Ні дня без самаразвіцця

- 9:00Людзі адукацыі

У сваёй прафесійнай дзейнасці Аляксандр Міхайлавіч Агеявец кіруецца словамі А.Дыстэрвега: “Настаўнік толькі да таго часу здольны выхоўваць і адукоўваць, пакуль сам працуе над уласным выхаваннем і адукацыяй”. Таму педагог знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых метадаў, прыёмаў, сродкаў і тэхналогій навучання. І гэты пошук яму вельмі падабаецца.

— На мой прафесійны выбар паўплывалі дзве прычыны, — прызнаецца А.М.Агеявец. — Па-першае, я вельмі люблю прыгодніцкую літаратуру, якая расказвае пра цікавыя падарожжы па невядомых месцах нашай планеты. Па-другое, мой дзядуля ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў партызанскім атрадзе, дзе выконваў абавязкі не толькі сувязнога, але і настаўніка лясной школы.

У БрДУ імя А.С.Пушкіна Аляксандр Міхайлавіч атрымаў спецыяльнасць настаўніка геаграфіі і біялогіі, а таксама дыплом бакалаўра. Але пачынаў працоўную дзейнасць з пасады педагога-арганізатара ў гімназіі № 5 Брэста.

— Спачатку было няпроста, бо гэтай рабоце мяне не вучылі, — расказвае А.М.Агеявец. — У прафесійным станаўленні вельмі дапамагла тагачасны дырэктар Людміла Мікалаеўна Амельянюк, якая навучыла ставіць перад сабой высокія мэты і дасягаць іх, а галоўнае — абавязкова рабіць усё якасна. Набыты арганізатарскі вопыт спатрэбіўся ў далейшай дзейнасці.

Неўзабаве Аляксандр Міхайлавіч пачаў працаваць па атрыманай спецыяльнасці. У гэты час гімназія функцыянавала ў інавацыйным рэжыме — апрабоўвала тэхналогію модульнага навучання. Педагогі часта ездзі­лі ў АПА на семінары.

— Да сённяшняга часу ўспамінаю курсы Пятра Іванавіча Траццякова, — гаво­рыць настаўнік. — Дзякуючы яму, захацелася пазна­ваць штосьці новае і выкарыстоўваць яго на ўроках геаграфіі. Вялікую метадычную дапамогу аказала таксама тагачасны намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Ірына Васільеўна Чоўжык.

Малады педагог актыўна звяртаўся да форм работы, якія павышалі матывацыю дзяцей да вывучэння геаграфіі. Так, настаўнік выбіраў з імі цікавы маршрут па мясцінах, звязаных з жыццём вядомых гістарычных асоб і адметнымі аб’ектамі, і наведваў іх. Вынікам шматлікіх паездак сталі вучнёўска-педагагічныя канферэнцыі і электронны падручнік па краязнаў­стве “Віртуальнае падарожжа па гісторыі Палесся”. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з тагачасным метадыстам Брэсцкага абласнога ІРА С.М.Быстровай, выйшлі метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў геаграфіі: “Арганізацыя і правядзенне вучэбных заняткаў на геаграфічнай пляцоўцы”, “Выкарыстанне краязнаўства ў геаграфічнай адукацыі як сродак выхавання асобы вучня” і “Пачатковы курс геаграфіі. 6 клас”.

Імкненне да прафесійнага самаўдасканалення прывяло Аляксандра Міхайлавіча ў
БрДТУ, дзе ён асвоіў спецыяльнасць, звязаную з прамысловым і грамадзянскім будаўніцтвам. За 8 гадоў далейшай работы па ёй А.М.Агеявец прайшоў шлях ад інжынера па камплектацыі да намесніка дырэктара і атэставанага галоўнага інжынера прыватнага прадпрыемства.

Але школа і дзеці аказаліся бліжэй. У 2016 годзе Аляксандр Міхайлавіч вярнуўся настаўнічаць у сярэднюю школу № 13 імя В.І.Хована Брэста. Яе дырэктар Ганна Пятроўна Валынец не расчаравалася ў выбары. Ужо праз год педагог стаў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а летась атрымаў кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

А.М.Агеявец — аўтар больш як 30 навуковых артыкулаў у часопісах “Народная асвета” і “Пачатковая школа”, 5 метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў, выдадзеных у Брэсцкім абласным ІРА. Аляксандр Міхайлавіч ахвотна дзеліцца набытым вопытам з калегамі на метадычных аб’яднаннях, семінарах, канферэнцыях і майстар-класах.

