Ні адной абгрунтаванай скаргі

- 16:57Выбары 2015

У ЦВК пакуль не паступіла ні адной абгрунтаванай скаргі. Аб гэтым паведаміла 27 ліпеня на семінары для ідэалагічнага актыву Мінска старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына, інфармуе БелТА.

У Цэнтрвыбаркам паступіла адна скарга. Яна датычылася таго, што аднаму з патэнцыяльных кандыдатаў у Прэзідэнты адміністрацыя гандлёвага дома “Ждановічы” не дазволіла збіраць подпісы на тэрыторыі рынку. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, паўплываць на гэта рашэнне нельга, паколькі кіраўнік прадпрыемства мае права забараніць збіраць подпісы на тэрыторыі рынку.
У размове з журналістамі старшыня ЦВК Беларусі падкрэсліла, што інфармацыя, якая паступае ад членаў ініцыятыўных груп, сведчыць, што подпісы ім збіраць камфортна.
Лідзія Ярмошына таксама адзначыла, што наглядальнікамі пры Цэнтрвыбаркаме акрэдытаваны па адным прадстаўніку Камуністычнай і Ліберальна-дэмакратычнай партый Беларусі.
Раней пры Цэнтральнай камісіі таксама былі акрэдытаваны прадстаўнікі РГА “Белая Русь” Сяргей Пігараў, Беларускага хельсінкскага камітэта Дзмітрый Чарных, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Эдуард Нарышкін, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Еўдакімчык, Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук.
Згодна з Выбарчым кодэксам вылучаць сваіх наглядальнікаў для акрэдытацыі пры ЦВК могуць афіцыйна зарэгістраваныя ў краіне палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні.
Доўгатэрміновая місія СНД да 12 жніўня плануе пачаць назіранне за выбарамі Прэзідэнта Беларусі, паведаміла таксама на семінары для ідэалагічнага актыву Мінска старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.
Паводле інфармацыі Выканкама Садружнасці Незалежных Дзяржаў, адкрыць місію плануецца не пазней за 12 жніўня. Узначаліць яе старшыня Выканаўчага камітэта – выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Да канца жніўня ў рэспубліку прыбудуць доўгатэрміновыя наглядальнікі ад АБСЕ.
Як адзначыла Лідзія Ярмошына, значна больш у Беларусі будзе зарэгістравана нацыянальных наглядальнікаў. Напрыклад, за ходам правядзення выбараў у 2010 годзе сачылі амаль 35 тыс. нацыянальных наглядальнікаў.
Яна нагадала ідэалагічнаму актыву сталіцы, што нацыянальнымі наглядальнікамі могуць быць не толькі члены працоўных калектываў, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, але і іх прадстаўнікі. Так, любое грамадскае аб’яднанне мае права накіраваць весці назіранне ад яго імя нават тых грамадзян, якія не з’яўляюцца членамі арганізацыі.
Выбары Прэзідэнта Беларусі адбудуцца 11 кастрычніка 2015 года. Калі спатрэбіцца другі тур галасавання, то ён пройдзе не пазней за 25 кастрычніка.
Цяпер у краіне ідзе збор подпісаў у падтрымку вылучэння патэнцыяльных кандыдатаў. У гэтай рабоце задзейнічаны восем ініцыятыіных груп.