Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі — прагрэсіўны вектар развіцця

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

У Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 чэрвеня прайшлі парламенцкія слуханні на тэму “Нацыянальная сістэма адукацыі: стан, заканадаўчае рэгуляванне, шляхі ўдасканалення”. У слуханнях прынялі ўдзел дэпутаты і сенатары, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, іншых дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Вёў пасяджэнне Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У.П.Андрэйчанка.

Практычнае прымяненне Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі на працягу 10 гадоў, удасканаленне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, імкненне да далейшага павышэння якасці адукацыі абумовілі падрыхтоўку новай рэдакцыі кодэкса. Адназначна, што абноўлены механізм прававога рэгулявання адукацыйнай галіны дазволіць аптымізаваць кіраўнічы і педагагічны напрамак, забяспечыць рэсурсы для вырашэння актуальных задач сучаснай адукацыі. Праект новай рэакцыі Кодэкса аб адукацыі ўжо прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў, і на гэтых парламенцкіх слуханнях прайшло абмеркаванне дакумента для далейшага прыняцця яго ў другім чытанні. Ва ўступным слове У.П.Андрэйчанка даў станоўчую ацэнку сістэме адукацыі нашай краіны, ахарактарызаваў усе ўзроўні адукацыі, адзначыў перспектыўныя кірункі.

— Паколькі галоўным крытэрыем якасці працоўных рэсурсаў з’яўляецца адукацыя, то стварэнне адукацыйнай сістэмы новага тыпу, здольнай гібка рэагаваць на выклікі часу, з’яўляецца сёння ключавой дзяржаўнай задачай, — адзначыў У.П.Андрэйчанка.

З грунтоўным дакладам аб сённяшнім стане спраў у сістэме адукацыі і аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі ў найбліжэйшы час выступіў міністр адукацыі І.В.Карпенка. У час парламенцкіх слуханняў былі ўзняты пытанні развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, узаемадзеяння рэальнага сектара эканомікі з установамі прафесійнай адукацыі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі спецыялістаў, выкарыстання ва ўніверсітэтах інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, магчымасцей дадатковай адукацыі ў развіцці здольнасцей адораных дзяцей і моладзі, выхавання грамадзянскасці і патрыятызму падрастаючага пакалення.

Т.Ю.Швяцова, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва, адзначыла, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі вызначаны найбольш аптымальныя, з пункту гледжання педагогаў, віды ўстаноў дашкольнай адукацыі: дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Яны ўяўляюць сабой гібкую, канкурэнтаздольную, шматфункцыянальную сетку ўстаноў дашкольнай адукацыі, якая адпавядае разнастайным запытам бацькоў па развіцці іх дзяцей. Адметнай асаблівасцю дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, згодна з новай рэдакцыяй кодэкса, стане тое, што ў ім будзе рэалізоўвацца адукацыйная праграма дадатковай адукацыі дзяцей з вывучэннем адукацыйных напрамкаў на павышаным узроўні. На думку загадчыцы цэнтра, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, у такіх цэнтрах павінны працаваць педагагічныя работнікі з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасці. Такія спецыялісты эфектыўна ўкараняюць у практыку работы сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, актыўна ўдзельнічаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, распаўсюджваюць інавацыйны педагагічны вопыт. Рэалізацыя такой адукацыйнай праграмы, несумненна, павысіць статус гэтага віду ўстановы, павысіўшы тым самым і якасць адукацыйнага працэсу, адзначыла Т.Ю.Швяцова.

К.В.Капуцкая, дырэктар сярэдняй школы № 14 Маладзечна, падкрэсліла значнасць развіцця кадравага патэнцыялу навучальных устаноў.

— Я ўдзяляю ўвагу фарміраванню неабходных кампетэнцый у педагогаў, таму наш калектыў, дзякуючы эфектыўнаму метадычнаму суправаджэнню, складаецца з настаўнікаў, здольных пераарыентаваць адукацыйны працэс на асобу вучня і ўключыць кожнага ў прадукцыйную вучэбна-пазнавальную дзейнасць, — падкрэсліла дырэктар школы.

Маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях, школа забяспечвае спрыяльныя ўмовы для ўваходжання ў калектыў і дае шырокія магчымасці для прафесійнага развіцця: настаўніцтва, школа маладога настаўніка, трэнінгі, курсы павышэння кваліфікацыі, удзел у грамадскім жыцці школы, матэрыяльная падтрымка. Вялікае значэнне надае школа цесным зносінам з сям’ёй.

