Менавіта такі стыль жыцця абіраюць для сябе, а таксама вучаць беражлівасці тых, хто побач, навучэнцы сярэдняй школы № 11 Ліды. Аб рабоце школьнага рэсурснага цэнтра, вучнёўскіх акцыях і школьных праектах мы гутарым з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Л.М.ВІДЗЕВІЧ.
— Людміла Мар’янаўна, з чаго пачыналася ў школе работа па прапаганде энергазберажэння і выхаванні ў дзяцей руплівага стаўлення да выкарыстання рэсурсаў?
— Яшчэ ў 2009 годзе мы паставілі задачу: знайсці новыя падыходы і спосабы выкарыстання цепла і электраэнергіі. Разам з шэрагам праведзеных тэхнічных мерапрыемстваў шырокая адукацыйная дзейнасць з навучэнцамі, прапагандысцкая — з насельніцтвам і бацькамі, інфармацыйная — з зацікаўленымі дзяржаўнымі арганізацыямі дазволіла значна павысіць узровень змястоўнага напаўнення мерапрыемстваў у галіне энерга- і рэсурсазберажэння. Педагогі школы эфектыўна выкарыстоўваюць магчымасці вучэбных прадметаў і пазаўрочных мерапрыемстваў для выхавання ў навучэнцаў культуры энергаспажывання. Энергазберажэнне стала стылем жыцця вучняў, іх бацькоў, работнікаў школы.
— Як гэтыя прынцыпы рэалізоўваюцца ў вучэбным працэсе?
— У школе рэалізоўваецца комплекс мерапрыемстваў па фарміраванні эканомных і беражлівых адносін да энергарэсурсаў, навакольнага асяроддзя і жыллёвага фонду. 100% навучэнцаў 1—11 класаў ахоплены пастаянна дзеючымі формамі выхавання эканоміі і беражлівасці. Традыцыйнымі сталі тыдні эканоміі і беражлівасці, удзел у рэспубліканскіх, абласных, раённых і ўнутрышкольных конкурсах і акцыях па энергазберажэнні — “Энергамарафон”, “Здай батарэйку — дапамажы прыродзе”, “Энергія і асяроддзе пражывання”, “Здай макулатуру — зберажы дрэва”, “Папяровы бум”, “Гадзіна Зямлі”, “Нашы папяровыя кілаграмы выратуюць бярозку ад піларамы”, “Зберажом прыроду: пластыкавую бутэльку — на службу народу”, “Птушыная хатка”, цыкл інфармацыйных гадзін па энергазберажэнні.
Навучэнцы атрымліваюць практычныя навыкі эканоміі і беражлівасці на факультатыўных занятках “Азбука Берагошы” (2-я класы), “Энергаэфектыўнасць: вытворчае і бытавое энергазберажэнне, энергакарыстанне і эканомія” (9—10 класы). Пры правядзенні заняткаў асноўны ўпор робіцца на пытанні энергазберажэння ў побыце і на вытворчасці, прававую базу ў гэтай сферы, а таксама практычныя заняткі, у тым ліку энергааўдыт кватэр, сацыялагічныя даследаванні па праблеме энергазберажэння.
— Зрабіць так, каб навучэнцы кіраваліся атрыманымі ведамі ў жыцці, — няпростая задача. Важнай тут з’яўляецца і пазаўрочная дзейнасць.
— Адным з нашых новаўвядзенняў з’яўляецца ідэя ланцуговай рэакцыі беражлівасці — уцягванне ў акцыю па энергазберажэнні найбольшай колькасці людзей (вучняў, педагогаў, бацькоў, жыхароў мікрараёна, горада), асвета іх па пытаннях беражлівага і эканомнага стаўлення да энергарэсурсаў. З гэтай мэтай школьнікамі і педагогамі адзін раз у чвэрць у рамках шостага школьнага дня арганізоўваецца пастаянна дзеючая акцыя “Ланцуговая рэакцыя”, падчас якой адбываецца далучэнне да праблем энергазберажэння вялікай колькасці людзей.
Падчас акцый дзеці маюць зносіны з жыхарамі горада, што дазваляе сфарміраваць у школьнікаў сацыяльную актыўнасць. З кожным годам пашыраецца прастора дзейнасці членаў “Энергетычнага патруля”, у які ўваходзяць навучэнцы старшых класаў, члены савета лідараў.
З мэтай прапаганды ідэі аб магчымасці кожнага чалавека ўнесці свой уклад у эканомію рэсурсаў і энергіі з верасня 2016 года ў школе рэалізоўваецца новы праект “270 дзён беражлівасці”, у рамках якога на працягу навучальнага года для вучняў, педагогаў і бацькоў праходзяць творчыя мерапрыемствы, акцыі, якія выхоўваюць беражлівасць і эканомнае стаўленне да матэрыяльных, энергетычных, прыродных рэсурсаў.
— Якія яшчэ праекты па энергазберажэнні былі рэалізаваны?
