Ніхто не застанецца без увагі і падарункаў

Больш за 450 святочных мерапрыемстваў правядуць у Мінску ў час рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, якая стартуе ў Беларусі 10 снежня, паведаміў першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Прыгодзіч на пасяджэнні Мінгарвыканкама.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць у дзіцячых садах, школах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных навучальных установах, цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Палацы Рэспублікі, дзяржаўным Палацы дзяцей і моладзі, Белдзяржцырку, планетарыі і інш. Для дзяцей за кошт бюджэту закупяць больш за 54,2 тысячы падарункаў.

Акрамя кіраўнікоў Мінгарвыканкама, раённых адміністрацый, акцыю падтрымаюць прадпрыемствы горада, прафсаюзы, БРСМ, грамадскія арганізацыі. Гарадскія ўлады запэўнілі, што ніхто не застанецца без увагі і падарункаў.

Віталь Прыгодзіч таксама паведаміў, што ў час зімовых канікул у горадзе будуць працаваць лагеры з дзённым знаходжаннем.

Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў і арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя бальніцы, аказваюць ім дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем, уручаюць дзецям падарункі.