— Без тандэма школы і сям’і выхаваўчыя, ідэалагічныя і сацыяльныя задачы не будуць вырашацца эфектыўна, — адзначыла дырэктар. — Праз такія органы самакіравання, як савет установы, папячыцельскі савет, у нашай школе ідзе эфектыўнае ўзаемадзеянне з сям’ёй. Бацькі, адчуваючы сябе датычнымі да школьнага жыцця, бяруць пэўную долю адказнасці і за паляпшэнне матэрыяльнай базы ўстановы, і за разнастайнасць культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, а самае галоўнае — за фарміраванне лепшых асобасных якасцей сваіх дзяцей. У нашай школе бацькі — паўнапраўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу разам з навучэнцамі і педагогамі.

Дырэктар філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” А.Я.Рыбак закрануў тэму арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійнай адукацыі. У павышэнні прэстыжу прафесійнай адукацыі значную ролю адыгрывае рух WorldSkills, які разгарнуўся ў нашай краіне. За гады ўдзелу нацыянальнай каманды ў міжнародных чэмпіянатах прафесійнага майстэрства і правядзення нацыянальных і рэгіянальных конкурсаў істотна павысіўся ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, кампетэнтнасці педагагічных кадраў, згодна з міжнароднымі стандартамі змяніўся змест навучання, базы навучальных устаноў аснашчаны сучасным абсталяваннем.

— Мы разумеем, што новыя тэхналогіі ўкараняюцца вельмі хутка і змест адукацыйных праграм павінен апярэджваць узровень развіцця вытворчасцей, — заявіў дырэктар каледжа. — Такім чынам, трэба засвойваць сучасныя тэхналогіі нават пры іх адсутнасці сёння на прадпрыемствах. У гэтым і ёсць прынцып апераджальнай падрыхтоўкі.

Менавіта таму новыя спецыяльнасці распрацоўваюцца на аснове патрабаванняў прадпрыемстваў, з улікам зместу стандартаў WS і прафесійных стандартаў. Педагогі каледжа таксама прыцягваюцца да абнаўлення зместу адукацыйных стандартаў і вучэбна-праграмнай дакументацыі. У гэтым годзе ў каледжы сумесна з Мінскім трактарным заводам будзе пачата распрацоўка прафесійнага стандарта па лічбавай метралогіі. Адпавядаць запытам рэальнага сектара эканомікі, рыхтаваць кадры неабходнай якасці, быць у курсе новаўвядзенняў у сферы развіцця сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе — у тым ліку гэтыя кірункі садзейнічаюць набыццю папулярнасці каледжа ў маладзёжным асяроддзі. Гэта пацвярджае павышэнне прахаднога бала ў абітурыентаў пры паступленні ў каледж, наяўнасць станоўчых водгукаў навучэнцаў іншых устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія прайшлі навучанне ў рэсурсным цэнтры каледжа ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння.

В.А.Богуш, рэктар БДУІР, узняў тэму ўкаранення ІКТ і іх уплыву на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу ў рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта па распрацоўцы і рэалізацыі мадэлі лічбавага ўніверсітэта. Ва ўмовах эпідэмічнай сітуацыі ўніверсітэту ўдалося гібка перайсці на арганізацыю адукацыйнага працэсу з пашыраным выкарыстаннем дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, адзначыў рэктар установы. З улікам назапашанага вопыту сістэма вышэйшай адукацыі справілася з забеспячэннем якасці адукацыі пры такім фармаце навучання. У бягучым годзе больш за 90% УВА выкарыстоўвалі дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, у тым ліку ў дзённай форме навучання. Пры гэтым больш як палова студэнтаў у той ці іншай ступені выкарыстоўвае такія тэхналогіі ў сваёй дзейнасці. Для ўвядзення дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання вышэйшай адукацыі нароўні з завочнай і вочнай адукацыяй, што прадугледжана новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, ужо сфарміравана неабходная тэхналагічная і метадычная база. Рэктар адзначыў, што актуальнымі пытаннямі з’яўляюцца абгрунтаванасць і эфектыўнасць выкарыстання дыстанцыйнай адукацыі, забеспячэння якасці навучання і для шэрага спецыяльнасцей, пераважна ІТ-сферы, і гэтыя пытанні ўдаецца паспяхова вырашаць. Акрамя дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій прадастаўляе новыя магчымасці для рэалізацыі індывідуальнага падыходу ў навучанні, пашырэння даступнасці інклюзіўнай адукацыі. Важным аспектам з’яўляецца выкарыстанне ІКТ пры рэалізацыі сеткавай формы падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і сеткавага навукова-адукацыйнага ўзаемадзеяння.

С.М.Сачко, дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, расказаў пра новую ўстанову адукацыі, якая рэалізуе адукацыйную праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў сферы навукі, тэхнікі і тэхналогій. Новы від дадатковай адукацыі накіраваны на выяўленне адораных навучэнцаў, развіццё і падтрымку ў іх цікавасці да навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, фарміраванне ў моладзі ўстойлівай матывацыі да выбару будучай прафесіі, звязанай з навуковай дзейнасцю.

