Ніхто не забыты

Усё далей адыходзіць у гісторыю Вялікая Айчынная вайна. Пра яе мы ведаем з кніг, урокаў гісторыі, літаратуры, з кінафільмаў. Але лепш за ўсё пра ваенныя падзеі могуць расказаць яе жывыя сведкі — франтавікі. З такім чалавекам нам пашчасціла сустрэцца. Гэта ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Уладзіміравіч Чэрнік.

Напярэдадні вялікай падзеі — 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — вучні нашай школы павіншавалі ветэрана са святам. Ён расказаў, як ваяваў, за што атрымаў медалі. Усім прыемна было пабачыць і патрымаць у руках юбілейны медаль, які нядаўна ўручылі франтавіку прадстаўнікі ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў.

Пра мужнасць і гераізм ветэранаў мы даведваемся і з гістарычных дакументаў, якія збераглі ў сямейным архіве нашы франтавікі-землякі. Вынікам гэтага знаёмства сталі навукова-даследчыя працы, творчыя праекты. Вучні нашай установы заўсёды памятаюць пра ветэранаў. Яны дапамагаюць ім навесці парадак у двары і доме. Стала добрай традыцыяй віншаваць удзельнікаў вайны з Калядамі, Новым годам, Днём Узброеных Сіл, 8 Сакавіка, Вялікаднем, Днём Перамогі.

Мы ніколі не павінны забываць пра ветэранаў! Трэба ведаць гісторыю сваёй Айчыны, бо народ, які не паважае сваё мінулае, не мае і будучыні.

Ірына МОНІЧ,
класны кіраўнік 6 класа Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.