Новаўвядзенні выбарчай кампаніі – 2015

- 12:26Выбары 2015

11 кастрычніка 2015 года адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, датэрміновае галасаванне праводзіцца 6-10 кастрычніка. Прававой асновай для правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, а таксама некаторыя іншыя прававыя акты. 8 снежня 2013 года ўступілі ў сілу папраўкі ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Таму гэта выбарчая кампанія будзе праходзіць з улікам змяненняў у выбарчым заканадаўстве. Акрамя таго, у 2015 годзе будзе значна павышана інфармаванасць выбаршчыкаў, новыя магчымасці атрымаюць людзі са слабым зрокам і сляпыя. Разгладзім, што новага ў параўнанні з папярэднімі выбарамі Прэзідэнта Беларусі чакае выбаршчыкаў і ўдзельнікаў кампаніі.

Створаны інфармацыйны рэсурс ВЫБАРЫ-2015

У 2015 годзе пачаў работу інфармацыйны рэсурс ВЫБАРЫ-2015 (www.vybory2015.by), дзе асвятляюцца самыя важныя падзеі па электаральнай тэматыцы.
На рэсурсе можна знайсці інфармацыю аб ініцыятыўных групах, дапушчаных да ўдзелу ў зборы подпісаў (іх зарэгістравана восем), а таксама аб іх каардынатарах па рэгіёнах. Публікуюцца апошнія навіны са сродкаў масавай інфармацыі, якія непасрэдна датычацца выбараў.
Карыстальнікі змогуць пры неабходнасці на адным рэсурсе атрымаць поўную інфармацыю аб выбарчай кампаніі.
Акрамя таго, з інфармацыяй, што датычыцца падрыхтоўкі і правядзення выбарчай кампаніі, можна азнаёміцца на сайце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (www.rec.gov.by).

Новыя магчымасці атрымаюць людзі са слабым зрокам і сляпыя

Сляпыя грамадзяне Беларусі змогуць прагаласаваць на выбарах Прэзідэнта Беларусі самастойна, без чужой падтрымкі. Пры гэтым для жадаючых людзей з праблемамі зроку будзе захавана магчымасць прагаласаваць з дапамогай іншых асоб. “Сляпы выбаршчык, любы іншы інвалід, які не можа самастойна запоўніць бюлетэнь, будзе мець магчымасць скарыстацца дапамогай іншага грамадзяніна”, – інфармаваў Мікалай Лазавік.
ЦВК распрацаваў разам з Таварыствам інвалідаў па зроку спецыяльны праект. У 2015 годзе на кожным выбарчым участку для самастойнага галасавання інвалідаў па зроку будуць падрыхтаваны інфармацыйныя матэрыялы, надрукаваныя шрыфтам Брайля. Акрамя гэтага, ЦВК рэкамендаваў, каб на кожным участку былі спецыяльныя трафарэты, якія дадуць магчымасць інвалідам па зроку самастойна запоўніць і апусціць бюлетэнь ва урну, а таксама лупы для людзей са слабым зрокам.
Таксама на сайце Цэнтрвыбаркама з’явілася версія для людзей са слабым зрокам.

Кандыдаты могуць выкарыстоўваць для агітацыйнай кампаніі свае фонды

У гэту прэзідэнцкую кампанію адменена дзяржаўнае фінансаванне агітацыйных кампаній кандыдатаў у прэзідэнты, ім трэба будзе самім фінансаваць свой удзел у перадвыбарнай гонцы. Як адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, адыход ад бюджэтнага фінансавання ў агітацыйнай кампаніі, абумоўлены змяненнямі ў выбарчым заканадаўстве, прадаставіў кандыдатам больш шырокае поле для дзейнасці.

