Мемарыяльны знак у гонар землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны адкрыты ў вёсцы Заронава на тэрыторыі аднаго з найбуйнейшых у Віцебскім раёне воінскіх пахаванняў, дзе знайшлі вечны спакой каля 10 тысяч загінуўшых.
Урачыстасць аб’яднала жыхароў навакольных вёсак, педагогаў, работнікаў культуры, кіраўнікоў раённай і мясцовай улады. Многія дарослыя і дзеці прыйшлі з партрэтамі сваіх родных, хто са зброяй у руках адстаяў незалежнасць роднага краю, расказвалі пра герояў і іх подзвігі. Новы помнік паўстаў у выглядзе разгорнутай кнігі з высечанымі на граніце прозвішчамі 237 землякоў, якія ахвяравалі жыццямі за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама 129 ветэранаў, хто змагаўся з гітлераўскімі захопнікамі і потым адраджаў зруйнаваную Бацькаўшчыну і вяртаў яе да мірнага жыцця. Як падкрэсліў старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч, гэтая знамянальная падзея не толькі даніна павагі землякам, якія не шкадавалі жыцця дзеля светлай будучыні, але і сведчанне жывой народнай памяці аб іх подзвігу. Ініцыятарам устаноўкі мемарыяльнага знака стала вядомы краязнавец, заснавальнік народнага гістарычна-краязнаўчага комплекснага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людміла Нікіціна. Па яе словах, задума праекта нарадзілася падчас правядзення беларуска-расійскай акцыі “Дзе загінулі нашы землякі” амаль 20 гадоў назад. На працягу доўгага часу група энтузіястаў на чале з Людмілай Канстанцінаўнай і прадаўжальнікам справы маці педагогам дадатковай адукацыі Станіславам Нікіціным, у якую таксама ўвайшлі сябры музея і кіраўнікі Заронаўскага сельскага савета, па крупінках збірала і сістэматызавала інфармацыю, сустракалася з жывымі сведкамі ваенных падзей, карпатліва працавала з архіўнымі матэрыяламі і інтэрнэт-крыніцамі. Дапамогу ва ўстаноўцы памятнага знака аказалі грамадскія арганізацыі і прыватныя фірмы.
— Душа радуецца, што ўдалося здзейсніць задуманае, — падзялілася ўражаннямі Людміла Нікіціна. — Нам удалося высветліць, што ўраджэнцы нашага сельсавета загінулі на тэрыторыі Германіі, Расіі, Польшчы, Украіны. Многія — у першыя гады вайны, у партызанах і падполлі, на франтах. Дзякуючы пошукавай рабоце, знойдзены дакументы, якія раскрываюць карціну баёў і гераічных подзвігаў.
Назапашаны дакументальны матэрыял Людміла Нікіціна сабрала ў кнізе “Заронава памятае”, якая нядаўна пабачыла свет тыражом 150 экзэмпляраў. “Для нашчадкаў, каб яны памяталі пра сваіх продкаў,” — патлумачыла аўтар канцэпцыю выдання. Тут абагульнены ўсе даступныя на сёння звесткі пра ўраджэнцаў краю, якія загінулі ў вайну, аповеды пра жыццё ветэранаў, пералічаны населеныя пункты, дзе нарадзіліся героі кнігі (многія вёскі ўжо не адшукаць на сучаснай карце), франты, дзе яны ваявалі, атрыманыя ўзнагароды, старонкі біяграфій. Кніга захоўваецца ў музеі, яе асобнікі неўзабаве паступяць у Віцебскую абласную і раённыя бібліятэкі.
— Мы імкнёмся зрабіць усё магчымае, каб увекавечыць памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, — падкрэсліла старшыня Заронаўскага сельскага савета Зоя Пека. — Пошукавая і грамадзянска-патрыятычная, асветніцкая дзейнасць працягваецца на ўсіх узроўнях. Яшчэ больш важнай бачыцца гэтая работа ў святле 75-годдзя Вялікай Перамогі. Юбілею, які жывымі ўспамінамі адгукаецца ў гісторыі кожнай беларускай сям’і, мы прысвяцілі некалькі значных спраў. Усяго на тэрыторыі сельскага савета дзевяць помнікаў — сімвалаў нашай памяці пра падзеі мінулай вайны. У найбліжэйшы час на дарозе да іх усталюем спецыяльныя паказальнікі: напрыклад, у Шарках — “Воінскае пахаванне 4409, пахавана каля 1000 байцоў, якія загінулі ў канцы 1943 — пачатку 1944 гадоў”. Важна, каб гэтая інфармацыя была не толькі для тых, хто праязджае міма, але для і мясцовых жыхароў. У Сцяпанкаве на помніку загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны раней не было пазначана ніводнага прозвішча. Літаральна праз некалькі дзён адкрыем там новы помнік, ён ужо устаноўлены, зараз завяршаюцца работы па занясенні на яго 286 прозвішчаў воінаў, хто аддаў жыцці за свабоду і незалежнасць Айчыны. “Ніхто не забыты, нішто не забыта” — для беларусаў гэта не проста словы, а частка народнага жыцця, павага да продкаў і працяг іх спраў, гатоўнасць прыкласці ўсе намаганні, каб ваенная навала ніколі не кранула родную зямлю.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.