А.М.Агеявец лічыць, што педагогу варта вучыцца не толькі ў калег, але і ў дзяцей. Па-першае, прафесійным сакрэтам, па-другое, таму, чаго не хапае дарослым.

— Сучасныя дзеці не да­юць спыняцца ў сваім развіцці, пастаянна падштурхоўваюць да атрымання новых ведаў, — заўважае педагог. — Разам з тым працаваць з новым пакаленнем, якое вырасла ў эпоху інтэрнэту, даволі складана. Сённяшнім падлеткам цяжка ўтрымліваць увагу на ўроку. Ім патрабуюцца частая змена дзейнасці і больш часу для паглыблення ў тэму. Тым не менш ёсць і плюсы. Сучасныя дзеці прызвычаіліся рабіць некалькі спраў адначасова. Таму трэба вучыць іх самастойна здабываць веды на ўроку, выбіраць самае галоўнае з атрыманай інфармацыі, у тым ліку з інтэрнэту, працаваць з вучэбнай літаратурай. Трэнд на адукацыю праз усё жыццё надзвычай актуальны. Задача педагогаў — быць на крок наперадзе сваіх выхаванцаў, бо калі мы спынімся, то разам з імі застанёмся ззаду.

Па словах Аляксандра Міхайлавіча, для матывацыі да вывучэння геаграфіі ён выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход пры распрацоўцы заданняў, дзякуючы якому кожны вучань працуе ў сваім тэмпе. Педагог укараняе дыялогавую форму зносін, а з улікам кліпавага ўспрымання інфармацыі звяртаецца да электронных карт, відэафрагментаў, пазнавальных відэафільмаў па краінах свету.

Аляксандр Міхайлавіч удзяляе вялікую ўвагу якасці ўрокаў, даследчай дзейнасці вучняў і конкурсным работам па розных напрамках. Прыкладам такой эксперыментальна-творчай дзейнасці з’яўляецца даследаванне “Аўтаматычная сістэма падачы званкоў”, якое атрымала дыплом I ступені на абласной канферэнцыі і патэнт Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Беларусі.

Высокіх вынікаў у рабоце А.М.Агеяўцу дапамагае дасягаць метад праектаў. Больш за ўсё метад апраўдвае сябе ў 9 класе пры вывучэнні прамы­словасці Беларусі. Настаўнік прапануе школьнікам заданні на ўвесь перыяд вывучэння галін айчыннай эканомікі. Да канца вывучэння тэмы дзеці павінны прэзентаваць праект любога прамысловага прад­прыемства і абгрунтаваць свае распрацоўкі на аснове ведаў, атрыманых на ўроках.

А.М.Агеявец не абыходзіць увагай тэхналогію ўзбуйненых дыдактычных адзінак, гульнявыя, мультымедыйныя і інтэрактыўныя тэхналогіі.

— Самастойная даследчая дзейнасць вучняў носіць сі­стэмны характар і ахоплівае ўсе ступені адукацыі, — расказвае Аляксандр Міхайлавіч. — Так, малодшыя школьнікі самі выбіраюць тэму даследаванняў, арыентуючыся на ўласныя інтарэсы. Многія вучні 3—4 класаў ужо маюць любімы прадмет, а настаўнік і бацькі могуць толькі падштурхнуць да правільнага выбару. Сярод лепшых даследаванняў — “Стварэнне аптымальнага тэмпературнага рэжыму ў гульнявым пакоі ў перыяд летняга аздараўленчага лагера”.

Даследчая дзейнасць для вучняў 5—9 класаў арганізоўваецца ў групавой і індывідуальнай форме. Куратарамі работ выступаюць старшакласнікі. Сярод найбольш цікавых работ варта адзначыць работу па выкарыстанні галаграм у музейнай педагогіцы, якая атрымала дыплом I ступені на абласной канферэнцыі.

Спыняцца на дасягнутым няўрымслівы педагог не збіраецца. У планах — пашырыць выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе, падрыхтаваць метадычны дапаможнік для настаўнікаў з прыкладамі даследчых работ і алгарытмамі работы з камп’ютарнымі праграмамі для прэзентацыі вынікаў, а таксама вывучыць існуючы паспяховы вопыт па ўкараненні кейс-тэхналогіі на ўроках геаграфіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.