Новая школа для новых магчымасцей

- 16:50Навіны рэгіёнаў, Рознае

Выдатны падарунак атрымалі брэсцкія педагогі, вучні і бацькі да Дня ведаў. У мікрараёне-новабудоўлі Паўднёвы Захад — 4, які жыхары горада называюць зарэчным, адкрылася новая сярэдняя школа, разлічаная на 1120 месцаў. Павіншаваць настаўнікаў і дзяцей з наваселлем завіталі старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар і кіраўніцтва абласнога цэнтра.

— Адкрыццё новай школы — важная падзея для зарэчнага раёна горада, дзе сёння пражывае каля 10 тысяч чалавек, — звярнуўся да ўдзельнікаў свята кіраўнік вобласці. — Задача ўлады — ствараць камфортныя і зручныя ўмовы для жыцця насельніцтва. У мікрараёне-новабудоўлі даўно наспела неабходнасць у буйной навучальнай установе. І нарэшце яна з’явілася.
Будаўніцтва школы пачалося ў 2012 годзе па арыгінальным праекце. Узвядзенне навучальнай установы абышлося амаль у 165 мільярдаў рублёў, выдаткаваных з абласнога бюджэту. Будынак навучальнай установы мае нязвыклы выгляд. Вышыня школы вар’іруецца ад двух да чатырох паверхаў. Ва ўстанове дзейнічаюць тры спартыўныя залы з трыбунамі, два ціры ў падвальных памяшканнях, трэнажорная, харэаграфічная і актавая залы, бібліятэка з чытальняй і камп’ютарным класам, 4 кабінеты працоўнага навучання, 10 спецыяльных кабінетаў (6 з іх — лінгафонныя), аранжарэя і сховішча для агародніны. Акрамя таго, у школе створана безбар’ернае асяроддзе. Дзеці-інваліды могуць карыстацца ліфтам. Пачатковая школа аддзелена ад сярэдніх і старшых класаў. Павышаную асветленасць класных памяшканняў забяспечвае спецыяльная канструкцыя сцен.
— Умовы, створаныя ў школе, адпавядаюць сучасным запытам вучэбна-выхаваўчага працэсу, — адзначыў К.А.Сумар. — Але сапраўдная прыгажосць установы не ў знешнім прывабным выглядзе, а найперш у змястоўным напаўненні — у педагогах-прафесіяналах і разумных дзецях. Галоўная роля настаўнікаў — задзейнічаць усе матэрыяльна-тэхнічныя і кадравыя рэсурсы школы для выхавання сапраўдных патрыётаў Радзімы і будучых прафесіяналаў сваёй справы. Няхай сярэдняя школа № 1 апраўдае свой нумар і будзе першай у многіх напрамках адукацыйнай дзейнасці.
Ад імя абласной выканаўчай улады старшыня аблвыканкама падарыў навучальнай установе мультымедыйны комплекс.
Генеральны дырэктар ААТ “Будаўнічы трэст № 8 Брэста” М.В.Водчыц павіншаваў педагагічны калектыў і вучняў школы са святам і пажадаў ім берагчы тое, што было пабудавана для іх з вялікай любоўю. Кіраўнік будаўнічай арганізацыі ўручыў дырэктару ўстановы М.М.Багдановіч сімвалічны ключ. Маргарыта Мікалаеўна падзякавала за цёплыя словы і паабяцала зрабіць усё магчымае, каб кожны вучань змог раскрыць свае здольнасці ў сучасным і прыгожым будынку.
Пасля ўрачыстага пераразання чырвонай стужкі госці азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы: пабывалі ў сталовай, актавай і спартыўнай залах, бібліятэцы і класных памяшканнях. Кіраўнік Брэстчыны завітаў у 1 “Б” клас, дзе пагутарыў з дзецьмі і ўручыў кожнаму падарунак ад прэзідэнта — ілюстраваную кнігу “Беларусь — наша Радзіма”. Пасля экскурсіі па школе К.А.Сумар пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.