Новае жыццё старога млына

- 16:58Культура

Нашы продкі шырока выкарыстоўвалі энергію ветру і вады, таму і млыны былі калісьці характэрнай часткай беларускіх краявідаў. Млыны, як і людзі, жылі, працавалі, пасля зношваліся і паміралі. У праведзенай з удзельнікамі аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства” сярэдняй школы № 12 Жлобіна Кацярынай Бажынскай і Валянцінай Шкодай даследчай працы “Новае жыццё старога млына” мы разгледзелі мінулае малой радзімы, а дакладней, гісторыю ветранога млына шатровага тыпу ў вёсцы Ляды Жлобінскага раёна, які знаходзіўся там да 2005 года.

Прыемна, кaлi адкрываеш выданне “Збор помнікаў гісторыі i культуры Беларусі. Гомельская вобласць” і знахо­дзіш інфармацыя пра млын з вёскі Ляды Жлобінскага раёна. Невялікі тэкст аўтара Ю.А.Пятросавай дае наступнае апісанне: “Млын шатровага тыпу з 2 жорнавымі паставамі ўяўляе сабой васьмігранную ўсечаную піраміду каркаснай канструкцыі, якая стаіць на драўляным зрубе. Завершаны васьмігранным шатром, які паварочваецца вакол вертыкальнай восі пры дапамозе дзвюх кансолей. Асновай канструкцыі з’яўляецца магутны слуп-матавіла. На слуп пасаджана кола-шасцярня, што прыводзіць у pyx жорнавыя паставы. Цяпер млын мае электрычны прывод”.

На жаль, на месцы, дзе першапачаткова знаходзіўся млын, засталіся толькі яго рэшткі. Жыхарам вёскі Ляды крыўдна, бо млын быў часткай гісторыі іх малой радзімы. “Няма млына, хутка не стане i вёскі”, — з горыччу жартуе Анастасія Савельеўна Фамянок. Прыкра, што ў нашым раёне не знайшлося сродкаў для аднаўлення млына на яго гістарычным месцы. Спадчынніца млына Анастасія Савельеўна Шарнікава падарыла млын фермеру са Светлагорска Уладзіміру Іванавічу Быхаўцаву. Дбайны гаспадар перавёз яго ва ўрочышча Міколін Востраў Светлагорскага раёна і цалкам аднавіў. Фермер-энтузіяст дакладна запісаў гісторыю млына, галоўныя яго этапы пазначаны на вялікім валуне, які ляжыць каля адноўленага ветрака.

Дакладную дату будаўніцтва млына ўстанавіць не ўдалося, але можна сказаць, што ён з’явіўся ў першай палове XIX ст. Такую выснову мы з вучнямі зрабілі з надпісу на дэталях: на адным жарне стаіць дата 1848 г., а на другім — 1878 г. Дык якая гісторыя млына? У 1924 годзе ў вёсцы Будка-Шыбенцы Рэчыцкага раёна купіў млын Мікалай Карпавіч Фамянок. Руплівы гаспадар перавёз яго на хутар паблізу Лядаў. Да Мікалая Карпавіча звярталіся жыхары як вёскі, так і ўсёй ваколіцы. На млыне працавалі дзеці Трафім і Савелій, млын прыносіў пэўны даход. Але ў час калектывізацыі млын быў канфіскаваны i перададзены ў мясцовы калгас. Мікалая Карпавіча Фамянка i яго абодвух сыноў з сем’ямі адправілі ў Казахстан як ворагаў народа. Савелій так і не змог вярнуцца ў вёску — загінуў, вярнулася толькі яго дачка, Настасся. З таго часу млын знаходзіўся ў мясцовым калгасе, працаваў ад энергіі ветру, а ў 80-я гады ХХ ст. яго далучылі да электрычнасці.

У савецкія часы на млыне працаваў Васіль Трафімавіч Фамянок (1921 года нараджэння). Васіль Трафімавіч — унук Мікалая Карпавіча. З аповеду вяскоўцаў мы даведаліся, што млынар быў ветлівым i вясёлым чалавекам. Да млына заўсёды ішлі фурманкі з мяхамі — exaлi з усёй ваколіцы. У Васіля Трафімавіча была мянушка — Белы. Ды так яно i было на самай справе — заўсёды ў муцэ, заўсёды белы. Вельмі часта да яго прыхо­дзілі проста незнаёмыя людзі, прасілі паказаць млын. Жыхары вёскі Ляды Жлобінскага раёна памятаюць гісторыю млына, яго былога гаспадара і могуць расказаць шмат цікавых гісторый, звязаных з млынам і вёскай.

На прыкладзе былога млына ў Лядах мы хацелі паказаць, як лёс ветрака цесна пераплятаўся з гісторыяй вёскі, яе жыхароў. Мы заклікаем берагчы спадчыну, рабіць усё магчымае для захавання гістарычных помнікаў свайго краю, каб яны знахо­дзіліся на родным месцы. 

Ірына АЛЯКСЕЕНКА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 12 Жлобіна.
Фота аўтара.