Нядаўна мы расказвалі пра подзвіг обальскіх падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёння даведаемся пра школьнае асяроддзе, у якім выхоўваліся будучыя героі.
Характар, унутраны свет чалавека, яго паводзіны ў многім залежаць ад сямейнага і школьнага выхавання, адлюстроўваюць каштоўнасці, закладзеныя бацькамі і настаўнікамі… Калі знаёмішся з кароткім, але яркім, напоўненым гераічнымі ўчынкамі жыццём удзельнікаў антыфашысцкай падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, то разумееш: выхаваўчая работа ў Обальскай школе ў даваенныя гады (як, дарэчы, і ва ўсе часы) праводзілася на высокім узроўні.
Сучасны будынак Обальская сярэдняй школы
У першую чаргу здзіўляе насычанасць школьнага жыцця. Вось што паведаміла, праводзячы экскурсію па музеі гісторыі Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай Шумілінскага раёна, яго кіраўнік Таццяна Уладзіміраўна Гудзімава:
— У 1924-м у былым будынку фон Амбургера была адкрыта школа сялянскай моладзі. Акрамя асноўных прадметаў, падлеткі вывучалі сельскагаспадарчыя дысцыпліны. Абавязковай была праца на агародах. Тагачасны вучань Піліп Іванавіч Лузгін успамінаў: “Мы вучыліся працуючы, былі земляробамі, жывёлаводамі і садаводамі”.
Залатымі літарамі ў летапіс Обальскай школы ўпісана дзейнасць яе былога дырэктара Дзмітрыя Стахіевіча Ляшчынскага, які кіраваў установай у 1931—1938 гадах. Каштоўнасць яго ўспамінаў у тым, што па іх можна даведацца пра жыццё школы сялянскай моладзі не толькі ў Обалі, паколькі ўстановы адукацыі такога тыпу актыўна адкрываліся на тэрыторыі ўсяго БССР. Асноўная мэта іх дзейнасці — прапаганда перадавых на той час агратэхнічных прыёмаў вядзення сельскай гаспадаркі.
Настаўніца гісторыі невыпадкова адзначыла, што, акрамя асноўных школьных прадметаў, такіх як матэматыка, літаратура, мова і інш., вучням выкладаліся спецыяльныя дысцыпліны. Засвойваючы вучэбную праграму сямігодкі, хлопцы і дзяўчаты адначасова атрымлівалі пачатковую агранамічную адукацыю.
Але не толькі разнастайнасцю і аб’ёмам ведаў вылучаліся школы сялянскай моладзі. Важным быў і выхаваўчы аспект іх дзейнасці. Заняткі ў такіх установах выхоўвалі пачуццё калектывізму, гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці на дапамогу таварышу. Неабыякавасць, працавітасць, добразычлівасць, таварыскасць — вось асноўныя рысы характару, якія сфарміравала ў будучых удзельнікаў антыфашысцкага падполля вучоба ў школе сялянскай моладзі.
Аповед Таццяны Уладзіміраўны дапоўніла юны экскурсавод вучаніца 7 класа Вераніка Болдыш. Па словах дзяўчынкі, школа размясцілася ў былым памешчыцкім доме. У 1924 годзе палац выглядаў ужо не так шыкоўна, як пры першых гаспадарах: не было аконных рам, дзвярэй, нават печы былі разбураны. Аднак за некалькі гадоў настаўнікі і вучні разам аднавілі будынак, які стаў сапраўдным школьным палацам.
А яшчэ гэта была сапраўдная доследная станцыя, пра што сведчаць наступныя факты: школе было выдзелена 40 га зямлі, 10 га саду, жывёла, сельгасінвентар, багатая калекцыя насення. Тут нават дзейнічаў апорны пункт Беларускай навукова-даследчай бульбяной станцыі. Пасля 5—6 гадзін вучобы дзяцей чакаў абед, адпачынак, а потым столькі ж часу яны працавалі на палях, у садзе, даглядалі жывёлу. Узнікае цалкам лагічнае пытанне: калі ж дзеці выконвалі дамашняе заданне, рыхтаваліся да ўрокаў? Магчымы толькі адзін варыянт адказу: пасля вячэры. І ён правільны. Вось такім насычаным быў дзень тагачасных обальскіх вучняў. Акрамя таго, у школе дзейнічалі швейная, сталярная і слясарная майстэрні, кузня, метэастанцыя, працавалі спартыўны, краязнаўчы, драматычны, харавы, ваенны, селькораўскі, палітычны гурткі, напаўняльнасць якіх была 100-працэнтная. Так што загружанасць сучасных дзяцей урокамі і дамашнімі заданнямі (пра што сёння нярэдка можна пачуць), аказваецца, катэгорыя адносная.
— Разам з аграномам дзеці разводзілі племянную жывёлу, вырошчвалі гатункавае насенне. Невыпадкова ўжо ў першы год работы Обальская школа сялянскай моладзі на раённай сельскагаспадарчай выставе заняла 1-е месца і атрымала прэмію за ўзорнае агародніцтва. Традыцыйна на дзень ураджаю праводзіліся выставы агародніны і садавіны. Усе вучні займаліся і грамадска карыснай працай, у першую чаргу лікбезам сярод сялян. Бурліла жыццё і ў школьным клубе, які змяшчаў да 500 чалавек, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна.
Фрагмент экспазіцыі школьнага музея
Мы сёння шмат гаворым пра важнасць адукацыйных экскурсій. Але гэтая тэма была актуальнай і ў даваенны час. Практычна кожны год для обальскіх школьнікаў арганізоўвалася экскурсійная паездка ў Маскву або Ленінград. На гэтыя паездкі вучні збіралі грошы на працягу года. Яны ставілі спектаклі, працавалі на расчыстцы лесу, дапамагалі грузіць бярвенне на чыгуначнай станцыі. Частку грошай выдзялялі мясцовы торфазавод, леспрамгас, ільнозавод, цагельня, калгас. Дарэчы, калі пачалася масавая калектывізацыя, Обальская школа сялянскай моладзі як калектыўны член уступіла ў калгас і ў якасці паю прадаставіла ўсе свае жывёлагадоўчыя пабудовы, жывёлу, сельскагаспадарчы інвентар, насенны фонд.
Асабліва обальскія школьнікі ганарыліся працоўнымі кніжкамі. Выдаць іх падлеткам было вырашана ў якасці эксперымента — для стымулу да больш актыўнай работы. Напрыклад, тыя, хто адпрацаваў 16 працадзён, атрымліваў талон, і на працягу года яго чакалі бясплатныя снеданні.
І як толькі вучні даваеннага пакалення ўсюды паспявалі: і добра вучыцца, і старанна працаваць на зямлі, і актыўна ўдзельнічаць у жыцці школы? Напэўна, выгоды цывілізацыі не толькі робяць нашу штодзённасць больш камфортнай, але і разбэшчваюць чалавека…
Сваю неабыякавасць, працавітасць, палымяную любоў да Радзімы, сфарміраваныя ў многім дзякуючы школьным настаўнікам, обальскія піянеры пацвердзілі канкрэтнымі справамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Што тычыцца традыцый працоўнага і патрыятычнага выхавання, то іх працягваюць сённяшнія педагогі і навучэнцы, ствараючы новыя старонкі школьнай гісторыі.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара