Новае і добра забытае старое: сродкі візуалізацыі на ўроках Ганны Захар

- 11:20Образование, Портфолио

“Дайце мне рыбу — і будзе ежа на адзін дзень, навучыце лавіць гэтую рыбу — і ежа будзе ўсё жыццё”— гэтыя словы сталі педагагічным крэда настаўніцы пачатковых класаў Іўеўскай пачатковай школы Ганны Захар, якая імкнецца не даваць дзецям гатовых ведаў, а стварае ўмовы, каб яны самі атрымлівалі іх. Толькі тады, лічыць педагог, ісціна набывае каштоўнасць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Паабяцаў — зрабі!

Больш за 30 гадоў Ганна Тадэвушаўна Захар аддала школе, і сёлета яна зноў наб­рала першакласнікаў.

— За тое, што я прыйшла ў педагогіку, вельмі ўдзячна сваім педагогам. З цеплынёй сёння ўспамінаю сваю першую настаўніцу Яўгенію Іванаўну Мазала, класнага кіраўніка ў старшай школе Тэрэзу Яўгенаўну Цурыновіч, якія сталі прыкладам адданасці прафесіі і дзецям, — расказвае Ганна Тадэвушаўна. — А яшчэ я нара­дзілася ў дружнай вялікай сям’і, дзе была самай малодшай. Мае тры старэйшыя браты па сённяшні дзень мяне апякаюць. Мне настолькі было камфортна ад гэтага клопату, што сама пачала глядзець суседскіх дзяцей. І ўжо са школьнага ўзросту хацела быць настаўніцай і іншага варыянта не разглядала.

Добра памятае педагог, як у 80-я гады на апошняй старонцы часопіса “Вясёлка” друкаваліся лялькі з адзеннем. І збіранне гэтых лялек, рассаджванне іх за парты і навучанне было для Ганны і яе сябровак любімым заняткам.

— З малодшымі школьнікамі мне вельмі камфортна працаваць. Часам прыхо­дзіш на работу ў дрэнным настроі, адчыняеш дзверы ў клас, бачыш 18 пар дапытлівых зіхатлівых вачэй, усмешкі на тварах вучняў — і прыходзіць разуменне, што ты ім патрэбен. Тады ўсё дрэннае адыходзіць убок, ты атрымліваеш станоўчы зарад энергіі. Дзеці дзеляцца сваімі пачуццямі, уражаннямі, а часам і самым патаемным, — гаворыць Г.Т.Захар.

Павышаную ўвагу педагог удзяляе дысцыпліне. На першым бацькоўскім схо­дзе яна гаворыць бацькам, што, калі не бу­дзе дысцыпліны ў класе, не будзе ведаў: не важна, якія здольнасці ў дзіцяці, яно прос­та не будзе чуць настаўніка.

Ганна Тадэвушаўна — чалавек адкрыты, творчы, актыўны. Вакол яе заўсёды пануе атмасфера добразычлівасці. Яна імкнецца ў кожным дзіцяці запаліць іскрынку творчасці, дапамагчы сваім вучням рэалізаваць сябе ва ўменні правільна наладжваць узаемаадносіны, навучыць іх быць цікавымі іншым людзям, раскрыць таленты кожнага дзіцяці, таму што пераканана, што неталенавітых дзяцей не бывае, проста неабходна больш уважліва прыгля­дзецца да кожнага.

Педагог вучыць малодшых школьнікаў быць шчырымі і праўдзівымі. Яна прытрымліваецца прынцыпу, якому вучыць і сваіх выхаванцаў: калі не ўпэўнены, што зробіш, — не абяцай, а калі паабяцаў, то зрабі.

Вельмі важным педагог лічыць фарміраванне ў дзяцей адэкватнай самаацэнкі. І гэтая работа пачынаецца з 1 класа. На кожным уроку навучэнцы выкарыстоўваюць лінеечкі самаацэнкі. Спачатку дзіця ацэньвае сябе: выкананне канкрэтнага задання ці работу на ўроку ў цэлым, а затым настаўнік ацэньвае зробленае навучэнцам.