Кандыдаты могуць выкарыстоўваць для агітацыйнай кампаніі свае фонды, памер якіх павялічаны ў тры разы – з 3 тысяч да 9 тысяч базавых велічынь. На сёння максімальны памер фонду складае Br1 млрд 620 млн (01.01.2015 устаноўлены памер базавай велічыні Br180 000). Пры гэтым знята абмежаванне памеру грашовых сродкаў, якія можа ўнесці ў фонд сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду. Цяпер кандыдат зможа поўнасцю за кошт сваіх уласных сродкаў прафінансаваць увесь выбарчы фонд, усю сваю агітацыйную кампанію. Раней ён мог уносіць у склад свайго асабістага фінансавага фонду не больш як 50 базавых велічынь.
Фонды таксама могуць фарміравацца за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Рэспублікі Беларусь і юрыдычных асоб. Фізічная асоба можа ахвяраваць у выбарчы фонд патэнцыяльнага кандыдата ў Прэзідэнты не больш як 20 базавых велічынь. Ахвяраванні можна пералічыць ва ўстаноўленым парадку праз аддзяленні “Беларусбанка”.
“Усё чалавецтва ідзе па шляху пазабюджэтнага фінансавання выбараў. Тым больш што кандыдатам па новым законапраекце будуць прадастаўлены лепшыя ўмовы. Захоўваюцца дзяржаўныя гарантыі – магчымасць удзелу ў тэледэбатах, прадастаўленне бясплатнай газетнай пляцоўкі і бясплатнага памяшкання для сустрэч з выбаршчыкамі”, – сказала кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.
За сродкі выбарчых фондаў можна вырабляць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы (плакаты, лістоўкі і іншыя матэрыялы), аплачваць арэнду памяшкання для сустрэч з выбаршчыкамі і нават работу свайго перадвыбарнага штаба. У сваю чаргу ЦВК вырабляе агульныя плакаты з біяграфічнымі данымі аб кандыдатах, а таксама інфармацыйныя матэрыялы аб іх для накіравання выбаршчыкам. “Такія новаўвядзенні, якія прадастаўляюць больш шырокія магчымасці для фінансавання ўласнай выбарчай кампаніі, прывядуць да легалізацыі многіх расходаў, якія нясуць кандыдаты або патэнцыяльныя кандыдаты”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Яшчэ адно новаўвядзенне – кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы маюць магчымасць адкрыць свае выбарчыя фонды для збору сродкаіў, ахвяраванняў ад фізічных і юрыдычных асоб у першыя ж дні з моманту рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп. Раней можна было пачынаць збор сродкаў толькі пасля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты Цэнтральнай камісіяй.
“Подпісы збіраць вельмі нялёгка (для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты трэба сабраць 100 тысяч подпісаў). Гэта вялікая работа. і, напэўна, правільна, калі гэта работа будзе аплачвацца. Сёння на законных падставах кожны патэнцыяльны кандыдат можа прафінансаваць работу членаў свайго перадвыбарнага штаба”, – адзначаў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Заканадаўствам забаронена фарміраваць фонды за кошт паступленняў ад замежных грамадзян, дзяржаў і арганізацый, міжнародных арганізацый або маючых замежныя інвестыцыі, а таксама ад дзяржорганаў і органаў мясцовага самакіравання, арганізацый, якія поўнасцю або часткова фінансуюцца з бюджэту. Папаўняць рахунак кандыдатаў таксама не могуць дабрачынныя і рэлігійныя арганізацыі, ананімныя ахвяравальнікі.

Матэрыялы пра ўсіх кандыдатаў прышлюць выбаршчыкам па пошце

У гэтым годзе будзе значна павышана інфарматыўнасць для выбаршчыкаў – у кожную паштовую скрынку пакладуць каляровы буклет з максімальнымі звесткамі пра ўсіх кандыдатаў. Як адзначыла Лідзія Ярмошына: “Там не будзе ніякіх асабістых ацэнак, там будуць толькі аб’ектыўныя даныя, прадстаўленыя самімі кандыдатамі”.
Паводле слоў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, у папярэднія выбарчыя кампаніі назіралася пэўная “вайна лістовак”, калі агітацыйныя матэрыялы аднаго кандыдата размяшчаліся паверх, а тое і замест агітак канкурэнта. У выбаршчыкаў нават не было дакладнага ўяўлення аб кандыдатах. Цяпер адна такая лістоўка з ілюстраваным матэрыялам пра ўсіх кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы будзе выраблена цэнтралізавана і праз аддзяленні сувязі паступіць у паштовыя скрынкі кожнай сям’і. “Гэта ў першую чаргу аблегчыць агітацыйную работу саміх кандыдатаў, з другога боку – павысіць інфармаванасць выбаршчыкаў”, – адзначыў сакратар ЦВК.
Запрашэнне прыняць удзел у выбарах выбаршчыкі атрымаюць не пазней як 30 верасня. Кожны выбаршчык можа з 25 верасня прыйсці на свой участак, каб праверыць, ці ёсць ён у спісах.

Кандыдаты ў прэзідэнты абавязаны пазначаць усе судзімасці

Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі абавязаны пазначаць усе крымінальныя судзімасці, якія былі ў іх жыцці (нават калі яны зняты). Раней кандыдаты не абавязаны былі гэта рабіць, агаворвалася, што наўнасць непагашанай судзімасці з’яўляецца перашкодай для іх рэгістрацыі.
Таксама кандыдаты павінны будуць пазначаць у дэкларацыях крыніцы сродкаў існавання, калі ў іх няма пастаяннай работы. “Лічым, што выбаршчык павінен аб гэтым абавязкова ведаць. Гэта яго права”, – падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна растлумачыла, што ў выбарчых кампаніях у Беларусі нярэдка ўдзельнічаюць беспрацоўныя, якія не дэкларуюць свае даходы і не растлумачваюць выбаршчыкам, за якія сродкі жывуць.

