Ніхто не павінен быць забыты

- 12:03Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Урачыстая сустрэча для ветэранаў вайны і ветэранаў педагагічнай працы адбылася на мінулым тыдні ў Магілёве.

У Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, які стаў базай для правядзення мерапрыемства, з’ехалася каля ста ветэранаў з усіх раёнаў. Удзельнікамі сустрэчы сталі таксама прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённых саветаў ветэранаў педагагічнай працы. Арганізатарам такой масавай сустрэчы, прысвечанай 70-годдзю Перамогі, выступіў абласны камітэт галіновага прафсаюза.
— Штогод напярэдадні 9 Мая мы збіраем нашых ветэранаў разам, каб павіншаваць іх са святам, а таксама даць магчымасць пагутарыць, успомніць мінулае, — паведаміў старшыня абласнога камітэта галіновага прафсаюза Сяргей Васільевіч Вінаградаў. — Але ўвага ветэранам аказваецца не толькі ў памятныя даты, а круглы год. Іх запрашаюць на пасяджэнні і пленумы раённых саветаў ветэранаў, на мерапрыемствы. Акрамя таго, над кожным ветэранам шэфствуе пэўная школа, вучні пастаянна наведваюць іх дома.
Паводле яго слоў, асобныя мерапрыемствы праводзяцца і непасрэдна перад святам Перамогі. Так, сёлета па ініцыятыве абласнога прафсаюза прайшоў студэнцкі грамадзянска-патрыятычны марафон “Бессмяротны подзвіг пераможцаў — вечна ў нашых сэрцах”.
— Яшчэ адной характэрнай падзеяй, таксама прымеркаванай да юбілейнай даты, з’яўляецца распрацоўка ветэранамі педагагічнай працы адкрытых урокаў аб Вялікай Айчыннай вайне. На падставе гэтых урокаў у кожным раёне створаць метадычкі, якія потым будуць перададзены маладым спецыялістам. На наш погляд, такая пераемнасць дазволіць пазбегнуць скажэння гісторыі Перамогі, — адзначыў старшыня галіновага прафсаюза вобласці.
Што ж тычыцца ўрачыстай сустрэчы, то яна прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы. У адрас яе ўдзельнікаў гучалі словы віншаванняў, падзякі за плённую працу.
Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж мэтанакіравана абіраецца месцам правядзення мерапрыемства на працягу ўжо некалькі гадоў. А ўсё таму, што гэтая ўстанова — станоўчы прыклад правядзення работы з ветэранамі. У каледжы з увагай ставяцца да клопатаў сваіх былых работнікаў. Як падкрэсліў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алег Стэльмашок, так павінна быць і ў іншых установах адукацыі, ні адзін ветэран не павінен быць забыты.
Вось і падчас мерапрыемства кожны з прысутных на ім ветэранаў быў акружаны максімальнай увагай. Ім уручылі кветкі і падарункі, асобныя былі адзначаны ганаровымі граматамі. Ну а добрым завяршэннем святочнай сустрэчы сталі тэматычныя выступленні саміх ветэранаў, вучнёўскай моладзі і ансамбля эканамічнага каледжа “Дружбакі і сяброўкі”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.