“Нічога нельга адкладваць”

Аказанне планавай дапамогі ў час пандэміі COVID-19 адкладваць нельга. На гэта Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу ў час наведвання Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адкладванне планавай медыцынскай дапамогі можа несці рызыку для пацыентаў, быць яшчэ больш небяспечным, чым сам каранавірус. Акрамя таго, калі цяпер спыніць прыём пацыентаў з якім-небудзь захворваннем, то пасля пандэміі ўстановы аховы здароўя будуць перапоўнены гэтымі хворымі.

“Калі кавід пайшоў і да нас хлынула гэтая адкладзеная анкалогія? Зноў у нас будзе 500 чалавек у чарзе на анкалагічныя аперацыі, зноў атрымаецца абвал, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Таму нельга спыняць лячэнне іншых хвароб ні ў якім разе”.

Прэзідэнт пацікавіўся, як з гэтым пытаннем ідуць справы ў Гродзенскай вобласці. Ён адзначыў, што ў рэгіёне павінна забяспечвацца медыцынская дапамога пацыентам па ўсіх напрамках: “Нічога нельга адкладваць — вось такая задача”.

У час наведвання бальніцы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пасля яго нядаўніх заяў аб масачным рэжыме і вакцынацыі ў колах збеглай апазіцыі яго сталі называць галоўным кавід-дысідэнтам. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ніколі не выступаў супраць нашэння масак. Больш за тое, ён заўсёды строга кантраляваў арганізацыю вытворчасці сродкаў засцярогі ў Беларусі і дамаўляўся з замежнымі партнёрамі аб узаемадзеянні ў гэтай сферы. Але, на думку кіраўніка дзяржавы, культура выкарыстання ахоўных сродкаў ёсць толькі ва ўрачоў, а грамадзяне не заўсёды выконваюць усе меры засцярогі і рэкамендацыі пры нашэнні масак, таму іх выкарыстанне часам неэфектыўнае.

У той жа час беларускі лідар адзначыў, што правільнае выкананне масачнага рэжыму карысна. Але пры гэтым прымушаць грамадзян насіць маскі не трэба. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна выстаяць і перажыць бягучы перыяд, каб захаваць краіну для будучых пакаленняў. Аб гэтым ён заявіў, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы: “Цяпер трэба гэта перажыць і выстаяць. Калі мы гэты перыяд не перажывём, не выстаім, мы не будзем дзяржавай. Нашы дні будуць злічаны. Таму што я ўжо гаварыў: вялікія дзяржавы спрабуюць падзяліць свет паміж сабой. А як падзяліць — нахіліць, раздушыць, выцерці ногі. А нам трэба выстаяць. Вось задача”.

“Я быў бы рады, калі б людзі, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі (ахова здароўя, сацыяльнае, гандаль, бытавое, транспарт, культура, спорт і г.д.), таксама ў памяшканнях надзявалі маскі. Але маска — гэта іх справа. Вось тут мы тым больш не павінны настойваць. Трэба — людзі надзенуць”, — перакананы Прэзідэнт. І падкрэсліў: “Маё жалезнае патрабаванне — нікога не прымушаць”. 

Такога ж прынцыпу кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца наконт вакцынацыі: прышчэпка ратуе ад захворвання або дапамагае лягчэй перанесці інфекцыю, але прымушаць грамадзян да вакцынацыі — лішняе.

“Вы даказалі на практыцы: правакцынаваўся — менш хварэеш, а калі захварэў — жыць будзеш, вылечым. Таму вакцынавацца трэба. Таму рашэнне вырабляць сваю вакцыну — гэта было добрае рашэнне. Я за тое, каб вакцынаваць, — перакананы Прэзідэнт. — Але не трэба чалавеку на грудзі каленам і калоць вакцыну. Я супраць насілля”. 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадстаўленыя ў Беларусі расійская і кітайская вакцыны ад COVID-19 зарэкамендавалі сябе значна лепш за заходнія аналагі, таму краіна і закупляе гэтыя прэпараты. Да таго ж у Беларусі ўжо вырабляюць па расійскіх тэхналогіях іх вакцыну, а ў будучыні з’явіцца ўласны прэпарат. Такім чынам, завозіць у краіну заходнія аналагі не мае сэнсу.

У час наведвання Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу наступнага года закрыць праблему з няхваткай апаратаў МРТ у Гродзенскай вобласці.

Паводле слоў галоўнага ўрача, ніякіх праблемных пытанняў у рабоце ўстановы няма. Адзінае, неабходна падтрымка ва ўстаноўцы кіслароднага абсталявання ў рэканструяваным хірургічным корпусе. Як запэўніў губернатар, вобласць выдзеліць неабходныя сродкі.

“Тут шкадаваць не трэба. Трэба гэтую сетку правесці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — На гэтым эканоміць нельга”.

На тэрыторыі бальніцы праектуецца новы корпус, які павінен аб’яднаць малыя карпусы і стаць апорнай клінікай. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер вывучаецца пытанне, дзе неабходна пабудаваць новыя медыцынскія ўстановы. “Нам трэба вызначыцца, дзе проста нельга не пабудаваць, — сказаў ён. — Таму пажадана, каб вы ў наступным годзе паклалі мне на стол гэтыя разлікі. Тут, хутчэй за ўсё, трэба (пабудаваць новы корпус. — Заўвага БелТА.)”.

Наведваючы Лідскую ЦРБ, Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з парадкам аказання меддапамогі пацыентам з COVID-19 у перапрафіляваных аддзяленнях.