— Пад кіраўніцтвам педагогаў школы навучэнцы распрацоўваюць і рэалізоўваюць праекты, тэматыку якіх выбіраюць, зыходзячы з уласных інтарэсаў. Праекты тычацца праблем рацыянальнага прыродакарыстання, прыродных рэсурсаў, пытанняў забруджвання навакольнага асяроддзя. Так, у 2014—2016 гадах рэалізаваны праекты “Падары цяпло іншаму” (уцяпленне аконных блокаў у дамах пажылых адзінокіх людзей, выраб і раздача цёплых вязаных шкарпэтак), “Уключайся ў энергазберажэнне!” (прапаганда ідэі энерга- і рэсурсазберажэння сярод насельніцтва горада праз правядзенне інфармацыйна-тлумачальнай работы), “Адпусці кнігу!” (буккросінг), “Ператворым адходы ў даходы” (збор другаснай сыравіны: макулатуры, металалому, пластыку, адпрацаваных батарэек). Эфектыўныя меры па энергазберажэнні не абавязкова павінны быць складанымі і дарагімі. Часта можна простымі сродкамі дасягаць істотнага эфекту эканоміі.
На пасяджэнні савета лідараў школы ў 2015/2016 навучальным годзе было прынята рашэнне арганізаваць відовішчныя інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы для грамадскасці горада. Выступленні агітбрыгад — удзельніц конкурсу “Энергамарафон-2015”, “Энергамарафон-2016” праведзены для выхаванцаў ясляў-сада № 19 Ліды, работнікаў ААТ “Лідская мэблевая фабрыка”, бацькоў на агульнашкольным бацькоўскім сходзе. Праводзяцца флэш-акцыі “Новае пакаленне выбірае энергазберажэнне” ў розных мікрараёнах горада.
Навучэнцамі створана свая экакаманда ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Справаздачы аб усіх мерапрыемствах можна ўбачыць у школьнай газеце “Вялікі перапынак”, якая размешчана на сайце школы.
Вучням 1—4 класаў цікавыя конкурсы малюнкаў “Захавай прыроду — захавай жыццё”, вершаў і казак “Краіна беражлівасці”. Навучэнцы 7—8 класаў прынялі ўдзел у конкурсе сацыяльнай рэкламы “Новы погляд”. Лепшыя ролікі былі размешчаны на сайце школы. Навучэнцы 9—11 класаў выбіраюць даследчы падыход да вырашэння праблем, праводзяць эксперыментальныя назіранні, разлікі, абагульняюць іх і вучацца рабіць высновы па атрыманых выніках і потым рэалізоўваць іх на практыцы.
— Што вы лічыце галоўным дасягненнем школы па выхаванні рацыянальнага стаўлення да прыродных рэсурсаў?
— Паказчыкам выніковасці работы школы па гэтым напрамку з’яўляецца змяненне адносін навучэнцаў да праблемы энергазберажэння ў школе, дома, у краіне. Па выніках анкетавання жыхароў мікрараёна школы ў маі 2017 года выяўлена, што 78% апытаных лічаць сябе эканомнымі спажыўцамі электраэнергіі, 58% імкнуцца набываць абсталяванне з энергазберагальнымі тэхналогіямі, 60% карыстаюцца энергазберагальнымі асвятляльнымі прыборамі.
У 2016 годзе сярэдняя школа № 11 Ліды адзначана дыпломам II ступені ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыi” з атрыманнем сертыфіката на 20 000 дэнамінаваных беларускіх рублёў для ўкаранення энергаэфектыўных мерапрыемстваў. У чацвёртым квартале 2017 года на выдзеленыя сродкі будзе ажыццяўляцца замена вокнаў у будынку школы.
Дзякуючы намаганням калектыву па стварэнні сістэмы энергазберагальнай адукацыі, на базе школы ў верасні 2015 года створаны рэсурсны цэнтр, магчымасцямі якога могуць скарыстацца педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, педагогі дадатковай адукацыі, зацікаўленыя ведамствы Лідчыны.
— Як ажыццяўляецца работа цэнтра?
— Работа цэнтра вядзецца па некалькіх кірунках: адукацыйная дзейнасць праз інтэграцыю пытанняў энергазберажэння ў змест вучэбных прадметаў, распрацоўку матэрыялаў для факультатыўных заняткаў і пазакласнай работы з навучэнцамі; інфармацыйна-аналітычная дзейнасць праз забеспячэнне ўзаемадзеяння ўсіх службаў як унутры школы, так і з іншымі ўстановамі, якія працуюць па праблемах энергазберажэння, размяшчэнне інфармацыі энергазберагальнага характару на сайце школы, інфармацыйнае забеспячэнне агульнашкольных адкрытых мерапрыемстваў, правядзенне кансультацый па пытаннях энергазберажэння.
У маі 2017 года створаны блог “Энергаэфектыўная школа”, на якім размешчана інфармацыя, фотасправаздачы аб праведзеных мерапрыемствах, ініцыятывах навучэнцаў.
У школе ў новым навучальным годзе запланавана правядзенне тэхнічных мерапрыемстваў — укараненне аўтаматычнага кіравання асвятленнем калідораў, санвузлоў, замена вокнаў, устаноўка лямпаў на аснове святлодыёдаў новага пакалення. Будзе прадоўжана трансляцыя вопыту работы рэсурснага цэнтра праз блог, у рамках раённага семінара намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, пашырэнне супрацоўніцтва з установамі адукацыі, прадпрыемствамі па прапагандзе энергазберажэння. Дырэктар нашай школы Ганна Аляксандраўна Хвайніцкая ініцыіравала ўключэнне пытання энергазберажэння ў парадак дня пасяджэння Лідскага раённага выканаўчага камітэта.
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.