе-конкурсе “Паштоўка ветэрану” іх ўзнагародзілі дыпломамі I і II ступені.

Выхаванню ў дзяцей дабрыні спрыяе ўдзел вучняў у справах цімураўскага атрада “Агеньчык”. Так, навучэнцы 3 класа далучыліся да акцый “Нашы дзеці”, “Цуды на Каляды”, дапамагалі выхаванцам Віцебскага дома дзіцяці, Віцебскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-разві­ццёвага навучання і рэабілітацыі.

Як класны кіраўнік Ірына Барысаўна імкнецца аб’ядноўваць дзіцячы калектыў. Традыцыйным стала правядзенне бацькоўскіх гасцёўняў, тэматычных пазакласных мерапрыемстваў. Дзякуючы нала­джанай сістэме ўзаемадзеяння з законнымі прадстаўнiкамi вучняў, бацькі зацікаўлены і ўключаны ў выхаваўчы працэс і жыццё класа.

Сваім педагагічным вопытам і дасягненнямі І.Б.Антаненка дзеліцца з калегамі. У 2017/2018 навучальным годзе на раённым конкурсе прафесійных дасягненняў “Педагагічная панарама” за распрацоўку ўрока па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” яе ўзнагародзілі дыпломам III ступені. На абласным конкурсе па стварэнні відэаўрокаў Ірыну Барысаўну адзначылі дыпломам I ступені.

За шматгадовую, плённую працу настаўніцу неаднаразова ўзнагаро­джвалі граматамі і дыпломамі гарадскога, раённага і абласнога ўзроўняў. У 2007 і 2018 годзе Ірыне Барысаўне ўручалі Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Зараз, азіраючыся назад, І.Б.Анта­ненка гаворыць: “Ні аб чым не шкадую ў жыцці. Лічу, што прафесія педагога — гэта маё прызванне, мой жыццёвы шлях. Работа з вучнямі прыносіць радасць і задавальненне. Прыемна ведаць, што мае выпускнікі сталі дастойнымі людзьмі. Кожны з іх выбраў для сябе прафесію па душы. Але для мяне галоўнае, што яны сталі добрымі людзьмі, якія здольны дапамагаць і спачуваць іншым. Цяпер выпускнікі прыводзяць вучыцца ў гімназію сваіх дзяцей. Значыць, давяраюць. Часам становіцца крыху сумна, што гады ляцяць, што было ўжо шмат выпускаў, але гэтыя гады былі напоўнены радасцю адкрыццяў, дасягненняў вучняў, дзіцячымі ўсмешкамі і пазітывам”.

Жыццё працягваецца! Новае пакаленне навучэнцаў патрабуе іншых падыходаў, метадаў, тэхналогій. Настаўнік павінен быць сучасным, цікавым для сваіх вучняў, ісці ў нагу з часам. Але, па меркаванні Ірыны Барысаўны, нязменнымі ў рабоце настаўніка пачатковых класаў застаюцца прапісныя ісціны: любоў да дзяцей, правядзенне цікавых урокаў, веданне ўзро­ставай псіхалогіі, павага і супрацоўніцтва з бацькамі і, канечне, дабрыня.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.