Ні адзін школьнік не застаўся без увагі

1 мая міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў сталічную школу № 64, дзе пазнаёміўся з арганізацыяй вучэбнага працэсу, пагутарыў з педагогамі і вучнямі.

Міністр пабываў на ўроках матэматыкі, беларускай мовы, біялогіі, пацікавіўся, як школа забяспечана неабходнымі дэзын­фіцыруючымі сродкамі.У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай прысутнасць вучняў была невялікая. Настаўнікі расказалі, якім чынам яны арганізоўваюць вучэбны працэс для тых, хто ў класе, і для тых, хто застаўся дома. У педагагічным арсенале самыя розныя вучэбныя платформы і сацыяльныя сеткі. “Усё залежыць ад магчымасцей і пажаданняў дзяцей”, — заўважылі педагогі. У такіх умовах важнымі становяцца гнуткасць і мабільнасць як з боку педагагічнага калектыву, так і з боку вучняў. “Пакуль спраўляемся”, — запэўнілі ў сярэдняй школе № 64 Мінска.

“Дыстанцыйная адукацыя наў­рад ці заменіць жывыя зносіны і класна-ўрочную сістэму, — сказаў Ігар Карпенка. — Дыстанцыйная адукацыя — гэта не панацэя. Класна-ўрочнай сістэма сябе не зжыла, яна будзе працягваць існаваць і развівацца”.

Дырэктар навучальнай установы Святлана Пашкова паведаміла, што педагогі школы ў новых умовах імкнуцца выкарыстоўваць максімум магчымасцей інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. “Мы стварылі сваю карпаратыўную платформу, працуем з Google-дыскам, выкарыстоўваем Moodle, зваротная сувязь з вучнямі арганізавана праз электронную пошту, сацыяльныя сеткі (“УКантакце”). З інтэрнэт-рэсурсамі праблем у нас няма. Кожны настаўнік валодае неабходнымі ўменнямі, а калі іх не хапае, то вельмі аператыўна на дапамогу прыходзіць наш інжынер-праграміст.

Кожную суботу арганізоўваем дадатковыя вучэбныя заняткі, падтрымліваючыя, стымулюючыя ўрокі, калі дзеці могуць прыйсці і папрацаваць з педагогам індывідуальна (адказаць па вывучаным самастойна матэрыяле, задаць пытанні). Дапамога педагога заўсёды важная і актуальная і яна ніколі не заменіць ніякі гаджэт. Жывая, эмацыянальная сувязь з настаўнікам заўсёды матывуе і натхняе”, — адзначыла дырэктар.

Паводле слоў міністра, сённяшняя сітуацыя паказала, што дыстанцыйную сістэму неабходна выкарыстоўваць для найноўшых тэхналогій. “IT-тэхналогіі могуць выкарыстоўвацца. Сёння з’яўляюцца новыя тэхналогіі — робататэхніка, індустрыя 4.0. Але каб кіраваць і кантраляваць усе гэтыя працэсы, усё роўна патрэбен інтэ­лект чалавека”, — падкрэсліў ён.

Ігар Карпенка нагадаў, што школа выконвае не толькі функцыю перадачы інфармацыі. “Гэта яшчэ і пытанні выхавання, фарміравання камунікатыўных навыкаў, уменні мець зносіны ў сваім калектыве, у рознаўзроставых калектывах — з дарослымі, настаўнікамі, бацькамі, гэта набыццё нейкага сацыяльнага вопыту. Вы ўсе вучыліся ў школе і разумееце, што гэта такое. Адна справа, калі ты пастаянна знаходзішся дома і маеш зносіны ў нейкім вузкім коле, і зусім іншая — калі ў цябе больш шырокае кола для зносін”, — дадаў ён.

Міністр падкрэсліў, што ў Беларусі ні адзін школьнік не застаўся без увагі. “Можа, наведвальнасць школ сёння невялікая, але разам з тым, я лічу, мы ніводнае дзіця не пакінулі без увагі, — сказаў міністр. — Сёння ў прэсе шмат укідаў наконт атэстацыі. Хай бацькі не хвалююцца — мы ўсіх атэстуем. Для гэтага бацькам і навучэнцам трэба ў цесным кантакце са школай вырашаць гэтыя пытанні. Уся неабходная нарматыўная база і дакументы для гэтага ёсць”.

