Ні дня без творчасці!

- 10:30Дадатковая адукацыя

Новапалачанка Алеся Пупкоўская — выдатны майстар сваёй справы і безумоўны аўтарытэт для навучэнцаў, якія займаюцца пад яе кіраўніцтвам у студыі сучаснай творчасці “Арт­-дэкор” Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

А яшчэ яна з’яўляецца прадаўжальніцай унікальнай традыцыі калектыву цэнтра, што выгадаваў не адно пакаленне пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў вобласці і рэспублікі. Вось і наша гераіня дадала ў асабістае партфоліа перамогу на абласным вочна-завочным конкурсе прафмайстэрства “Педагог дадатковай адукацыі Віцебшчыны”.

Яркія, самабытныя работы Алесі Мікалаеўны, яе вучняў — вынік узаемадзеяння некалькіх стыхій з талентам творцы. У характары гэтай абаяльнай жанчыны прываблівае нечаканая і вельмі моцная сінергетыка зусім розных, на першы погляд, пачаткаў. Яна адкрыты свету летуценны рамантык, які па-дзіцячы даверліва і радасна дзівіцца цудам прыроды, аднак разам з тым дасведчаны практык, ініцыятыўны, настойлівы, паслядоўны ў імкненні да пастаўленай мэты. Нястрымная, непрадказальная, аматар разнастайнасці ў творчым пошуку — і адначасова прынцыповая, рашучая, адказная. Асоба кранальна сціплая, вельмі самакрытычная — і прызнаны прафесіянал, які вядзе за сабой дзяцей, карыстаецца павагай у калег, складае аўтарскія вучэбна-метадычныя комплексы, праводзіць цудоўныя майстар-класы па кераміцы, скрапбукінгу, дэкупажы для бацькоў, настаўнікаў, удзельнікаў раённых, абласных і рэс­пуб­ліканскіх мерапрыемстваў. Тое ж можна сказаць і пра падзеі жыцця. Калісьці выпускніца Кушлікаўскай сярэдняй школы па прапанове сяброўкі спантанна наважылася паступаць у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж (зараз філіял БДТУ). Профілем абітурыентка выбрала кераміку, але яе адгаварылі ў прыёмнай камісіі — маўляў, цяжка будзе для дзявоцкіх рук важдацца з глінай. Падала дакументы на ткацтва. У хуткім часе высветлілася, што групу не набралі, таму вярнулася да папярэдняга рашэння. Збег выпадковасцей? Сёння кожную з іх хочацца назваць шчаслівым выпадкам і ўсе ра­зам — магутнай воляй лёсу, дзякуючы якой на Віцебшчыне стала на аднаго выдатнага педагога больш.

Падрыхтоўка сапраўды давалася няпроста, асабліва ганчарства — рукі стамляліся. Тым не менш з выкладчыкамі, майстрамі вытворчага навучання пашанцавала. Непадатлівая гліна паступова пакаралася, раскрываючы сакрэты і натхняючы на новыя эксперыменты. Неўпрык­мет для сябе навучэнка прыкіпела сэрцам да дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пасля каледжа прадоўжыла вучобу на мастацка-графічным факультэце імя П.М.Машэрава. У статусе маладога спецыяліста ўладкавалася ў раённы цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур, далей перайшла ў дадатковую адукацыю. Сёлета ўвосень споўніцца 10 гадоў, як яна працуе ў аддзеле мастацкай творчасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Кіраўнік “Арт-дэкору” літаральна выпраменьвае энергію стваральнасці, чым прываблівае не толькі дзяцей. Насамрэч, некалькі мінут знаёмства ў студыі — і ловіш сябе на думцы: цікава б паспрабаваць зляпіць што-небудзь з гліны! Аб’яднанне па інтарэсах штогод прымае 4—5 груп, гэта каля 50 навучэнцаў. У скарбонцы іх дасягненняў багата ўзнагарод, у тым ліку найвышэйшай вартасці — напрыклад, па выніках рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “Салют Перамогі — 75!”, міжнароднага інтэрнэт-фестывалю дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Рамантыка зорных дарог”. Трэці год запар работы юных палачан адзначаюцца дыпломамі ІІ ступені рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. Нацэльваючыся на пакарэнне новай вяршыні, дзеці найперш арыентуюцца на меркаванне і падтрымку любімага педагога. У сваю чаргу, для сябе яна штораз задае максімальна высокую планку, якую паступова, але няўхільна рухае ўверх. Невыпадкова менавіта Алесі Пупкоўскай даверылі абараняць гонар калектыву на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. Як адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, раўняцца было на каго. Педагог — гэта дыямент, а каманда — аправа, якая яго трымае! Толькі за апошнія 15 гадоў сямёра прадстаўніц цэнтра ўпэўнена пацвердзілі заяўку на прафесійнае лідарства ў рэгіёне і краіне. Лепшымі педагогамі і метадыстамі дадатковай адукацыі вобласці ў свой час былі прызнаны Ларыса Міронава, Ганна Сінягубава, Ірына Колач і Алена Багдановіч; Ала Сапега і Наталля Сляпцова — прызёры рэспубліканскіх конкурсаў.

