Новае пакаленне беларускіх лётчыкаў прадоўжыць славутыя традыцыі

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Беларускія лётчыкі будуць дастойна прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на ўрачыстым адкрыцці 16-га чэмпіянату свету па верталётным спорце на аэрадроме Ліпкі.

“Упэўнены, што новае пакаленне беларускіх лётчыкаў прадоўжыць эстафету ў пакарэнні “пятага акіяна” і будзе дастойна прадстаўляць сваю радзіму на міжнародных спаборніцтвах”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што ў Беларусь прыбыло нямала знакамітых лётчыкаў, чый прафесіяналізм быў неаднаразова адзначаны высокімі ўзнагародамі і выклікаў шчырае захапленне ў самай патрабавальнай публікі. “Лепшыя лётчыкі свету будуць дэманстраваць унікальнае майстэрства пілатавання складанай авіяцыйнай тэхнікі”, — дадаў ён.

Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць, што кожны ўдзельнік спаборніцтваў будзе імкнуцца паказаць усё, на што здольны: віртуознае выкананне складаных фігур і заданняў, цярпенне, псіхалагічную ўстойлівасць, волю да перамогі.

Беларусь заўсёды славілася добрымі лётнымі традыцыямі. У гады Вялікай Айчыннай вайны выхаванцы беларускіх аэраклубаў унеслі важкі ўклад у барацьбу з ворагам. Толькі з ліку выпускнікоў Мінскага аэраклуба 15 лётчыкаў былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, іх імёны — на мемарыяле, нядаўна адкрытым на яго тэрыторыі.

У скарбонку высокіх дасягненняў лётнага майстэрства свой важкі ўклад унеслі беларускія лётчыкі-касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук, якія двойчы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, Герой Расіі Алег Навіцкі, выдатны лётчык-выпрабавальнік Герой Расіі Яўген Фралоў.

Арганізатарамі чэмпіянату выступаюць ДТСААФ і Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту. У час урачыстага адкрыцця на Як-55 выступіла пілатажная група нацыянальнай зборнай Беларусі Магілёўскага аэраклуба.

Таксама на аэрадроме можна ўбачыць узоры лятальных апаратаў, уключаючы ўнікальны По-2 — гэта адзіная ў краіне копія легендарнага самалёта, якая будзе лятаць. З выставай азнаёміўся і прэм’ер-міністр.

У спаборніцтвах прымуць удзел 37 экіпажаў з розных краін. Самай шматлікай з’яўляецца расійская зборная, якая прадстаўлена 13 экіпажамі. Пазмагацца за ўзнагароды таксама прыляцелі верталётчыкі з Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Кітая і Украіны.