Кітай ніколі не пойдзе на кампраміс у пытанні суверэнітэту, бяспекі і інтарэсаў развіцця краіны, заявіў старшыня КНР Сі Цзіньпін на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 90-годдзю стварэння Народна-вызваленчай арміі Кітая.
Сі Цзіньпін адзначыў, што кітайскі народ з’яўляецца прыхільнікам міру і не імкнецца да агрэсіі і экспансіі.
Ён таксама падкрэсліў, што кітайскі народ ніколі не дазволіць ніводнаму народу, арганізацыі або палітычнай партыі аддзяліць якую-небудзь частку кітайскай тэрыторыі.
“Ніхто не павінен чакаць, што мы праглынём горкія плады, якія наносяць урон нашым суверэнітэту, бяспецы і інтарэсам развіцця”, — сказаў Сі Цзіньпін.
З нагоды 90-годдзя стварэння Народна-вызваленчай арміі Кітая кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі, Старшыні Цэнтральнага Ваеннага Савета Сі Цзіньпіну.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што Узброеныя Сілы КНР ва ўпартых баях доблесна адстаялі незалежнасць сваёй дзяржавы і свабоду кітайскага народа. “Ганаруся, што абаронцы нашых краін аказвалі ўзаемную дапамогу ў барацьбе з сусветным фашызмам і мілітарызмам. У часцях Савецкай Арміі, якія ўдзельнічалі ў баях за Ухань і пры вызваленні паўночнага ўсходу Кітая, служыла нямала беларусаў. Многія з іх былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Разам з кітайскім народам яны ўнеслі свой уклад у абарону міру”, — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзаемадзеянне Беларусі і Кітая ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах з’яўляецца ўзорам узаемавыгаднага супрацоўніцтва, якое мае даверны ўсебаковы стратэгічны характар.
“Упэўнены, што рэарганізацыя і мадэрнізацыя арміі, якія праводзяцца пад вашым кіраўніцтвам, павысяць ступень яе гатоўнасці рэагаваць на патэнцыяльныя пагрозы стабільнасці і бяспецы”, — дадаў прэзідэнт Беларусі.
Ён таксама пажадаў Сі Цзіньпіну моцнага здароўя, міру, дабра і новых здзяйсненняў на карысць краіны і народа.