Для сябе Алеся Мікалаеўна штораз задае максімальна высокую планку, якую паступова, але няўхільна рухае ўверх. Невыпадкова менавіта ёй даверылі абараняць гонар калектыву на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства.

Гэтым разам да заключнага этапу чацвёра фіналістаў рыхтавалі відэапрэзентацыю, відэазапіс вучэбных заняткаў і матэрыялы адукацыйна-метадычнага комплексу праграмы аб’яднання па ін­та­рэ­сах. Прапанаванае Алесяй Мікалаеўнай на суд журы ўражвае не проста высокім прафесіяналізмам, змястоўнасцю, арыгінальнасцю і нестандартнай падачай — перад намі творчасць на ўзроўні мастац­тва. Прэзентацыю здымалі ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага. На відэа з заняткаў у студыі можна назіраць, як пано па матывах жывапісу Івана Хруцкага ў тэхніцы лапікавага шыцця дзеці ствараюць… з гліны! Пра “Візітку” варта ска­заць, што яна была прадстаўлена на VII Рэспубліканскім адкрытым конкурсе аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно”, дзе перамагла ў намінацыі “Тэматычная праграма”. Вынік удзелу Алесі Пупкоўскай у абласным конкурсе прафмайстэрства адпаведны — заслужанае 1-е месца.

— Паветра, вада, прадукты харчавання патрэбны нам, каб існа­ваць. Для паўнавартаснага жыцця кожнаму таксама неабходна магчымасць развівацца і тварыць, — на ўласным прыкладзе вучыць педагог. — У мяне няма такога, каб прыйшоў з работы ды забыўся пра яе, не атрымліваецца. Нават калі не ляплю, то думаю над тым, як і што зробім заўтра. На шчасце, сям’я мяне падтрымлівае. У вольны час творчасць увасабляецца калі не ў гліне, то ў нечым яшчэ. Так, мае адпачынак і ра­дасць — кветкі. У нас ёсць дом за горадам, дзе вясной — летам цвіце такая прыгажосць! Вяртаючыся да заняткаў у студыі: ніколі не прымушаю навучэнцаў зра­біць тое, што сама прыдумала. Каб не проста цягнуліся да творчасці, а атрымлівалі ад яе асалоду, іх трэба пастаянна здзіўляць. Уважліва прыслухоўваюся да кожнага дзіцяці, і мы заўсёды знаходзім пэўны кампраміс. Любім эксперыментаваць з рознымі матэрыяламі і тэхнікамі, камбінаваць, шукаць новыя вобразы. Усе нашы работы ствараюцца для душы. Планы на будучыню ў студыі і мяне асабіста, безумоўна, ёсць. Як і ўсе падставы спадзявацца: задуманае абавязкова спраў­дзіцца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.