Зменена працэдура абскарджання парушэнняў

Папраўкі ў Выбарчы кодэкс 2013 года крыху змянілі працэдуру абскарджання парушэнняў. Скардзіцца цяпер можна не толькі ў вышэйшыя камісіі, але і ў суд. Час на абскарджанне скарацілі да 10 дзён, паколькі раней скаргі паступалі па некалькі месяцаў, што ўскладняла іх разгляд.
Згодна з Выбарчым кодэксам, звароты, пададзеныя пасля заканчэння ўстаноўленых тэрмінаў, застаюцца без разгляду па сутнасці, аб чым паведамляецца заяўнікам. Зварот падаецца грамадзянінам або яго прадстаўніком, які ажыццяўляе свае паўнамоцтвы на падставе даверанасці.
Звароты, што паступілі ў камісіі, дзяржаўныя органы і арганізацыі, разглядаюцца ў трохдзённы тэрмін з дня паступлення звароту, а звароты, звязаныя з рэалізацыяй грамадзянамі выбарчага права, што паступілі ў дзень выбараў – неадкладна. Звароты, у якіх змешчаны звесткі, што патрабуюць праверкі, разглядаюцца не пазней як у дзесяцідзённы тэрмін з дня паступлення. Заяўнік мае права азнаёміцца з матэрыяламі, звязанымі з разглядам яго звароту. Скаргі на рашэнні камісій разглядаюцца на пасяджэннях камісій. Пра дату, час і месца правядзення пасяджэння паведамляецца заяўніку, які мае права прысутнічаць пры разглядзе скаргі.

Забаронена агітацыя, накіраваная на зрыў выбараў

Змяненні закранулі правілы, якія рэгулююць парадак правядзення перадвыбарнай агітацыі. Размова, у прыватнасці, ідзе аб забароне заклікаў да зрыву, адмены або пераносу тэрмінаў правядзення выбараў. Інакш кажучы, забараняецца байкот выбараў. Гэта адпавядае Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах – удзельніцах СНД. “Не павінна перадвыбарная агітацыя абапірацца на дэструктыўныя заклікі і лозунгі, якія накіраваны на тое, каб выбаршчык не рэалізоўваў сваё найважнейшае дэмакратычнае права – права на ўдзел у выбарах”, – адзначала Лідзія Ярмошына.
Заканадаўства забараняе агітацыю, накіраваную на байкот або зрыў выбараў. “Дзяржава траціць вялікія сродкі на правядзенне выбарчай кампаніі, кандыдатам прадастаўлена права выступленняў у розных СМІ і на сходах, і гэта няправільна, калі такая магчымасць выкарыстоўваецца для агітацыі за зрыў вельмі важнага мерапрыемства”, – растлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Ён падкрэсліў, што ўсе змяненні ў заканадаўстве накіраваны на стварэнне больш спрыяльных умоў для саміх кандыдатаў і для выбаршчыкаў.
Забараняецца агітацыя, пры правядзенні якой ажыццяўляецца прапаганда вайны, прымяняюцца заклікі да насільнага змянення канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, абразы і паклёп у адносінах да службовых асоб Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Забараняюцца агітацыя або прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў, якія выклікаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную або рэлігійную варожасць.

