Ні дня без пошуку

Лепшыя пошукавыя атрады вызначаны ў рамках патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”. У кожнай са 179 конкурсных работ, накіраваных у Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (на сайце ўстановы можна азнаёміцца з вынікамі конкурсу), — малавядомыя факты з баявога шляху воінскіх фарміраванняў, аповеды пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Як захаваць іх подзвіг у народнай памяці? Пра гэта раскажуць прызёры конкурсу з гімназіі № 1 Любані і Старасельскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шклоўскага раёна.

Чым далей падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш актуальнай становіцца дзейнасць пошукавых атрадаў. Кожнае слова прадстаўнікоў ваеннага пакалення, запісанае юнымі пошукавікамі, з гадамі набывае асаблівае гучанне. Ветэраны, на жаль, ад нас адыходзяць, дзеці вайны таксама паміраюць, нават дзеці дзяцей вайны ўжо ў паважаным узросце. Для таго каб эстафета гістарычнай памяці не перарывалася, і працу­юць пошукавыя атрады: у архівах, інтэрнэце, падчас экспедыцый. Слова “працуюць” ужыта невыпадкова. Збор матэрыялаў па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны, калі з яе пачатку мінула ўжо 80 гадоў, — гэта няпростая, адказная і вельмі важная праца.

“Вайна… Якое маленькае слова і які няпросты яго сэнс. Пяць літар, дзе зліліся ў адно смерць, голад, пакуты, крыкі, выбухі. Няма слова больш страшнага, бязлітаснага і разбуральнага. Нам пашанцавала. Мы не бачылі вайны. Здаецца, са старонак кніг мы ведаем пра Вялікую Айчынную вайну ўсё, а на самай справе не ведаем нічога. Мы дзеці не той эпохі, але ў нашых сілах зберагчы і захаваць памяць пра тую неверагодную сілу чалавечага духу і веру ў перамогу. Для нас важна аберагаць яшчэ жывых ветэранаў, якіх, на жаль, з кожным днём усё менш і менш. А нас, пошукавікаў, становіцца больш. Мы працягваем нашу гісторыю, вывучаем і шукаем, бо ўсе мы — адзіная сям’я, дзе няма месца забыццю”, — паведамілі юныя пошукавікі з гімназіі № 1 Любані.

Вывучаюць, шукаюць, знаходзяць звесткі пра лёс землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны любанскія вучні і настаўнікі ўжо больш за 60 гадоў. Менавіта столькі часу дзейнічае група “Пошук”, якая з’яўляецца адной з найстарэйшых у краіне. А пачалося ўсё з наведвання партызанскага вострава Зыслаў. Папярэднічала гэтаму сустрэча вучняў сярэдняй школы № 2 Любані (сёння гімназія № 1. — Заўв. аўт.) з былым партызанам Сцяпанам Іванавічам Ісайкам. Ён зацікавіў суразмоўцаў інфармацыяй пра тое, што на легендарным востраве ў брацкай магіле пахаваны “чэх Юра”. Адразу ж узніклі пытанні: “Кім быў гэты баец? Дзе ён жыў да вайны? Як загінуў? Ці можна знайсці яго родных?”

Гэта цяпер на дапамогу пошукавікам у першую чаргу прыхо­дзяць google, сайты ваеннай тэматыкі. А ў тыя часы вучні звярталіся спачатку ў ваенкаматы і бібліятэкі. Удзельнікам групы “Пошук” удалося высветліць, што ў партызанскім атрадзе імя Громава брыгады імя Чкалава змагаліся славацкія партызаны. Каб даведацца пра іх лёс, вучні напісалі на іх даваенныя адрасы. Адказаў толькі Марцэл Крупчык. Ён даслаў у 2-ю любанскую школу свае фатаграфіі, фотакопіі партызанскіх дакументаў. На жаль, пра “чэха Юру” ён нічога не ведаў. Пошук працягнуўся… Вучні сустракаліся з былымі партызанамі, была атрымана інфармацыя, што славакі змагаліся яшчэ і ў брыгадзе імя Панамарэнкі. І вось удача! Любанскім пошукавікам пашчасціла сустрэцца з чалавекам, які быў з “чэхам Юрам” у разведцы каля вёскі Шыпілавічы, дзе знаходзіўся нямецкі гарнізон. На жаль, тады ў баі і загінуў Юра. Пазней яго перапахавалі на Зыславе. Знайсці родных байца і наладзіць з імі перапіску дапамог былы партызан атрада імя Астроўскага, славак, які ваяваў на Случчыне. Родныя Юры былі ўзрушаны лістом ад любанскіх вучняў. Як высветлілася, яны не ведалі, дзе пахаваны хлопец і падзякавалі за догляд магілы.

