Новае пакаленне патрыётаў

- 10:58Нам пішуць

У апошні час актыўна распрацоўваюцца праекты профільных летнікаў: IT-летнікі, моўныя, ваенна-спартыўныя, ваенна-патрыятычныя і інш. Педагагічны калектыў сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска арганізаваў працу патрыятычнай змены “Мы — новае пакаленне” (66 вучняў ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў) аздараўленчага летніка “Вясёлка” з дзённым знаходжаннем. Па-першае, тэматыка змены адпавядае святкаванню Года малой радзімы. Па-другое, школа не толькі сочыць за здароўем, навучаннем і развіццём вучняў, але і, безумоўна, спрыяе росту грамадскай самасвядомасці дзіцяці, адчуванню нацыянальнай прыналежнасці, гонару за краіну і яе знакамітых сыноў і дачок.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце кіраўнік праекта па стварэнні патрыятычнага летніка А.А.Смахціна так аргументавала выбар дадзенай накіраванасці: “Асноўная ідэя змены — вандраванне па родным горадзе, вывучэнне гістарычных і культурных аб’ектаў Мінска, выхаванне любові да беларускага народа,унікальнай культурнай спадчыны. Дзеці праяўляюць максімум самастойнасці, ім не даецца гатовая інфармацыя, а толькі прапаноўваюцца кірункі дзейнасці ў вывучэнні культурных здабыткаў малой радзімы. Старшыя вучні актыўна выступаюць у ролі ментараў для малодшых школьнікаў”.

Гэтая ідэя рэалізоўвалася з дапамогай прымянення разнастайных форм і метадаў выхаваўчай работы. Зыходзячы з асноўнай мэты, былі распрацаваны мерапрыемствы на кожны дзень, які меў пэўную назву і адпавядаў канкрэтнаму аспекту патрыятычнага выхавання. Напрыклад, дзень “Рэкламую Мінск!” прадугледжваў гульню з падзелам вучняў на каманды, кожная з якіх прадстаўляла беларускую сталіцу для ўмоўных замежных гасцей: складала план экскурсій і праводзіла іх, займалася распрацоўкай буклетаў на беларускай і англійскай мовах, стварала відэа- і фотапраекты.

Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей карысталіся квесты. Размяшчэнне школы ў гістарычнай частцы горада дазволіла арганізаваць у парку імя Марата Казея гістарычна-пазнавальную гульню, наладзіць прыгодніцкі маршрут па парку Янкі Купалы. Сумесная творчая дзейнасць заўсёды аб’ядноўвае выхаванцаў, вучыць іх працаваць у камандзе. З гэтай мэтай былі арганізаваны конкурс чытальнікаў “Беларусь мая сінявокая”, конкурс ваеннай песні “І памятае свет выратаваны…”, а таксама “Пальчыкавы тэатр: самі ствараем і самі іграем”, тэатр-экспромт “Мая любiмая казка”. Экскурсаводы-пачаткоўцы распрацоўвалі маршрут па школьным музеі М.Ф.Гастэлы, дзе праходзіла часовая выстава малюнкаў і плакатаў вучняў, прысвечаная 74-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пераможцы конкурсу “Дарогамі вайны” набылі першы журналісцкі вопыт: іх матэрыялы пра герояў Вялікай Айчыннай надрукавалі на старонках газеты “Пераходны ўзрост”.

— На свежым паветры вучням прапаноўвалася, акрамя вядомых спартыўных гульняў, прадэманстраваць сілу і спрыт у беларускіх народных гульнях “Іванка”, “Лянок”, “Пераскоч гару”, “Браднік”. Такія рухавыя гульні ў комплексе з іншымі выхаваўчымі сродкамі з’яўляюцца асновай як для фарміравання ў вучняў неабходных фізічных якасцей і навыкаў, так і выхавання ў іх нацыянальнай самасвядомасці і цікавасці да багатай гісторыі і культуры нашага народа, — дзеліцца метадычным вопытам начальнік школьнага патрыятычнага летніка Вольга Уладзіміраўна Маркевіч.

Школьнікі ўспрымаюць навакольную рэчаіснасць даволі эмацыянальна, а пачуццё патрыятызму абвастраецца пры знаёмстве з горадам, яго сівой мінуўшчынай, падчас падарожжаў ці экскурсій па краіне, на ўроках, дзе вывучаюць багацці беларускай зямлі. Толькі працяглае, сістэматычнае і мэтанакіраванае далучэнне вучняў да пазнання таямніц малой радзімы, усхваленне яе прыгажосці прывядзе да чаканага выніку — выхаванай, удзячнай роднай зямлі і людзям асобы.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска.