Ні Хао! альбо Добры дзень!

- 12:54Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з мэтай беларуска-кітайскага маладзёжнага культурнага абмену выхаванцы Гомельскага абласнога палаца творчасці і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пераможцы творчых конкурсаў правялі цэлы жнівеньскі тыдзень у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. 

Доўгі пералёт і адаптацыя да пяцігадзіннай розніцы ў часе хутка забыліся — усё кампенсавала цікавая насычаная праграма. Хлопцы і дзяўчаты наведалі планетарый, марскі і Нацыянальны музеі, а таксама музей навукі і тэхналогій Кітая. З асаблівай зацікаўленасцю разглядалі нашы дзеці знакамітыя алімпійскія аб’екты “Птушынае гняздо” і “Водны куб”, якія сталі спартыўнымі сімваламі кітайскай сталіцы. Зразумела, немагчыма, пабываўшы ў Паднябеснай, не ўбачыць грандыёзны помнік старажытнага дойлідства, уключаны ў спіс культурнай Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — Вялікую Кітайскую сцяну.
Згодна з праграмай знаходжання юнакі і дзяўчаты сустрэліся з кіраўніцтвам Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта гаворыць аб тым, што кітайскі бок мае непадроблены інтарэс да культурных зносін моладзі дзвюх краін. На развітанне дзяцей запрасілі на святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў Кітая і Беларусі, які адбыўся ў Пекінскім палацы моладзі.
Не паспелі нашы шчасліўчыкі, прыбыўшы на радзіму, адысці ад атрыманых уражанняў, як іх запрасілі ў Пасольства Кітая, дзе ім прадаставілася магчымасць сустрэцца з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргеем Аляксандравічам Маскевічам, яго намеснікам Віктарам Віктаравічам Якжыкам і паслом КНР у Беларусі Цуй Цымінам. Дзеці расказалі аб тым, як правялі жнівеньскі тыдзень у Кітаі, якія ўражанні прывезлі адтуль.
— У мяне многія сябры пытаюцца, што мне больш за ўсё спадабалася ў Кітаі, — дзялілася ўражаннямі салістка ўзорнай вакальнай студыі Улада Васільева. — Адназначна адказаць складана, бо ўсё спадабалася! Але, безумоўна, самае галоўнае — гэта людзі: добразычлівыя, па-сяброўску шчырыя.
Вось такую незвычайную ўзнагароду атрымалі падчас летніх канікулаў таленавітыя юныя гамяльчане.

Наталля ЛУТЧАНКА.