Штогод навучанне ў дзіцячым тэхнапарку будуць праходзіць 1500 навучэнцаў па 15 напрамках. Пакуль работа тэхнапарка арганізавана ў рэжыме апрабацыі па трох напрамках: “Зялёная хімія”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Робататэхніка”. Адукацыйная праграма для адораных дзяцей рэалізуецца з удзелам іншых устаноў адукацыі і арганізацый з дапамогай сеткавай формы ўзаемадзеяння. Гэта дазваляе выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе рэсурсы вядучых устаноў вышэйшай адукацыі. Вынікам узгодненых дзеянняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу з’яўляецца індывідуальная адукацыйная траекторыя, якая дазволіць зрабіць навучанне па-сапраўднаму ўсвядомленым, паколькі ўключае комплекс адукацыйных, прафарыентацыйных і конкурсных мерапрыемстваў. Канчатковай мэтай дзейнасці дзіцячага тэхнапарка з’яўляецца задавальненне попыту сучаснай эканомікі на энергічных, з высокім інтэлектам і вялікімі творчымі здольнасцямі маладых людзей.

Вельмі важна было пачуць меркаванне заказчыкаў кадраў аб узроўні падрыхтоўкі кадраў. У гэтай ролі выступіў генеральны дырэктар Мінскага трактарнага завода В.М.Воўк, які прадставіў вопыт узаемадзеяння рэальнага сектара эканомікі з установамі прафесійнай адукацыі.

— Сёння вельмі патрэбен прафесіяналізм рабочых кадраў, які і вызначае паспяховы рост эканомікі, — адзначыў Віталь Міхайлавіч. — Развіццё сучаснай сістэмы прафесійнай адукацыі немагчыма без цеснага, эфектыўнага ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. На працягу многіх гадоў МТЗ наладзіў дзелавыя сувязі з вядучымі ўстановамі краіны, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі. Калектыў завода пастаянна папаўняецца маладымі спецыялістамі, якія яшчэ з першага курса ў час вытворчай практыкі знаёмяцца з вытворчасцю, прадукцыяй, мэтамі і перспектывамі развіцця прадпрыемства.

За апошнія 5 гадоў вытворчую практыку на прадпрыемстве прайшлі больш як 2600 студэнтаў УВА, 1780 — ССНУ і больш за 3000 навучэнцаў ПТНУ. Многія размеркаваліся на МТЗ, атрымаўшы першае рабочае месца. Вопытныя спецыялісты завода актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі падрыхтоўкі кадраў, у фарміраванні зместу навучання. У мэтах адаптацыі і замацавання выпускнікоў навучальных устаноў на заводзе ўкаранёны дзённік маладога спецыяліста, які садзейнічае развіццю настаўніцтва. На заводзе створаны вучэбныя кафедры ўніверсітэтаў, вядзецца перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі, створаны Цэнтр па развіцці новых ідэй, ініцыятыў, творчага патэнцыялу маладых спецыялістаў. Базавым навучальным установам МТЗ аказвае матэрыяльную падтрымку, укамплектоўвае трактарамі рэсурсныя цэнтры машынабудаўнічага профілю. Штогод завод прымае на работу 350 маладых спецыялістаў, але сёння гэтай колькасці недастаткова. Таму з мэтай павышэння цікавасці моладзі да вытворчасці, далучэння маладых спецыялістаў да работы на МТЗ на заводзе створаны Музейны цэнтр для папулярызацыі рабочых прафесій.

Яркімі, натхняльнымі былі выступленні настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры з дзвюх сельскіх школ. Яны з любоўю расказвалі пра сваю школу, выхаванцаў, пра родную мову, Радзіму і сваю ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. А.А.Чарнавус, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна, адзначыла, што настаўнік у школе павінен вучыць не толькі чытаць, пісаць, лічыць, думаць, пазнаваць навакольны свет. У школе неабходна вучыць жыць, у школе вучацца жыццю. Па меркаванні настаўніцы, вельмі важнай і своечасовай, асабліва ва ўмовах пандэміі, стала праца педагогаў краіны па стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. З’явілася пляцоўка, якая канцэнтруе шматгадовы педагагічны вопыт настаўнікаў, дапамагае ўдасканальваць арганізацыю адукацыйнага працэсу. Навучэнцы атрымалі магчымасць вывучыць і паўтарыць вучэбны матэрыял, здзейсніць самакантроль. Выхаванню грамадзяніна, які ведае і любіць свой край, яго традыцыі і культуру, садзейнічае праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, заняткі якога праходзяць у розных фарматах. А.А.Чарнавус падкрэсліла, што роля класнага кіраўніка скіравана на стварэнне сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове дзяржаўнай ідэалогіі праз удзел у рэспубліканскіх акцыях “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “За любімую Беларусь”, “Беларусь моцная, Беларусь свабодная”.