“Наша пошукавае аб’яднанне створана ў 1960-я гады. Першым яго кіраўніком была настаўніца гісторыі Ірэна Барысаўна Лебедзева. Гэта заслужаны настаўнік БССР, выдатнік народнай адукацыі БССР. Пад яе кіраўніцтвам за некалькі дзесяцігоддзяў групай “Пошук” быў сабраны велізарны матэрыял: падрабязныя звесткі пра партызанскія брыгады, што дзейнічалі на Любаншчыне, пра іх байцоў (у тым ліку са Славакіі), пра маскоўскіх камсамольцаў атрада імя Мікалая Гастэлы, пра былую настаўніцу партызанку Феню Конанаву, партызанку Рыму Шаршнёву, якая паўтарыла подзвіг Матросава ў снежні 1942 года. Дарэчы, імя Рымы Шаршнёвай ужо многія гады звязвае нашу ўстанову з гімназіяй № 25 Мінска.

Сёння адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці пошукавага атрада — удзел у вахтах памяці, збор успамінаў сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Нашы вучні вывучаюць архіўныя дакументы і карты, матэрыялы сямейных архіваў, сустракаюцца з ветэранамі і старажыламі. У 2019 годзе з мэтай вывучэння і папулярызацыі помнікаў Любаншчыны, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, і ўключэння іх у турысцка-краязнаўчыя маршруты з дапамогай сэрвісу googlemaps была створана інтэрактыўная карта “Маякі памяці Любаншчыны”. Карта размешчана ў адкрытым доступе. З яе дапамогай можна самастойна спланаваць экскурсію або турыстычны маршрут па тэмах “Любаншчына партызанская”, “Падпольшчыкі Любаншчыны”, “Любаншчына гераічная” і г.д. На аснове сабраных матэрыялаў была створана “Кніга памяці” гімназіі № 1 Любані, якая размешчана на сайце ўстановы”, — паведаміла кіраўнік групы “Пошук” Вольга Анатольеўна Папова.

Работа над “Кнігай памяці” працягваецца. Па словах педагога, у ёй будзе дабаўлена глава, пры­свечаная сямейным рэліквіям часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая ідэя ўзнікла невыпадкова. Вывучаючы сямейныя архівы, юныя пошукавікі выявілі рэчы, якія дапамаглі людзям выжыць у часы ваеннага ліхалецця. Гэта і звычайная лыжка, з якой баец прайшоў усю вайну, і нават Біблія, якая выратавала жыццё яе ўладальніку падчас карнай аперацыі, пра што сведчыць адтуліна ад кулі.

У адрозненне ад любанскай групы “Пошук” гісторыя атрада “Патрыёт” Старасельскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шклоўскага раёна налічвае ўсяго 11 гадоў. Аднак па колькасці сабранага матэрыялу, тэматыцы даследаванняў Вялікай Айчыннай вайны старасельскія пошукавікі не ўступаюць сваім любанскім калегам. Па словах кіраўніка “Патрыёта” Ірыны Уладзіміраўны Гапеевай, атрад быў створаны ў 2009 годзе пры школьным краязнаўчым музеі і ўвахо­дзіць у склад навукова-творчага аб’яднання “Пошук”. Акрамя традыцыйных для любога пошукавага аб’яднання экскурсій па месцах баявой славы, сустрэч і гутарак са старажыламі, прадстаўнікамі ваеннага пакалення, работы з архіўным матэрыялам, старасельскія пошукавікі цесна супрацоўнічаюць з раённым пошукавым аб’яднаннем “Мемарыял” і абласным “Віккру”.

У першы ж год дзейнасці “Патрыёта” старасельскія школьнікі разам з “Віккру” ўстанаўлівалі імёны салдат, пахаваных у брацкай магіле ў цэнтры вёскі. Доўгі час ­(з моманту ўсталявання на магіле ў 1957 го­дзе абеліска) са 110 чырвонаармейцаў, пахаваных тут, былі вядомы імёны толькі 38. Пасля таго як пачаў функцыянаваць АБД “Мемарыял” і ў пошукавікаў з сельскай мясцовасці з’явіўся доступ да архіўных матэрыялаў, з пашпарта вайсковага пахавання вучні атрымалі спіс воінаў, пахаваных у Стараселлі. У спісе былі пазначаны даты нара­джэння і гібелі, званні. Вучні зверылі спіс, пазначаны на мармуровай пліце брацкай магілы, з рознымі інтэрнэт-крыніцамі. Так было выяўлена 31 раней невядомае вяскоўцам прозвішча чырвонаармейцаў, пахаваных у Стараселлі. Пераважна гэта байцы 4-й гвардзейскай мотастралковай Смаленскай брыгады. У 2012 годзе падчас рэканструкцыі мемарыялу была ўсталявана дадатковая пліта з 52 імёнамі чырвонаармейцаў. Гэтыя імёны ўзнавілі старасельскія школьнікі.

