Нібы клапатлівы садоўнік

- 10:31Людзі адукацыі

Загадчыца ясляў-сада № 4 Маларыты Галіна Якаўлеўна Барычэўская шчыруе на ніве дашкольнай адукацыі ўжо 43 гады. Педагагічны шлях жанчыны адзначаны многімі здабыткамі. Спыняцца на дасягнутым не ў яе характары. У рабоце Галіна Якаўлеўна прытрымліваецца правіла “заўсёды быць наперадзе, рабіць усё толькі на выдатна”.

Кожную раніцу Г.Я.Барычэўская спяшаецца знаёмай дарогай на любімую работу. Заўсёды хвалюецца, ці ўсё падрыхтавана да прыходу дзяцей. І не таму, што не давярае падначаленым, а таму, што за шмат гадоў выпрацавалася такая звычка. Спакойна працуецца Галіне Якаўлеўне на працягу дня толькі тады, калі зранку ўсё пабачыць на свае вочы.

З самага дзяцінства будучая загадчыца ясляў-сада марыла стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Старанна рыхтавался да паступлення. З задавальненнем праводзіла вольны час за кнігамі беларускіх, рускіх і замежных класікаў. Пасля заканчэння школы на роднай Петрыкаўшчыне дзяўчына накіравалася за вышэйшай адукацыяй у тагачасны Ленінградскі педагагічны інстытут імя А.І.Герцэна.

— Вучыцца ў Ленінградзе было прэстыжна, — гаворыць Галіна Якаўлеўна. — Многія аднакласнікі імкнуліся паехаць туды. У гора­дзе на Няве жыла старэйшая сястра, якая абяцала дапамогу і падтрымку. Але стаць студэнт­кай прэстыжнага інстытута не пашанцавала: не прайшла па конкурсе. Вярнуўшыся дадому, уладкавалася ў мясцовы лясгас зборшчыцай жывіцы. У вольны час старанна займалася самападрыхтоўкай. Думка стаць настаўніцай ніколі не пакідала. Праз год падала дакументы ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Але зноў не прайшла па конкурсе. Расчараваная, не ведала, што рабіць. Вырашыла, што ў родную вёску не вярнуся. Уладкавалася памочніцай выхавальніцы ў адзін са сталічных дзіцячых садоў.

Галіну Якаўлеўну заўсёды цягнула да дзяцей. Апынуўшыся ў садку, зразумела, што працаваць з дашкольнікамі — яе прызванне. На стараннага і адказнага маладога работніка хутка звярнула ўвагу адміністрацыя ўстановы, якая прапанавала павысіць кваліфікацыю на курсах медсясцёр. Г.Я.Барычэўская адначасова вучылася і працавала выхавальніцай ясельнай групы. Штодзень, як клапатлівы садоўнік, прывівала дзецям лепшыя якасці, раскрывала іх здольнасці.

— У маёй групе было 25 дзяцей ва ўзросце ад аднаго да трох гадоў, — успамінае Галіна Якаўлеўна. — Дзяцей любіла, таму з радасцю і нейкім асаблівым натхненнем узялася за работу. Пачынаць заўсёды нялёгка. А ў маім выпадку было яшчэ і адказна, бо даручылі сур’ёзную справу. Гэта быў своеасаблівы аванс. Таму імкнулася апраўдаць давер. З першага дня карміла лыжачкай па чарзе кожнае дзіця, брала на рукі, калыхала, напявала песні, супакойвала, расказвала казкі і нават сама прыдумляла розныя гісторыі. Стамлялася, але адчувала задавальненне і радасць. Сілы надавалі словы падзякі бацькоў.

У далёкай і невядомай Маларыце Г.Я.Бары­чэўская апынулася па сямейных прычынах. Спачатку працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе № 3, дзе аддавала хлопчыкам і дзяўчынкам часцінку сэрца і душы. Неўзабаве ўзначаліла гэтую ўстанову. А паколькі адчувала, што не хапае неабходных ведаў, паступіла ў тагачасны Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, дзе набыла спецыяль­насць метадыста па дашкольным выхаванні і выхавальніцы.

Ужо 20 гадоў Галіна Якаўлеўна з’яўляецца загадчыцай ясляў-сада № 4 Маларыты. Менавіта тут найбольш ярка і поўна раскрыўся яе талент кіраўніка і выдатнага арганізатара, здольнага згуртаваць калектыў, запаліць яго іскрынкай творчасці і павесці за сабой да новых вяршынь.

Да прафесійнай дзейнасці Галіна Якаўлеўна ставіцца без лішніх эмоцый, якія перашкаджаюць адэкватна ўспрымаць розныя рабочыя сітуацыі. Спачатку ўважліва, дэталёва і ўсебакова аналізуе і ўзважвае іх, а пасля прымае правільнае рашэнне.

Пра высокі кіраўніцкі талент загадчыцы сведчаць узнагароды ўстановы адукацыі, заваяваныя штодзённай карпатлівай працай педагогаў. Калектыў ясляў-сада адзначаны шматлікімі граматамі і дыпломамі рознага ўзроў­ню: за лепшую арганізацыю сацыяльнага партнёрства, лепшы метадычны кабінет дашкольнай установы, поспехі па асноўных напрамках дзейнасці, лепшую дашкольную ўстанову па выніках работы за навучальны год, удзел у фестывалях дзіцячай творчасці і раённых спартакіядах сярод дашкольнікаў, выхаваўчую работу па фарміраванні ў дзяцей асноў бяспечных паводзін і здаровага ладу жыцця.

— Люблю сваю прафесію, — прызнаецца Галіна Якаўлеўна. — Да кіраўніцкай пасады ніколі не імкнулася. Калі прапанавалі, вырашыла паспрабаваць. Праз пэўны час зразумела, што атрымліваецца. Таму і засталася загадчыцай дашкольнай установы, невялікі калектыў якой укладвае ў работу душу, каб усім выхаванцам было ўтульна і цікава. Ніхто не падзяляе работу на сваю і чужую. Усе працуюць на агульны вынік і імідж ясляў-сада.

На тэрыторыі дашкольнай установы створана сапраўдная казка. Чаго тут толькі няма! Гэта куток бесклапотнага дзяцінст­ва, расквечаны яркімі фарбамі і ўсмешкамі тых, хто ў ім працуе. Кожную раніцу хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю бягуць у любімы яслі-сад.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.