Нікалас Мадура перавыбраны прэзідэнтам

Дзеючы Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура перамог на выбарах кіраўніка дзяржавы, паведаміла кіраўнік Нацыянальнага выбарчага савета Цібісай Лусена.

Нікалас Мадура заручыўся падтрымкай больш як 5,8 млн выбаршчыкаў, яго найбліжэйшы праследавацель Энры Фалькон — 1,8 млн, адзначыла Цібісай Лусена і падкрэсліла, што выбары прайшлі без якіх-небудзь здарэнняў. Да ўдзелу ў галасаванні былі запрошаны больш як 20,5 млн чалавек, яўка склала крыху больш за 46 працэнтаў.

Цібісай Лусена дадала, што вынікі выбараў неабходна паважаць. “Мы просім усіх як у краіне, так і на міжнародным узроўні, паважаць вынікі выбараў, паважаць народ Венесуэлы, які прыняў рашэнне ў міры, і гэта тое, чаго людзі хочуць для будучыні сваёй краіны”, — сказала яна.

Нікалас Мадура падзякаваў ужо суграмадзянам, якія прагаласавалі за яго перавыбранне. Адпаведную заяву ён зрабіў, выступаючы ў нядзелю вечарам перад сваімі прыхільнікамі. “Дзякуй за тое, што былі са мной у час столькіх бітваў, дзякуй за тое, што выбралі мяне прэзідэнтам рэспублікі на перыяд з 2019 па 2025 год”, — сказаў Мадура. Яго прамова трансліравалася ў Twitter.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Нікаласа Мадуру c перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. “Праведзеная электаральная кампанія чарговы раз прадэманстравала, што ў Венесуэле зноў перамагла сапраўдная дэмакратыя і народная справядлівасць. Вынікі выбараў сведчаць пра шырокую падтрымку грамадствам ідэй Баліварыянскай рэвалюцыі і будаўніцтва сацыялізму XXI стагоддзя, якія вы, паважаны Нікалас, мужна абараняеце ў складаных знешнепалітычных умовах і пры эканамічным процідзеянні шматлікіх агрэсіўных сіл”, — гаворыцца ў віншаванні беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь сур’ёзна настроена на далейшае развіццё канструктыўнага беларуска-венесуэльскага дыялогу і ўзаемавыгаднага супра-цоўніцтва ва ўсіх сферах. “Упэўнены, рэалізацыя ўзгодненых сумесных планаў дасць магчымасць у найбліжэйшай перспектыве значна ўмацаваць міждзяржаўнае стратэгічнае партнёрства”, — адзначыў беларускі лідар.