Новая індустрыя камп’ютарных праграм — гэта тое, з чым будуць асацыіраваць Беларусь у найбліжэйшай будучыні

Па выніках I паўгоддзя Беларусь значна апярэджвае краіны СНД па экспарце IТ-паслуг, заявіў дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) Валерый Цапкала, які 22 ліпеня прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця новага офіса кампаніі IBA Gomel Park у Гомелі.

Штогод паказчыкі аб’ёму экспарту IТ-паслуг ПВТ растуць на 40—50%. “У 2014 годзе аб’ём экспарту склаў звыш $600 млн, у гэтым годзе, паводле папярэдніх ацэнак, плануем выйсці на $800 млн. Гэта тая лічба, якая дае магчымасць заставацца лідарам па аб’ёме экспарту сярод краін СНД, а таксама параўноўваць ПВТ з вядучымі аўтамабілебудаўнічымі кампаніямі Беларусі. Прычым уклад ПВТ у валавы ўнутраны прадукт краіны вышэйшы, чым такіх індустрыяльных гігантаў, як “Гомсельмаш”, “МТЗ”, “БелАЗ”, “МАЗ”, “Мінскі завод колавых цягачоў”, “Амкадор”. IT-сфера пастаянна дыверсіфікуецца, дэманструючы эфектыўнасць эканомікі ведаў. Перакананы, што новая індустрыя камп’ютарных праграм — гэта тое, з чым будуць асацыіраваць Беларусь у найбліжэйшай будучыні”, — сказаў Валерый Цапкала.
Акрамя таго, Беларусь значна апярэджвае краіны МС і СНД па такім паказчыку, як плацежны баланс. “У Расіі і Казахстана, напрыклад, адмоўны плацежны баланс па распрацоўцы праграмнага забеспячэння. А нам удалося стварыць развітую экспартаарыентаваную галіну, якая сапраўды расце тэмпамі, якія ў дзясяткі разоў перавышаюць сярэднесусветныя тэмпы росту гэтай індустрыі”, — канстатаваў субяседнік.
Ён таксама адзначыў, што Беларусі неабходна сканцэнтраваць інтэлектуальныя, арганізацыйныя, фінансавыя і іншыя рэсурсы на нейкім адным прарыўным напрамку. “Калі распыляцца, спрабаваць займацца ўсім адразу (нана-, біятэхналогіямі, альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі), то можна быць моцнымі сераднячкамі, але не стаць лідарамі. У нас жа задача даволі амбіцыйная — у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння стаць сусветным лідарам”, — рэзюмаваў Валерый Цапкала.