Новая школа адкрылася ў Гродне 1 верасня. Школа, разлічаная на 1600 вучняў, у гэты дзень павялічыла сваё “насельніцтва” ў некалькі разоў: удзельнікамі ўрачыстасці сталі ганаровыя госці, настаўнікі і вучні, мамы і таты, бабулі і дзядулі.
Гэта не проста сучасная школа, абсталяваная ўсім неабходным для паспяховай вучобы і развіцця дзяцей аднаго з самых буйных жылых мікрараёнаў абласнога цэнтра — Вішняўца-7. Для звыш 50 тысяч жыхароў школа стане сапраўдным культурна-спартыўным цэнтрам. Тут ёсць бібліятэчна-інфармацыйны цэнтр, два басейны, вялікая спартзала, валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі, два тэнісныя корты з якасным пакрыццём, бегавыя дарожкі. Уся гэтая інфраструктура будзе даступная па вечарах жыхарам мікрараёна. А яны таксама паўдзельнічалі ў стварэнні сваёй школы: у жнівеньскія дні тут працавалі валанцёрскія брыгады будучых навучэнцаў, а іх бацькі дапамагалі ў добраўпарадкаванні будынка і тэрыторыі.Навучэнцаў і настаўнікаў з адкрыццём школы і Днём ведаў павіншавалі ганаровыя госці: старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Бераснева і Васіль Міхно, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Кісялёў.
— Вы прыйшлі сюды па веды, — звярнуўся да вучняў новай школы старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В.Краўцоў. — Веды — гэта менавіта тое, што дапамагае пераадолець усе задачы ў далейшым жыцці і з’яўляецца залогам свабоды чалавека.
Уладзімір Васільевіч пажадаў настаўнікам, каб іх вучні сталі дастойнымі людзьмі, бацькам — міру і дабрабыту ў сем’ях.
Зрабілі для школы ў гэты дзень і падарункі: ад імя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў перадаў сертыфікат на 500 млн беларускіх рублёў для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы школы. Лінгафонны кабінет атрымала навучальная ўстанова ад Гродзенскага гарвыканкама.Сімвалічны ключ дырэктару школы Яўгену Карпуку ўручыў генеральны дырэктар ААТ “Гроднапрамбуд” Абдулвагаб Вагабаў. Будаўнікі за кароткі тэрмін — 10 месяцаў — якасна выканалі даручэнне Урада Рэспублікі Беларусь і пабудавалі прыгожую сучасную школу. А самы першы званок у новай навучальнай установе далі вучаніца 1 класа Ксенія Богдзель і настаўнік Аляксандр Нікалаеў, які сваю працоўную біяграфію пачынае ў новай школе.
У год 70-годдзя Вялікай Перамогі ва ўсіх школах Гродзенскай вобласці 1 верасня дадзены старт марафону ведаў гісторыі вайны. Падтрымліваючы гэтую ініцыятыву, савет школы № 40 прыняў рашэнне змагацца за прысваенне навучальнай установе імя Героя Савецкага Саюза ганаровага грамадзяніна Гродна Івана Данілавіча Лебедзева.
Права першымі ўвайсці ў школу атрымалі першакласнікі. Тут будуць вучыцца 416 вучняў у 15 1-х класах. На першым у сваім жыцці ўроку яны атрымалі падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.