— Аб’ядноўваючы мінулае і сучаснасць, мы спалучаем змест нацыянальнай культуры і гісторыі народа. Менавіта так можна выхаваць дзяржаўнасць, патрыятызм і нацыянальную самасвядомасць, духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу, падрыхтаваць яе да самастойнага жыцця і працы, — падкрэсліла настаўніца.

А.М.Лабаноўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, працягнуў тэму класнага кіраўніцтва і яго ролі ў фарміраванні асобы грамадзяніна-патрыёта.

— Выкладанне свайго прадмета — гэта няпоўнае раскрыццё патэнцыялу сапраўднага педагога, — заявіў настаўнік. — Зусім па-іншаму ставішся да сваёй працы, калі ты класны кіраўнік. Гэта вельмі важная місія. Якой бы цяжкай ні была праца, несумненна, яна патрэбна дзецям, паколькі асноўным структурным звяном у школе з’яўляецца клас. Менавіта тут арганізуецца пазнавальная дзейнасць, фарміруюцца адносіны паміж навучэнцамі, клопат аб іх дабрабыце, вырашаюцца пытанні іх вольнага часу, ажыццяўляецца першаснае згуртаванне калектыву, фарміруецца адпаведная эмацыянальная атмасфера.

Арганізатарам дзейнасці вучняў у класе, каардынатарам выхаваўчых уздзеянняў застаецца класны кіраўнік. Менавіта ён непасрэдна ўзаемадзейнічае як з вучнямі, так і з іх бацькамі, шчыра імкнецца дапамагчы дзецям у вырашэнні іх праблем у школьным калектыве, цікава і з карысцю арганізаваць школьнае жыццё.

— Не памылюся, калі скажу, што работа класнага кіраўніка не мае рамак і падзелу на вызначаны працоўны час і адпачынак, — адзначыў Антон Мікалаевіч. — Калі па-сапраўднаму любіш сваю прафесію, то думаеш пра яе заўсёды, жывеш ёю. Навучанне і выхаванне дзяцей і падлеткаў павінна быць непарыўным. У школе няма асобнага прадмета па выхаванні патрыятызму, мужнасці. Гэта дасягаецца дзякуючы ўрокам гісторыі Беларусі, грамадазнаўства, беларускай мовы і літаратуры, класным і інфармацыйнам гадзінам, розным праектам. Увогуле кожныя вучэбныя заняткі павінны мець выхаваўчы матыў. Мы павінны разумець, што такія ўрокі мы атрымліваем на працягу ўсяго жыцця. І адзнаку ім ставіць само жыццё.

На злабадзённую тэму выхавання падрастаючага пакалення было і выступленне педагога-арганізатара мінскай гімназіі № 39 А.У.Плыгаўкі.

— Мы адыходзім ад прынцыпу разавых выхаваўчых мерапрыемстваў і імкнёмся да стварэння суцэльнага выхаваўчага асяроддзя, якое фарміруе асобу не толькі праз змест адукацыі і выхавання, але і ўзроўнем міжасобасных зносін, што спрыяе ўключэнню ў грамадскую дзейнасць усё большай колькасці маладых лідараў, — адзначыў выступоўца. Аляксандр Уладзіміравіч расказаў, што прыярытэтным партнёрам гімназіі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні з’яўляецца Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Сучасная піянерыя эфектыўна інтэгруе змест, формы і метады грамадзянскага і патрыятычнага выхавання з элементамі папулярных ІКТ, што дазваляе добраахвотна далучаць да праектаў вялікую колькасць дзяцей. Піянерыя стала рэальнай тэрыторыяй дзяцінства для навучэнцаў гімназіі. Яе піянерская дружына перамагла ў рэспубліканскім піянерскім  інтэрнэт-праекце “Вотчына.бай”, удзел у якім прынялі больш за 700 удзельнікаў з усёй краіны. Ролік-пераможца быў рэкамендаваны для размяшчэння ў якасці сацыяльнай рэкламы.

— Праз удзел акцябрат і піянераў у разнастайнай грамадскай дзейнасці закладваюцца каштоўнасці прафесіяналізму, творчасці, сацыяльнай актыўнасці. Удзел у дзіцячых аб’яднаннях з’яўляецца своеасаблівай прыступкай да новай грамадзянскай і грамадскай дзейнасці, — падкрэсліў А.У.Плыгаўка.

У ходзе парламецкіх слуханняў з боку дэпутатаў прагучалі пытанні да міністра адукацыі І.В.Карпенкі, былі выказаны прапановы і меркаванні, якія будуць разгледжаны ў далейшай рабоце над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.