Новаўвядзеннем выставы “СМІ ў Беларусі” стане дзень рэгіянальнай прэсы

У XХII Міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі”, якая адбудзецца 3—5 мая, прымуць удзел 50 экспанентаў. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель.

Аб сваім удзеле ў выставе заявілі 50 экспанентаў, якія прадставяць каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Экспазіцыйная плошча выстаўкі складзе 1 тысячу кв.м. Экспанентамі стануць таксама пасольствы КНР і Турцыі. Удзельнічаць будуць СМІ Кастрамской вобласці, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі.

Адкрыццё XХII Міжнароднай спецыялізаванай выставы адбудзецца 3 мая, а вечарам гэтага ж дня пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XIV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера”.

Новаўвядзенне цяперашняй выставы СМІ — Дзень рэгіянальнай прэсы, ён пройдзе 4 мая. Рэгіянальная прэса адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю, а чытач патрабавальны да рэгіянальнай прэсы, адзначыла Таццяна Хмель.

Выстава “СМІ ў Беларусі” прапануе насычаную праграму мерапрыемстваў, у тым ліку будуць арганізаваны сумесныя праекты СМІ. Сярод найбольш цікавых — круглы стол, прысвечаны Году малой радзімы ў Беларусі, які арганізоўваюць РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” сумесна з “Настаўніцкай газетай”.

У дні работы выставы пройдуць прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.

Асаблівасцю цяперашняй выставы стане дзіцячая пляцоўка, найбольшая колькасць мерапрыемстваў для дзяцей пройдзе 5 мая. Гэты дзень аб’яўлены на выставе днём дзяцей і моладзі.