Ні адно прадпрыемства не завышае цэны неабгрунтавана

- 10:31Інфармацыйная гадзіна

Цэнавая сітуацыя ў Беларусі стабільная, заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч.

“Цэнавая сітуацыя ў краіне стабільная. Працягваецца інтэнсіўная работа з прадпрыемствамі натуральных манаполій, прадпрыемствамі-дамінантамі. Цяпер у індэкс спажывецкіх цэн натуральныя манаполіі ўносяць уклад у памеры 1,04% з 2,5% інфляцыі, атрыманай за першы квартал. Свабодны рынак, або прадпрыемствы, якія працуюць у канкурэнтным асяроддзі, унеслі ўклад 1,46%”, — паведаміў Уладзімір Калтовіч.

Паводле яго слоў, у пералік арганізацый, якія займаюць дамінуючае становішча, унесены больш за 600 прадпрыемстваў (гэта тыя, удзельная вага якіх на таварных рынках складае больш за 35 працэнтаў). “Гэты пералік пастаянна мяняецца. У мінулым годзе прааналізавалі больш за 150 таварных рынкаў і ўключылі ў дамінанты больш за 130 прадпрыемстваў, пры гэтым выключылі 55”, — удакладніў міністр.

Уладзімір Калтовіч адзначыў, што ўключэнне ў пералік дамінантаў дае права ўстанаўліваць цэнавае рэгуляванне іх работы ў адпаведнасці з Законам “Аб цэнаўтварэнні”. “Свабодны рынак працуе, мы не ўмешваемся ў змяненні цэн. Тут дзейнічаюць канкурэнтныя ўмовы, колькасць прадпрыемстваў, прапануемая прадукцыя ствараюць сітуацыю спаборнасці. Ніводнае прадпрыемства не завышае цэны неабгрунтавана”, — падкрэсліў міністр.

Павысіць эфектыўнасць маніторынгу цэнавай сітуацыі ў Беларусі прызначана пагадненне аб узаемадзеянні ў інфармацыйным абмене паміж Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Асацыяцыяй рознічных сетак, якое падпісалі Уладзімір Калтовіч і выканаўчы дырэктар асацыяцыі Наталля Шаблінская.