Новая грань узаемін

- 10:39Актуально, Апошнія запісы

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар наведаў Міністэрства адукацыі, дзе сустрэўся з міністрам М.А.Жураўковым і абмеркаваў новыя напрамкі ўзаемадзеяння.

Вітаючы ганаровага госця, Міхаіл Анатольевіч адзначыў, што супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі доўжыцца ўжо шмат гадоў і яму характэрна істотная эфектыўнасць. Асабліва цесна ўзаемадзейнічаюць УВА Германіі і Беларусі, і, як выказаўся міністр, сёння гэтае супрацоўніцтва знаходзіцца ў прыярытэце. А вынік не можа не радаваць. Практычна ўсе ўніверсітэты Беларусі маюць самыя цесныя сувязі з універсітэтамі Германіі ў навуковым, акадэмічным і даследчым напрамку. Паспяхова рэалізоўваецца звыш 90 прамых дагавораў з універсітэтамі Германіі. Найбольш актыўна ажыццяўляюць прамыя кантакты БДУ, БрДТУ, БДАТУ і шэраг іншых. Падрыхтоўка спецыялістаў па нямецкай мове ажыццяўляецца ў 12 універсітэтах. У нашых УВА адкрыта 33 кафедры нямецкай мовы, каля 22 тысяч студэнтаў вывучаюць нямецкую мову ў якасці першай замежнай мовы і звыш 6 тысяч — у якасці другой.М.А.Жураўкоў станоўча ацаніў супрацоўніцтва з нямецкімі калегамі ў рамках праграмы DAAD (Нямецкая служба акадэмічных абменаў). Нараўне з індывідуальнымі стыпендыямі DAAD штогод прадастаўляе каля 100 групавых стыпендый. Пры падтрымцы DAAD арганізоўваюцца так званыя летнія школы, якія наведваюць нямецкія студэнты. Праграма DAAD цесна пераплецена з праграмай павышэння кваліфікацыі беларускіх менеджараў на базе Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ згодна з сумесным пагадненнем аб супрацоўніцтве ў павышэнні кваліфікацыі кіруючых кадраў паміж Міністэрствам эканомікі нашай краіны і Федэральным міністэрствам эканомікі і тэхналогій ФРГ.
Міністр адукацыі Беларусі заўважыў, што супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж краінамі павінна выходзіць на новы ўзровень. Гэта звязана з уступленнем нашай краіны ў Балонскі працэс.
— Мы зацікаўлены развіваць гэты напрамак, каб пераняць вопыт нямецкіх калег у рамках асваення прынцыпаў Балонскага працэсу ў нашых установах вышэйшай адукацыі, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — У кантэксце Балонскага працэсу мы намецілі правядзенне серыі семінараў, каб падрыхтаваць педагогаў, асабліва з акадэмічных колаў, для больш эфектыўнага ўкаранення палажэнняў Балонскага працэсу ў нашу адукацыйную сістэму. Такім чынам мы будзем рыхтаваць кансультантаў, якія будуць глыбока валодаць неабходнымі нормамі, звязанымі з Балонскім працэсам, і цесна працаваць з канкрэтнымі ўніверсітэтамі.
Прапанову пасла арганізаваць з гэтай мэтай вучэбныя курсы для педагогаў Беларусі ў Германіі кіраўнік Міністэрства адукацыі ўспрыняў станоўча і адзначыў, што развіццё ўзаемадзеяння двух бакоў будзе вельмі каштоўным для рэалізацыі прынцыпаў Балонскага працэсу.
— Мы толькі нядаўна ўступілі ў Балонскі працэс, таму, натуральна, маем патрэбу ў дапамозе з боку тых партнёраў, для якіх Балонскі працэс ужо не навіна. Асабліва нас цікавіць замежны вопыт, у прыватнасці УВА Германіі па ўкараненні прынцыпаў Балонскага працэсу ў спецыяльнасці інжынерыі і тэхналогій, а гэта ў першую чаргу тычыцца тэхнічных універсітэтаў. Мяркуецца, што такія падыходы будуць рэалізоўвацца і на ўзроўні рэгіянальных універсітэтаў. У сувязі з гэтым будзе пашыраны абмен студэнтамі, выкладчыкамі, павялічана колькасць сумесных праектаў.
М.А.Жураўкоў расказаў, што цяпер у нашай краіне вядзецца актыўная работа па стварэнні новай сістэмы кваліфікацый, якая дазволіць гарманізаваць адносіны з еўрапейскай адукацыйнай прасторай у падрыхтоўцы кадраў. У сувязі з гэтым вельмі важна для сістэмы адукацыі Беларусі ўзгадніць свае дзеянні ў гэтым кірунку з Германіяй і выкарыстаць яе багаты вопыт у фарміраванні працоўных рэсурсаў.
Кіраўнік галіновага міністэрства паведаміў і пра шырокае і прадукцыйнае супрацоўніцтва паміж краінамі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, асабліва ў сферы вывучэння нямецкай мовы і культуры Германіі. Так, напрыклад, сёння ў агульнаадукацыйных установах нямецкую мову вывучаюць тысячы школьнікаў. Самыя здольныя школьнікі прымаюць удзел у рэспубліканскіх алімпіядах па нямецкай мове, у конкурсах даследчых работ. У якасці прыза пераможцы атрымліваюць запрашэнне ў Германію для праходжання моўнай стажыроўкі.
У мінулым годзе пры падтрымцы Пасольства ФРГ беларускія школьнікі ўпершыню прынялі ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе па нямецкай мове. Цяпер сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску распрацоўваюцца ўмовы нацыянальнага конкурснага адбору для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе ў 2016 годзе.
М.А.Жураўкоў і Петэр Дэтмар у свай размове пацвердзілі ўзаемнае жаданне быць праваднікамі ва ўмацаванні цеснага супрацоўніцтва паміж краінамі ў галіне адукацыі і намецілі новыя напрамкі ўзаемадзеяння, якія будуць рэалізоўвацца ў найбліжэйшай перспектыве.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.