Сярэдняя школа № 64 Мінска была выбрана для наведвання невыпадкова. Яна пачала дзейнічаць пасля капітальнага рамонту. “Мне было важна паглядзець на гэтую школу, бо падчас рамонту яна працавала на адсяленні. Актуальнай задачай было захаванне цэласнасці педагагічнага калектыву, таму што настаўнікі паралельна працавалі на пляцоўках некалькіх іншых школ.

Цяпер мы бачым, што тут са­праўды ёсць калектыў аднадумцаў. Гутарка з настаўнікамі паказвае, што яны разумеюць тыя мэты і задачы, якія стаяць сёння перад сістэмай адукацыі. Вядома ж, гэта пытанні якасці адукацыі, сацыялізацыі і выхавання падрастаючага пакалення, пастаяннае ўдасканаленне настаўніцкіх методык”, — адзначыў міністр.

Пасля капітальнага рамонту сярэдняя школа № 64 стала не толькі прыгожай — яна была перааснашчана і ўкамплектавана новым вучэбным абсталяваннем. Цяпер у 64-й школе ў кожным кабінеце — камп’ютарная тэхніка, ёсць два камп’ютарныя класы, абноўлены спартыўныя пляцоўкі, з’явілася яшчэ адна гімнастычная зала для вучняў пачатковых класаў. Створаны камфортныя ўмовы для груп прадоўжанага дня, з’явіліся спальні для вучняў 1-х класаў. Акрамя таго, у школе цяпер ёсць вялікая сталовая. Калі раней яна была на 56 месцаў, то пасля капітальнага рамонту — на 150, ды яшчэ і з буфетам.

Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню кваліфікацыі педагогаў. “Многія настаўнікі ў сістэме перападрыхтоўкі кваліфікацыі зараз праходзяць адпаведныя курсы. Каля 95% з іх прайшлі навучанне па сучасных камп’ютарных тэхналогіях. Уся гэтая сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй, дарэчы, падштурхнула школы да таго, што яны значна хутчэй сталі ствараць так званыя вучэбна-метадычныя комплексы.

Так, ёсць цэнтралізаваны адукацыйны партал Міністэрства адукацыі, метадычныя дапаможнікі, падручнікі, але прафесія настаўніка творчая, і кожны педагог мае свае цікавыя напрацоўкі. Гэта ві­дэаўрокі, спецыялізаваныя заданні, тэсты, цікавыя гульнявыя і адукацыйныя методыкі”, — адзначыў міністр.

Ён падкрэсліў: важна, калі школа назапашвае такі перадавы вопыт. “Гэта варта таго, каб вывучаць, аналізаваць і выкарыстоўваць як прагрэ­сіўны вопыт для іншых устаноў адукацыі. Я адчуў, што тут працуе такі калектыў, які здольны прапанаваць новыя ідэі і напрацоўкі”, — рэзюмаваў міністр адукацыі.

У сувязі са святам працы Ігар Карпенка павіншаваў калектыў сярэдняй школы № 64 Мінска і ўручыў падарунак — мультыборд. Да віншаванняў міністра далучылася старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч, якая ўручыла педагогам грашовы сертыфікат. 

Адказваючы на пытанні журналістаў, Ігар Карпенка адзначыў, што пытанне пераносу ЦТ пакуль не разглядаецца. “Мы працуем у цесным кантакце з Міністэрствам аховы здароўя. Усе рэкамендацыі стараемся выконваць. Калі бу­дзе неабходнасць перанесці правя­дзенне ЦТ на нейкія іншыя тэрміны, мы гатовы абмяркоўваць гэтыя пытанні”, — паведаміў міністр.

Паводле яго слоў, любая інфармацыя да абітурыентаў бу­дзе даводзіцца своечасова. “Сёння пакуль няма неабходнасці рабіць якія-небудзь заявы аб пераносе ўступнай кампаніі. Каб абітурыенты не хваляваліся, я пра гэта гаварыў раней: ніякіх істотных змен у правядзенні ўступнай кампаніі ў нас не будзе, — адзначыў Ігар Карпенка. — Мы фактычна ўжо ўступілі ў гэтую кампанію. Вызначаны лічбы прыёму, яны ўжо вывешаны ў разрэзе спецыяльнасцей на сайтах устаноў вышэйшай адукацыі, зацверджаны парадкі прыёму ва УВА.

Калі будзе неабходнасць перанесці тэрміны ўступнай кампаніі, у нас ёсць пэўны зазор, на які можам пайсці. Усе гэтыя пытанні мы ўважліва адсочваем, абмяркоўваем сумесна з зацікаўленымі ведамствамі. Калі будуць прыняты рашэнні, мы пра гэта паведамім”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.