Дзень ведаў для школьнікаў мікрараёна Паўднёвы горада Гродна стаў сапраўдным святам. 1 верасня тут адкрылася новая школа № 39. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, міністр адукацыі краіны Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслаў Браніслававіч Гой, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч:
— Можна быць упэўненым, што ў нашай краіне створаны ўсе неабходныя ўмовы, для таго каб дзеці нараджаліся і атрымлівалі дастойнае выхаванне і адукацыю. Грамадскасць і дзяржава зробяць усё для таго, каб нашы грамадзяне жылі паўнацэнным, яркім жыццём. У гэты дзень хочацца звярнуць асаблівую ўвагу на педагогаў і сказаць словы падзякі гэтым людзям, якія прысвяцілі сябе слаўнай справе. Вы — настаўнікі ў шырокім сэнсе гэтага слова. Вы накіроўваеце моладзь на правільны шлях. Вялікі вам дзякуй!
— Сёння мы адкрываем не проста сучасную школу, а своеасаблівы культурны цэнтр, цэнтр фізічнай культуры. Гродна актыўна развіваецца, многа будуецца жылля, асабліва ў мікрараёне Паўднёвы. І, безумоўна, ствараецца і сацыяльная сфера. Да канца года насупраць школы № 39 будзе адкрыты яшчэ і дзіцячы сад, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў.
Сімвалічны ключ дырэктару школы № 39 уручыў генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Гроднапрамбуд”, пачэсны жыхар Гродна Абдулвагаб Ісакавіч Вагабаў.
Першымі ў новую школу ўвайшлі, канечне, першакласнікі. Дарэчы, першых класаў тут — 13. Усяго ў школе з 1 па 9 клас будзе вучыцца 1310 школьнікаў. Педагагічны калектыў новай установы адукацыі складаецца з 85 педагогаў, 11 з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 20 — першую катэгорыю і 11 — другую. Першыя крокі ў сваёй педагагічнай кар’еры ў школе № 39 сёлета пачынаюць 11 маладых спецыялістаў.
Дырэктар школы Андрэй Антонавіч Сяманчык падкрэсліў, што гэтая школа сапраўды стане культурным і спартыўным цэнтрам раёна. У школе ёсць два басейны — вялікі і малы, якія знаходзяцца ў асобным будынку. Яны зроблены па ўсіх стандартах і могуць прымаць спаборніцтвы любога ўзроўню — ад мясцовага да міжнароднага. У будынку з басейнамі знаходзяцца таксама зала цяжкай атлетыкі і фітнес-зала, у якіх можна будзе атрымаць платныя адукацыйныя паслугі. У самой школе знаходзіцца вялікая спартыўная зала, раздзеленая шырмай, што дазваляе адначасова займацца некалькім класам. У падвальным памяшканні будуць яшчэ дзве трэнажорныя залы — цяжкай атлетыкі і вольнай барацьбы. У школе будуць базіравацца дзіцячыя спартыўныя школы — па плаванні, каратэ, дзюдо, вольнай барацьбе. Платныя паслугі будуць аказвацца і насельніцтву.
Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч і госці наведалі заняткі ў 1 “А” класе. Прэм’ер-міністр паразмаўляў з маленькімі школьнікамі і ўручыў кнігі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларусь — наша Радзіма”.
Як адзначыў падчас наведвання школы Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь М.У.Мясніковіч, дзяржава сёння шмат робіць для таго, каб сем’і былі паўнацэнныя. Дапамога дзяржавы тычыцца не толькі нараджэння дзіцяці: “Мы ва ўрадзе думаем пра тое, каб і ў далейшым па жыцці працягвалася дзяржаўная падтрымка сем’яў з дзецьмі. Гэта і школа, і здаровы лад жыцця, і першае працоўнае месца. Калі ў чалавека будзе ўпэўненасць у заўтрашнім дні, то дзяцей будзе шмат”, — адзначыў прэм’ер-міністр.
Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.