Ніхто не забыты!

Квітнее вясна, цёплая, па-летняму нават гарачая. Шчэбет рознагалосых птушак, ласкавы ветрык, ваенная музыка, прыўзняты настрой і слёзы на вачах… 8 Мая. Каля мемарыяльнага знака аграгарадка Мокрае Быхаўскага раёна шматлюдна, бо тут праходзіць мітынг, прысвечаны Вялікай Перамозе. Такія мерапрыемствы адбываюцца раз на год. Тут збіраюцца школьнікі, педагогі, мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за наша мірнае неба.

Пачаўся мітынг прывітальным словам дырэктара Макранскага ВПК Сяргея Анатольевіча Лазарава, які адзначыў, што Дзень Вялікай Перамогі святы для ўсіх. Ён выказаў словы падзякі ўсім, хто ваяваў у Вялікую Айчынную. Выступіла Ганна Анатольеўна Міхасёва, кіраўнік справамі Холстаўскага сельскага савета. Гучалі вершы, песні. У піянеры прыняты 14 вучняў 4 класа. Хвіліна маўчання, ускладанне вянка і кветак да помніка. Пасля мітынгу чакаў канцэрт, падрыхтаваны сумесна работнікамі Макранскага сельскага Дома культуры, Макранскай дзіцячай школы мастацтваў і Макранскага ВПК.

Напярэдадні Дня Перамогі настаўнікі зладзілі шэраг мерапрыемстваў: конкурс малюнкаў “І помніць свет выратаваны”, конкурс лепшага чытальніка вершаў на ваенную тэматыку, урок мужнасці “Званы нашай памяці”, класныя гадзіны “Вайной знішчаныя гады”, “Бухенвальд — лагер смерці”, “Гэты Дзень Перамогі” і інш.

Сёлета наш мітынг праходзіў без ветэранаў… Як мала ўжо засталося рэальных сведкаў страшнай Вялікай Айчыннай вайны. Чытаеш на абеліску прозвішчы. Углядаешся ў выцвілыя шыльдачкі. А ў кожным прозвішчы цэлая гісторыя! І гэтыя гісторыі маюць працяг, бо ніхто не забыты і нішто не забыта!

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.