Новая экспазіцыя школьнага музея

- 10:34Нам пішуць

У гісторыка-краязнаўчым музеі Дружбы народаў сярэдняй школы № 8 г. Гродна адкрылася новая экспазіцыя.

Музей Дружбы народаў школы — гэта сінтэз культуры і быту нацыяльных дыяспар, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Тут прадстаўлены сем народаў: беларусы, рускія, украінцы, літоўцы, французы, немцы і яўрэі. Менавіта людзям гэтай нацыянальнасці прысвечана новая экспазіцыя.

Фота да матэрыялу: Новая экспазіцыя школьнага музея.Вучні і іх бацькі, настаўнікі і запрошаныя госці сабраліся ў школьным музеі з радаснай нагоды: музей пашыраецца і папаўняецца яшчэ адной нацыянальнасцю — яўрэйскай. На адкрыцці экспазіцыі прысутнічалі ганаровыя госці: дырэктар Гродзенскага яўрэйскага абшчыннага дома “Менора” Алена Мікалаеўна Куцэвіч, а таксама кіраўнікі школьных музеяў Ленінскага раёна Гродна.

Фота да матэрыялу: Новая экспазіцыя школьнага музея.Экспазіцыя “Яўрэі” налічвае каля 20 нацыянальных экспанатаў. Сярод іх — кіпа — яўрэйскі мужчынскі галаўны ўбор. Паводле яўрэйскай традыцыі, пакрытая галава — знак таго, што над чалавекам — магутная сіла. Каштоўны экспанат — скрутак Торы — пергамент з рукапісным тэкстам Пяцікніжжа Майсеевага. Выкарыстоўваецца для штотыднёвага публічнага чытання ў сінагозе і з’яўляецца галоўным сакральным прадметам. Важную ролю ў яўрэйскай культуры адыгрывае Ханукальная менора — гэта лямпа, што некалі стаяла ў Іерусалімскім храме. Восем ражкоў сімвалізуюць цуд, які адбыўся ў часы Іуды Макавея, калі аднадзённага запасу асвячонага масла, знойдзенага ў апаганеным храме, хапіла на восем дзён бесперапыннага гарэння меноры. Дзявяты агеньчык служыць для запальвання васьмі астатніх. Талерка на Песах (кеара) выкарыстоўваецца падчас найстаражытнейшага з яўрэйскіх святаў — Песах. На Песах рыхтуюць адметныя рытуальныя стравы.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі бліжэй пазнаёміцца з яўрэйскай культурай, цікавымі традыцыямі сустрэчы суботы (шабат), пакаштаваць яўрэйскія нацыянальныя стравы — мацу і халу з мёдам, паслухаць гукі флейты — аднаго з любых яўрэйскіх інструментаў. Музыка заўсёды спадарожнічала яўрэйскаму народу і ў радасці, і ў горы.

Вучні на працягу тыдня ўдзельнічалі ў віктарыне “У гасцях у яўрэяў” на віртуальным сайце музея Дружбы народаў. Многія праявілі эрудыцыю, добра справіліся з усімі заданнямі. Падчас адкрыцця новай экспазіцыі былі падведзены вынікі віктарыны і пераможцам уручаны граматы і салодкія прызы. Прыемным падарункам стала экскурсія “Беларусь — народаў дружная сям’я”.

Усе адчулі дух яднання і сяброўства народаў, якія пражываюць у Беларусі. Словы гімна музея “Беларусь — наша маці — усіх дзяцей сваіх любіць” яшчэ раз пераканалі, што наша краіна яднае людзей розных нацыянальнасцей.

Таццяна ЛОЙША,
настаўніца сярэдняй школы № 8 Гродна.