Відэанагляд і празрыстыя урны на выбарчых участках

У 2015 годзе Цэнтрвыбаркам рэкамендаваў камісіям адшукваць сродкі на празрыстыя урны, хоць у беларускім заканадаўстве няма абавязковага патрабавання наконт выкарыстання на выбарах празрыстых урнаў.
Гаворачы аб эфектыўнасці выкарыстання празрыстых урнаў для галасавання, кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына адзначыла, што гэта ўсяго толькі іміджавыя моманты, якія не ўплываюць на вынікі выбараў. “Увесь свет думае аб перспектывах электроннага галасавання. Таму празрыстыя урны – гэта ўсяго толькі модная фішка, распаўсюджаная толькі ў краінах былога СССР. Прытым не ў тых краінах, якія ўступілі ў Еўрасаюз, а і тых, якія спрабуюць даказаць, што ў іх усё дэмакратычна і добра. Галоўнае – не урны для галасавання, а тое, што ў іх знаходзіцца, г.зн. бюлетэні з пэўным волевыяўленнем”, – падкрэсліла яна.
Аналагічнае меркаванне Лідзія Ярмошына выказала і адносна сучасных сродкаў відэанагляду, якімі абсталяваны некаторыя выбарчыя ўчасткі. “Дзе-нідзе ў нас яны ёсць, але зноў жа ўсё гэта як празрыстыя урны. Запісы з відэакамер потым нават не могуць служыць доказам празрыстасці выбараў. Відэакамеры даюць агульны план і фіксуюць толькі яўныя парушэнні. Таму ўспрымаць празрыстыя урны і відэакамеры як панацэю немэтазгодна, да таго ж гэта яшчэ і дорага”, – сказала яна.
Адна празрыстая урна каштуе каля $100. А на кожным выбарчым участку павінна быць 5 урнаў для галасавання, з якіх 3 пераносныя і 2 стацыянарныя. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, у Беларусі празрыстыя урны ўстанаўліваюць там, дзе мясцовыя ўлады знайшлі на гэта сродкі. Так, напрыклад, у Мінскай вобласці імі будуць забяспечаны 12 працэнтаў выбарчых участкаў.
Як расказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, у Віцебскай вобласці празрыстыя урны маюць намер устанавіць на ўсіх участках для галасавання. Ён адзначыў, што Віцебская вобласць традыцыйна выступае генератарам прагрэсіўных ідэй у розных сферах, у тым ліку і ў арганізацыі і правядзенні выбараў. “Вобласць паставіла перад сабой задачу, каб на ўсіх выбарчых участках былі празрыстыя урны. Цэнтральная камісія такую задачу не ставіць, але мы павінны сказаць дзякуй усім, хто гэта зробіць. Няхай будуць празрыстыя урны, магчыма, у нашых апанентаў, якія крытыкуюць арганізацыю выбараў, будзе менш прэтэнзій. Хоць, па вялікім рахунку, я глыбока перакананы, што празрыстасць выбараў і празрыстасць урны – гэта не сінонімы”, – сказаў сакратар ЦВК.

Уводзіцца працэдура акрэдытацыі наглядальнікаў

Уводзіцца працэдура акрэдытацыі наглядальнікаў, якая праводзілася да гэтага толькі на мясцовых выбарах. “У прынцыпе яна праводзілася і раней, толькі называлася інакш”, – сказала кіраўнік ЦВК. Пры акрэдытацыі звесткі аб наглядальніку ўносяцца ў спецыяльны журнал ва ўчастковай або тэрытарыяльнай камісіі. Калі наглядальнік будзе парушаць закон і перашкаджаць дзейнасці выбарчай камісіі, ён можа быць пазбаўлены акрэдытацыі.
На маючых адбыцца выбарах будуць працаваць мясцовыя наглядальнікі, гэта каля 30-40 тысяч чалавек. Таксама традыцыйна запрашаюцца дзве асноўныя арганізацыі, якія заўсёды назіраюць за выбарамі, арганізуюць доўгатэрміновыя наглядальныя місіі. Гэта Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і СНД. Папярэдне эксперты вывучаюць сітуацыю ў краіне і потым дакладваюць, колькі наглядальнікаў, на іх погляд, трэба накіраваць, якія ўмовы для работы ў краіне. Напярэдадні выбараў да іх далучацца кароткатэрміновыя наглядальнікі, якіх накіроўваюць краіны, што ўваходзяць у тую ці іншую міжнародную арганізацыю.
У 2015 годзе ўпершыню прыедуць у Беларусь у якасці наглядальнікаў на выбары Прэзідэнта прадстаўнікі Сусветнай асацыяцыі арганізатараў выбараў (Рэспубліка Карэя). “Мы ўжо два гады з’яўляемся членам Сусветнай асацыяцыі арганізатараў выбараў, якая базіруецца ў Паўднёвай Карэі. Прадстаўнікі сакратарыята гэтай арганізацыі ўпершыню будуць запрошаны на выбары Прэзідэнта Беларусі”, – сказала кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.
Міжнародным місіям створаны ўсе ўмовы для назірання за выбарчым працэсам у Беларусі.

Выбаршчыкі, якія галасуюць упершыню, атрымаюць памятныя паштоўкі

Прыемным новаўвядзеннем гэтай выбарчай кампаніі з’яўляецца тое, што ЦВК будзе віншаваць выбаршчыкаў, якія галасуюць упершыню. Яны атрымаюць памятную паштоўку, у якой будзе віншаванне ад Цэнтральнай выбарчай камісіі.