Ніводнай мінуты дарэмна

Як адзначаюць калегі Ганны Тадэвушаўны, у яе атрымліваюцца аднолькава добра ўсе ўрокі: ці гэта ўрок рускай мовы ці матэматыкі, працоўнага навучання ці выяўленчага мастацтва. На занятках для вучняў падбіраецца аптымальны тэмп, выкарыстоўваюцца дыдактычныя матэрыялы, тэхнічныя сродкі. Поспеху ў адукацыйным працэсе настаўніца дасягае дакладным планаваннем не толькі будучага ўрока, але і ўсёй сістэмы ўрокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў. Наглядныя дапаможнікі, карткі, табліцы, метадычныя прыёмы дапамагаюць ёй так пабудаваць вучэбны працэс, што вучні не страчваюць дарэмна ніводнай мінуты, у іх развіваецца творчая актыўнасць, лагічнае мысленне, памяць, увага.

У практыку работы педагога трывала ўвайшлі гульнявыя тэхналогіі, тэхналогія праблемнага навучання. Больш за 10 гадоў педагог актыўна выкарыстоўвае мнагамерную дыдактычную тэхналогію, якая дазваляе сістэматызаваць вучэбны матэрыял.

Паспяхова рэалізоўвае настаўніца выхаваўчы патэнцыял урока. Ганна Тадэвушаўна ўваходзіла ў склад творчай групы педагогаў, якія ўдзельнічалі ў стварэнні абласнога электронна-метадычнага рэсурсу “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на ўроку”, і распрацоўвала вучэбныя модулі па матэматыцы. Зроблена 56 вучэбных модуляў, заданні якіх накіраваны на рэалізацыю грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

— Каб задаволіць запыты грамадства, што прад’яўляюцца да адукацыі, неабходна не толькі актыўна выкарыстоў­ваць інавацыйныя сродкі, але і адаптаваць ужо вядомыя метадычныя прыёмы да сучаснага адукацыйнага працэсу, паляпшаючы і мадэрнізуючы іх. Адным з такіх сродкаў з’яўляецца тэхналогія візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, якая вырашае цэлы шэраг педагагічных задач, — адзначае Г.Т.Захар. — Хоць паняцце візуалізацыі з’явілася зусім нядаўна, візуальныя сродкі маюць даўнюю гісторыю. А нам, педагогам, гэтае паняцце знаёма пад назвай аднаго з традыцыйных педагагічных прынцыпаў — прынцыпу нагляднасці. У адукацыйным працэсе склалася некалькі тэхнік візуалізацыі. Некаторыя з іх я актыўна выкарыстоўваю ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

Адзін са сродкаў візуалізацыі — фотакалаж. Настаўніца стварае фотакалажы як уручную, выкарыстоўваючы папяровую або тэкстыльную аснову і раздрукаваныя фотаздымкі (насценная газета, прымеркаваная да прадметнага тыдня, або куток класа “Сяброўствам трэба даражыць”), так і з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. Найбольшую перавагу аддае інтэрнэт-сэрвісам canva.com і progif.ru, дзе прадстаўлена вялікая колькасць шаблонаў, зручны і лёгкі інтэрфейс, а таксама сэрвісам Google, у прыватнасці Google-малюнкам і прэзентацыям, дзе, дзякуючы сумеснай рабоце з дзецьмі, атрымліваецца не толькі стварыць карысны матэрыял, але і замацаваць веды па пэўных тэмах, напрыклад, па тэме “Геаметрычныя фігуры”.

У практыцы работы настаўніцы ёсць месца скрайбінгу — спосабу візуалізацыі інфармацыі з дапамогай графічных сімвалаў, якія проста і дакладна адлюстроўваюць яе змест. Часцей за ўсё Ганна Тадэвушаўна выкарыстоўвае маляваны скрайбінг. Настаўніца прапаноўвае навучэнцам намаляваць прыказку альбо фразеалагізм на пэўную тэму. Скрайбінг выкарыстоўваецца пры вывучэнні новага матэрыялу, замацаванні і абагульненні.

