Ніхто не забыты, нішто не забыта…

Напрыканцы сакавіка вучні 5 “В”, 6 “А” і 6 “Г” класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні разам з класнымі кіраўнікамі і бацькамі пабывалі ў Хатыні, каб яшчэ раз пакланіцца хатынцам, чыё жыццё абарвалася так трагічна.

Многія з вучняў ехалі сюды ўпершыню, таму адчувалі незвычайнае хваляванне: убачаць на свае вочы месца, пра якое чыталі не адзін раз у кнігах або чулі ад бацькоў ці настаўнікаў…

І вось мы ў Хатыні. Прыветна сустракае экскурсавод і вядзе па асфальтаванай дарозе ў былую вёску. Далей дарога пераходзіць у брук з няроўнага камення. Па словах экскурсавода, многія з наведвальнікаў скардзяцца на такія нязручнасці, але брукаваная вуліца была задумана аўтарамі мемарыяла спецыяльна. Асцярожна ступаючы па камянях, яшчэ раз схіляеш галаву перад ахвярамі вайны.

У гэтым сапраўды святым куточку Беларусі, куды прыязджаюць з розных краін свету, своеасаблівая цішыня, якую парушаюць жалобныя хатынскія званы. Адначасова кожныя трыццаць секунд яны нагадваюць усім прысутным пра зверствы фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адразу нашу ўвагу прыцягнула бронзавая скульптура “Няскораны чалавек”. Помнік быў устаноўлены ў памяць пра жыхара вёскі Іосіфа Камінскага, які, нягледзячы на страшныя раны, выжыў, але не змог выратаваць сына, які памёр у яго на руках. Непадалёк ад скульптуры знаходзіцца дах гумна, у якім згарэлі хатынцы, і брацкая магіла.

Жудасна выглядаюць месцы, дзе некалі было 26 хат, а цяпер — толькі шэрыя коміны са званамі ўверсе. Увогуле, тут паўсюль — шэры колер, колер попелу, вайны.

А яшчэ мы даведаліся, што на тэрыторыі комплексу знаходзіцца адзіны ў свеце могільнік вёсак, якія былі знішчаны гітлераўцамі і не адбудаваны пасля вайны. Розныя назвы вёсак, але аднолькавы лёс.

Слёзы спачування і болю былі бачны на вачах дзяцей і дарослых, калі экскурсавод расказвала пра лагеры смерці. Ніхто не застаўся раўнадушным да аповеду пра тое, як у адным з такіх лагераў хлопчыкаў і дзяўчынак выкарыстоўвалі ў якасці донараў для фашысцкіх салдат. За кавалак цукру дзеці плацілі ўласным жыццём.

Напрыканцы падышлі да Вечнага агню — сімвала загінулых жыхароў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Стоячы тут, мы ўсе: і дарослыя, і дзеці — яшчэ раз аддалі даніну памяці ўсім ахвярам вайны.

Валянціна ВАЙНІЛКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні.