Новая школа ў Лябяжым і дзіцячы сад у Фрунзенскім раёне расчыняць дзверы да 1 верасня ў Мінску

- 9:00Главная, Новости

Працягваецца падрыхтоўка ўстаноў адукацыі Мінска да новага навучальнага года. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням бяспечнага знаходжання дзяцей, прапускнога рэжыму, кадравага забеспячэння, выканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, работы харчаблокаў. Усе школы і гімназіі павінны ў тэрмін атрымаць сертыфікаты гатоўнасці, расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама.

Там дадалі, што аб’ём фінансавання на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі сталіцы да навучальнага года штогод павялічваецца. Усяго на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў бюджэтам у бягучым го­дзе прадугледжана накіраваць 148 мільёнаў рублёў, з іх 60 мільёнаў — на капітальны рамонт, 77 мільёнаў — на бягучы рамонт. Таксама выдзелены сродкі на закупку абсталявання.

1 верасня расчыніць дзверы школа-новабудоўля ў жылым раёне Лябяжы, а таксама дзіцячы сад на 190 месцаў у Фрунзенскім раёне ў межах вуліц Прытыцкага — Скрыпнікава — Адзінцова — Лабанка.

Новая школа ў Лябяжым разлічана на 1020 месцаў. Будаўнічыя работы выхо­дзяць там на фінішную прамую. Ужо завершана ўладкаванне падпорных сценак, мантаж агароджаў і ўстаноўка супрацьшумавых экранаў. Каб кожны навучэнец мог знайсці сабе занятак па душы, ствараецца развітая спартыўная інфраструктура. Школьны стадыён і басейн з нецярпеннем чакаюць юных спартсменаў. На цокальным паверсе будынка будзе абсталяваны цір. Зараз практычна на ўсім аб’екце на змену аддзелачнікам прыйшлі наладчыкі, каб усё запусціць і праверыць.

Таксама праводзяцца капітальныя і бягучыя рамонты ўстаноў адукацыі. Тры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі пасля капітальнага рамонту ўведзены ў эксплуатацыю, сем яшчэ плануецца ўвесці. У рамках бягучага рамонту адрамантаваны 13 харчаблокаў, 23 санвузлы, 7 спартыўных залаў. У 28 установах абнавілі асфальтабетоннае пакрыццё, у 75 — праводзіцца замена аконных блокаў. Выконваецца рамонт дахаў, фасадаў, добраўпарадкаванне тэрыторый, стадыёнаў, спартыўных пляцовак. Пры неабходнасці праводзіцца замена футбольных варот, баскетбольных кольцаў і інш. Для ўстаноў адукацыі набываецца вучэбнае, гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне і інш.

Сярод устаноў адукацыі сталіцы, якія падлягаюць капрамонту, ёсць шэраг пераходных аб’ектаў. Так, у сярэдняй школе № 4 Ленінскага раёна да будаўніча-мантажных работ ужо прыступілі, але завяршыць іх плануецца ў наступным годзе. Для школы № 63 Першамайскага раёна вызначана падрадная арганізацыя для правядзення капрамонту, які, як чакаецца, таксама бу­дзе выкананы ў наступным годзе.

Школы і дашкольныя ўстановы Мінска таксама праходзяць комплексную падрыхтоўку да маючага адбыцца ацяпляльнага сезона. Атрымаць пашпарты гатоўнасці да зімы ім неабходна ў тэрмін да 15 жніўня.

Усе школы і гімназіі Мінска з 1 верасня пяройдуць на новыя ўмовы арганізацыі харчавання. У сталовых павялічыцца ўмяшчальнасць абедзенных залаў, што дазво­ліць школьнікам харчавацца ў рацыя­нальны для ўсіх час. Зараз ва ўстановах адукацыі ўстанаўліваюць новае гандлёва-­тэхналагічнае абсталяванне, якое дасць магчымасць адначасова гатаваць больш порцый. Парадуюць школьнікаў і новымі пазіцыямі ў меню. Пры яго складанні ўліч­валіся як смакавыя перавагі дзяцей, так і збалансаванасць рацыёну.

Па словах намесніка старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольгі Смірновай, у сталічных школах у новым навучальным годзе адкрыецца 859 1-х класаў, дзе будуць вучыцца больш за 22 тысячы дзяцей. Таксама плануецца сфарміраваць 512 10-х класаў, пры гэтым 62% з іх будуць профільнымі.

Тэндэнцыя апошніх гадоў — боль­шасць профільных класаў маюць прафесійную накіраванасць. Летась установы адукацыі горада працавалі па пяці напрамках. У гэтым годзе іх будзе шэсць: педагагічны, спартыўна-педагагічны, ваенна-патрыятычны, аграрны, інжынерны і новы медыцынскі. Самы вялікі прарыў — гэта інжынерныя класы. Сёлета іх колькасць набліжаецца да 60. Гэты профіль выбралі 1358 дзяцей, што ў чатыры разы больш, чым у мінулым го­дзе. Развіваецца сетка педагагічных класаў, дзе, як чакаецца, будуць вучыцца больш за 1200 школьнікаў. Таксама адкрываюцца класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці — з верасня яны прымуць звыш 2000 чалавек. У 10-я класы спартыўнай накіраванасці прыйдуць больш за 150 хлопцаў і дзяўчат. Павялічылася колькасць навучэнцаў аграрных класаў. Летась былі адкрыты тры аграрныя класы, сёлета чакаецца чатыры. Агульная колькасць навучэнцаў у іх набліжаецца да 100. Для якаснага адукацыйнага працэсу ў класах прафесійнай накіраванасці наладжана ўзаемадзеянне з установамі вышэйшай адукацыі. Навучанне па профілі ў будучыні забяспечвае пэўныя льготы пры паступленні.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА