Ніякіх новых умоў для адмены санкцый быць не павінна

- 10:11Інфармацыйная гадзіна

Беларусь хоча заключыць з ЕС новае пагадненне для развіцця адносін. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

“Мы павінны дабіцца таго, каб пачаць выбудоўваць адносіны з Еўрасаюзам у будучыні на аснове новага дакумента паміж Беларуссю і ЕС. Сёння мы развіваем наша супрацоўніцтва на аснове тых пагадненняў, якія былі заключаны паміж СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю”, — растлумачыў Уладзімір Макей.
Міністр нагадаў, што Беларусь заўсёды выступала за раўнапраўны і паўнацэнны дыялог з заходнімі партнёрамі — ЕС і ЗША. Канчатковым мерапрыемствам пры гэтым павінна стаць поўная адмена абмежавальных мер, што вывела б супрацоўніцтва на зусім новы ўзровень. “Ніякіх новых умоў для адмены санкцый быць не павінна”, — дадаў ён.
Беларусь гатова прыкласці максімум намаганняў для вырашэння турэцка-расійскага канфлікту, заявіў таксама міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
“Беларусь нікому не збіраецца навязваць пасрэдніцкія паслугі. Але мы зыходзім з таго, што націск адзін на аднаго і санкцыі — гэта не метад вырашэння праблем у міждзяржаўных адносінах. Што датычыцца апошніх рознагалоссяў паміж Расіяй і Турцыяй, я ўпэўнены, што рана ці позна ўдасца вырашыць гэты канфлікт”, — сказаў Уладзімір Макей.
Паводле слоў дыпламата, кіраўніцтва Беларусі выказвала свой пункт гледжання на турэцка-расійскі канфлікт лідарам абедзвюх краін. “Мы не можам прымусіць бакі дзейнічаць так, як нам хацелася б, але маем права выказаць свой пункт гледжання. Мы зацікаўлены ў тым, каб канфлікт быў урэгуляваны як мага хутчэй, і гатовы, калі спатрэбіцца, прыкласці максімум намаганняў для гэтага. Гэтак жа, як мы робім па Украіне”, — адзначыў міністр.