Навуковы марафон, прымеркаваны да Дня беларускай навукі, праходзіць у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

У рамках шматдзённага марафону запланавана шмат адметных мерапрыемстваў. Сярод іх — “Ноч навукі”, у якой прынялі ўдзел не толькі студэнты, аспіранты, магістранты, выкладчыкі ўніверсітэта, настаўнікі і вучні ўстаноў адукацыі Баранавіцкага раёна (больш за 350 чалавек), але і прадстаўнікі замежных арганізацый-партнёраў БарДУ (у анлайн-фармаце).
Да апоўначы працавала каля 10 навуковых пляцовак з дзелавымі і інтэлектуальнымі гульнямі, трэнінгамі, конкурсамі, вэбінарамі, інтэрактывамі, дыскусійнымі пляцоўкамі па розных напрамках, прэзентацыямі навуковых даследаванняў, аўтарскімі распрацоўкамі выкладчыкаў і студэнтаў. Так, падчас сацыяльна-педагагічнага трэнінгу “5 soft-skills для выжывання” студэнты і школьнікі “пракачалі” такія важныя якасці, як эфектыўная камунікацыя, крэатыўнае мысленне, калектывізм.
Даволі цікавымі атрымаліся арыент-шоу з элементамі спартыўнага арыентавання і інтэрактыўная рал-ап выстава “Вада і здароўе”, якая ў лютым адправіцца па ўстановах адукацыі і культуры раёна.
Па словах рэктара БарДУ Аляксандра Унсовіча, навуковы марафон накіраваны на папулярызацыю навукова-даследчай дзейнасці сярод моладзі, пашырэнне міжнародных кантактаў і актывізацыю ўзаемадзеяння з зацікаўленымі арганізацыямі, найперш рэгіёна.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.