Новая школа ў Стоўбцах: STEM-цэнтр, басейн і цір

- 9:20Адукацыйная прастора

Юныя жыхары Стоўбцаў ужо некалькі дзён наведваюць новую школу. Яна вялікая, прасторная, і ў ёй столькі ўсяго, што дзецям спатрэбіцца яшчэ шмат часу, каб добра вывучыць установу. Сярэдняя школа № 4 была ўрачыста адкрыта 1 верасня.

Новую ўстанову адукацыі горад вельмі чакаў. Апошні раз школу тут адкрывалі аж 40 гадоў назад. За апошнія некалькі гадоў у Стоўбцах вырас новы мікрараён са шматпавярховымі дамамі, а адзіная школа, што была побач, працавала ў вельмі напружаным рэжыме, была перагружана. Новая школа вырашыла гэтую праблему. Яна разлічана на 32 класы і гатова прыняць 720 вучняў.

Узвялі школу хутка — старт будаўніцтву быў дадзены ў чэрвені мінулага года.

— У Стоўбцах сёння сапраўднае свята. У многіх навучэнцаў пачынаецца новы перыяд жыцця. Мы пастараліся да новага навучальнага года зрабіць дзецям і гораду падарунак, тым больш што апошняя ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі была пабудавана ў Стоўбцах чатыры дзесяцігоддзі назад. Многія не верылі, што ў нас атрымаецца так хутка ўзвесці аб’ект, але мы справіліся. Варта падзякаваць будаўнікам, якія сваімі намаганнямі наблізілі гэтую падзею, — адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця Аляксандр Турчын, старшыня Мінскага аблвыканкама.

Чатырохпавярховы будынак школы складаецца з 5 блокаў. У блоку “А” размяшчаюцца адміністрацыйныя памяшканні, а таксама цір, трэнажорная і гімнастычная залы, медыцынскі блок, актавая зала. Тут жа можна трапіць у STEM-цэнтр, дзе навучэнцы з захапленнем ужо займаюцца робататэхнікай. У гэтым блоку размясціўся і кабінет нагляднай агітацыі МНС, дзе сабраны разнастайныя інавацыі для вывучэння правіл паводзін у небяспечных сітуацыях.

У блоку “Б” — майстэрні па апрацоўцы драўніны, металу, бібліятэчна-інфармацыйны цэнтр, метадычны кабінет, трэнер­ская і басейн. У блоку “В” — сталовая на 240 месцаў, буфет, кабінет кулінарыі, рэсурсны цэнтр, кабінет музыкі. У блоку “Г” — вучэбныя класы і спальні-гульнявыя для малодшых класаў, кабінеты для старэйшых школьнікаў, кабінеты дэфектолага і педагога-псіхолага, кабінет інфарматыкі, лабараторыі фізікі і астраноміі, хіміі, біялогіі, майстэрня па апрацоўцы тканіны.

У блоку “Д” размясціліся тэнісны хол, дзве трэнажорныя залы, тры лінгафонныя кабінеты, кабінет АБЖ, кабінет дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, лабараторыя фізікі і астраноміі, вучэбныя класы і кабінеты, дапаможныя і бытавыя памяшканні.

У хуткім часе ў школе з’явіцца яшчэ і скаладром — такі падарунак школа атрымала ад Мінаблвыканкама ў Дзень ведаў.

Цікава арганізавана і тэрыторыя вакол школы. Тут стварылі спартыўны гарадок, дзе ёсць футбольнае поле са штучным пакрыццём, бегавыя дарожкі з гумавым пакрыццём, баскетбольная, валейбольная і гульнявая пляцоўкі, а таксама пляцоўка па вывучэнні правіл дарожнага руху.

Варта адзначыць, што ў школе створана ўніверсальнае безбар’ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Абсталяваны ліфт, пандус, мабільныя лесвічныя пад’ёмнікі, спецыяльныя месцы ў вучэбных кабінетах, санвузлы, душавыя.

Адным з першых новую школу ацаніў Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. Ён адзначыў, што ўстанова адпавядае ўсім патрабаванням XXI стагоддзя.

— У нашай краіне сістэме адукацыі ўдзя­ляецца самая вялікая ўвага. У школах імкнуцца стварыць такія ўмовы, каб дзеці адчувалі сябе камфортна. Для развіцця сферы адукацыі робіцца многае, бо маладое пакаленне — залаты фонд Беларусі, — сказаў Аляксандр Вальфовіч. — Гэты навучальны год стане для сістэмы адукацыі прарыўным. У прыватнасці, у школе з’явіліся кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія бу­дуць даваць дзецям веды і выхоўваць іх, арганізоўваць спаборніцтвы і экскурсіі па гістарычных мясцінах.

Дзяржсакратар Савета бяспекі выказаў перакананне, што ў школе ёсць усё, каб выхаваць сапраўдных грамадзян.

Адкрыццё школы ў Стоўбцах — важны крок у развіцці сістэмы адукацыі Міншчыны. У Дзень ведаў была таксама адкрыта школа ў Калодзішчах, што ў Мінскім раёне. Да канца 2021 года плануецца адкрыць школы ў Смалявічах і Маладзечне, на верасень запланавана адкрыццё дзіцячага садка ў пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна і ў Калодзішчах. Распачата будаўніцтва дзіцячага садка ў Фаніпалі Дзяржынскага раёна, на выхадзе праектная дакументацыя і пачатак будаўніцтва дзіцячага садка ў Любані і школы ў Фаніпалі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.