Ніводнае пытанне не застанецца без разгляду і адказу

На імя кіраўніка беларускай дзяржавы ў час падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемства “Вялікая размова з прэзідэнтам” паступіла каля 2,5 тысячы зваротаў. У адпаведнасці з даручэннем Аляксандра Лукашэнкі, работа па іх разглядзе знаходзіцца на асаблівым кантролі ў Адміністрацыі прэзідэнта, заявіла кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, на сённяшні дзень усе звароты сістэматызаваны. Яны накіроўваюцца ў канкрэтныя інстанцыі для далейшага разгляду і прыняцця неабходных мер. Так, пытанні, якія закранаюць праблемы агульнарэспубліканскага ўзроўню, перадаюцца ў Савет Міністраў, профільныя міністэрствы і камітэты. Адпаведна, пытанні мясцовага значэння, звязаныя з канкрэтнымі тэрыторыямі (больш за 40 працэнтаў ад агульнай колькасці зваротаў), — у аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. “Падкрэслю, што, як і сказаў кіраўнік дзяржавы, ніводнае пытанне не застанецца без разгляду і адказу”, — запэўніла Наталля Качанава.

Яна таксама адзначыла, што арганізуецца шырокае асвятленне ў СМІ работы са зваротамі, мясцовыя органы ўлады павінны інфармаваць заяўнікаў. Пытанні, якія маюць больш маштабны характар, будуць асветлены ў Пасланні прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Папярэдні аналіз паказаў, што найбольш актуальнымі і злабадзён­нымі для жыхароў практычна ўсіх рэгіёнаў з’яўляюцца пытанні ўзроўню заработнай платы, пенсійнага забеспячэння, пашырэння магчымасцей выкарыстання сямейнага капіталу, прадастаўлення льгот асобным катэгорыям грамадзян, будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, кампенсацыі грашовых укладаў савецкага перыяду, а таксама адсутнасці дзейс­ных мер, накіраваных на дынамічнае і раўнамернае развіццё рэгіёнаў. Звароты, якія тычацца дзейнасці праваахоўных органаў, склалі прыкладна 10 працэнтаў.

Частка зваротаў мае асабісты характар. Прычым многія з іх паступілі з-за мяжы. Грамадзяне цікавіліся, чаму аддае перавагу Прэзідэнт Беларусі ў галіне культуры, літаратуры і інш. У большасці такіх зваротаў пазітыўна ацэньваецца знешняя і ўнутраная палітыка, якую праводзіць кіраўнік беларускай дзяржавы.