“Сёння цэнтральная плошча нашага аграгарадка носіць імя 4-й гвардзейскай мотастралковай Смаленскай брыгады. Наогул, на тэрыторыі Александрыйскага сельсавета, куды ўваходзяць тэрыторыя былога Старасельскага сельсавета і мікрараён нашай школы, знаходзіцца 9 помнікаў гісторыі. З іх тры брацкія пахаванні ўключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы нашай сумеснай з “Віккру” рабоце былі ўстаноўлены ўсе імёны салдат, пахаваных у гэтых брацкіх магілах. Разам з педагогамі школы і юнымі пошукавікамі працягваецца ўстанаўленне імён салдат, якія загінулі на тэрыторыі Шклоўскага раёна. Так, у 2016 годзе Мікалай Ула­дзіміравіч Беляковіч на школьнай навукова-практычнай канферэнцыі “Ведай і любі свой край” перадаў у наш музей знойдзены ім на тэрыторыі Стараселля ордэн Чырвонай Зоркі. Нам удалося вызначыць, што магчымымі ўладальнікамі гэтага ордэна з’яўляюцца Аляксей Сяргеевіч Смірноў або Мікалай Іванавіч Брэ­дзіхін, якія загінулі ў Стараселлі. Цяпер пошукавы атрад вядзе работу па вызначэнні імя загінуўшага байца, узнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі, які знайшла на сваім участку жыхарка вёскі Смалянцы”, — паведаміла член пошукавага атрада “Патрыёт” настаўніца Ганна Сяргееўна Дзядкова.

Па словах яшчэ аднаго педагога-пошукавіка Кацярыны Васільеўны Ракіцкай, новыя звесткі пра ўраджэнца вёскі Баркі Шклоўскага раёна, лётчыка-знішчальніка, Героя Савецкага Саюза, які загінуў у небе над Сталінградам, Мікалая Аляксандравіча Карначонка старасельскія вучні і настаўнікі даведаліся, працуючы над праектам “Узлятаў, каб перамагаць”. Падчас экскурсіі па мясцінах, звязаных з імем героя, пошукавікі наведалі Аршанскі мясакансервавы камбінат, які насіў імя М.А.Карначонка, а таксама Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання, дзе ў музеі ўстановы абсталявана экспазіцыя ў гонар адважнага земляка. Ганарацца старасельскія пошукавікі і былым настаўнікам школы ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Іванам Пятровічам Якаўлевым. Яму пры­свечана даследчая работа. Асобным блокам дзейнасці атрада з’яўляецца вывучэнне баявога шляху партызанскай брыгады “Чэкіст”. У 2015 го­дзе старасельскія настаўнікі і вучні абнавілі зямлянку паблізу вёскі Хацькова, а таксама памятны знак, які сведчыць пра тое, што ў гэтых лясах на тэрыторыі Круглянскага, Шклоўскага і Талачынскага раёнаў дзейнічала партызанская брыгада “Чэкіст”. У 2020 годзе абноўлены і сімвалічны помнік ураджэнцу Стараселля, камісару гэтай брыгады.

“Калі нам неабыякавая свая будучыня і будучыня нашай краіны, будзем захоўваць памяць пра по­дзвігі продкаў і перадаваць яе наступным пакаленням, адкрываць новыя старонкі гісторыі малой ра­дзімы і ўсведамляць сябе часцінкай гераічнага народа”, — падзялілася кіраўнік атрада “Патрыёт” Ірына Уладзіміраўна Гапеева.

Можа, гэтыя словы і гучаць крыху ўзнёсла, аднак работа, якой займаюцца ўдзельнікі пошукавых атрадаў, — надзённая і вельмі важная. Сапраўды, калі мы будзем абыякавымі да нашага гераічнага мінулага, якой жа будзе наша будучыня?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіваў устаноў адукацыі.