Варыятыўна і творча

Для арганізацыі заняткаў прымяняецца і стужка часу, якая ствараецца ў сэрвісах smartdraw.com, time.graphics и learningapps.org. Пры дапамозе стужкі часу вучні знаё­мяцца з пісьменнікамі і паэтамі, вывуча­юць гады заснавання гарадоў.

Для трывалага запамінання малодшымі школьнікамі напісання слоўнікавых слоў актыўна выкарыстоўваецца воблака слоў. З дапамогай інтэрнэт-рэсурсу wordscloud.com настаўніца стварыла аблокі з слоўнікавых слоў і падзяліла па арфаграмах: адно воблака з неправяраемай галоснай а, іншае воблака з правяраемай галоснай. Прычым такі метад візуалізацыі педагог прымяняе на ўроку беларускай мовы як дыдактычны матэрыял і ў электронным выглядзе, і ў друкаваным.

Актыўна працуе Г.Т.Захар з інфаграфікай — графічным спосабам падачы інфармацыі, даных. Педагог выкарыстоўвае схемы, табліцы, памяткі, плакаты, рабочыя лісты. Дзякуючы інтэрнэт-рэсурсу smartdraw.com, атрымліваецца скараціць час на распрацоўку дыдактычнага матэ­рыялу, выкарыстоўваючы вялікую колькасць прадастаўленых шаблонаў. Пры дапамозе інфаграфікі навучэнцы на выхаваўчых мерапрыемствах вывучаюць правы дзяцей. У інтэрактыўнай гульні, створанай у сэрвісе learningapps.org, дзецям неабходна злучыць графічны малюнак з адпаведным правам. У выніку быў створаны кластар “Нашы правы”.

У сваёй рабоце настаўніца таксама выкарыстоўвае кросенс. Кросенс азначае “скрыжаванне сэнсаў”. Дзевяць малюнкаў расстаўлены ў ім такім чынам, што кожная карцінка мае сувязь з папярэдняй і наступнай, а цэнтральная аб’ядноўвае па сэнсе адразу некалькі.

—  Кросенс прымяняю часцей за ўсё на ўроках па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”. Напрыклад, прапаную кросенс “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Задача навучэнцаў — растлумачыць кросенс, скласці апавяданне — асацыятыўны ланцужок з дапамогай узаемасувязі выяў. Дзякуючы выразнаму прадстаўленню ў выглядзе малюнкаў, навучэнцы змогуць лепш уявіць гэтыя падзеі і хутчэй запомніць іх, — тлумачыць педагог.

У арганізацыі адукацыйнага пра­цэсу на дапамогу настаўніцы прыхо­дзяць інтэ­лект-карты. Прычым не толькі на вучэбных занятках (пры выкладанні, замацаванні, паўтарэнні матэрыялу, а таксама пры абагульненні і сістэматызацыі атрыманых ведаў), але і на выхаваўчых ме­рапрыемствах. Уласцівасці інтэ­лект-карты — сучаснасць, нагляднасць, крэатыўнасць.

— Першапачаткова інтэлект-карты малявалі разам з навучэнцамі выключна на паперы пры дапамозе ручкі і фламастараў, пазней у праграме MS PowerPoint. А цяпер складаю інтэлект-карты з дапамогай сэрвісаў для стварэння ментальных карт: miro.com, mindomo.com, якія дазваляюць распрацаваць карту не толькі самому, але і ў камандзе, дзякуючы функцыі сумеснага рэдагавання, — расказвае педагог.

Пры рацыянальным выкарыстанні сродкі візуалізацыі інфармацыі дазваляюць кожны ўрок зрабіць яркім і прадукцыйным. У малодшых школьнікаў з’яўляецца свабода творчай дзейнасці, павышаецца матывацыя, фарміруецца атмасфера дзелавога супрацоўніцтва. Галоўнае — выкарыстоўваць іх варыятыўна, творча, у залежнасці ад уласных прафесійных уменняў, мэт, задач і зместу адукацыйнага працэсу, з улікам узроста­вых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара