У Гродне адкрылі другую чаргу Навуковатэхналагічнага парка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Увядзенне ў эксплуатацыю новага вытворча-адміністрацыйнага будынка дазволіла павялічыць плошчы Тэхнапарка больш як на 6,5 тысячы квадратных метраў. Тут размясціліся 16 вытворчых памяшканняў плошчай ад 180 да 280 квадратных метраў, 16 офісаў, у тым ліку памяшканні тыпу open-space. Да таго ж 3 coworking-зоны адведзены пад правядзенне бізнес-мерапрыемстваў, больш за 300 квадратных метраў — пад выставы дасягненняў прадпрыемстваў і арганізацый Гродзеншчыны і іншых рэгіёнаў. Адзіная ў вобласці канферэнц-зала такога фармату на 150 пасадачных месцаў абсталявана сучаснымі сродкамі тэлекамунікацыі, магчымасцю сінхроннага перакладу адначасова на 4 мовы.
Ва ўрачыстым адкрыцці другой чаргі тэхнапарка прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што па добрай традыцыі напярэдадні 7 лістапада ў краіне адкрываюцца новыя аб’екты. Не стаў выключэннем і гэты год. Яскравы прыклад — адкрыццё другой чаргі Тэхнапарка ГрДУ імя Янкі Купалы.
— Сёння не толькі ў студэнтаў, але і ва ўсіх, у каго ёсць прадпрымальніцкая жылка, хто звязаны з інжынернымі, IT-тэхналогіямі, з’явілася база. Тут створаны камфортныя ўмовы, ёсць неабходнае абсталяванне для распрацоўкі і ўкаранення інавацый у практыку, развіцця інжынерных падыходаў, робатызацыі, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Важна, што тэхнапарк становіцца яшчэ адной пляцоўкай для навучання студэнтаў. Ствараючы такія аб’екты, мы дапамагаем нашай моладзі развівацца, а іх інавацыйныя распрацоўкі пры гэтым будуць трансфармавацца ў рэальныя праекты.
Знакавай падзеяй для рэгіёна назваў адкрыццё другой чаргі тэхнапарка старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.
— Рэгіён атрымаў месца, дзе неабыякавыя маладыя людзі — выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты ўніверсітэта змогуць рэалізоўваць свае самыя амбіцыйныя планы. Упэўнены, што тут з’явяцца шматлікія інавацыі, ідэі і навуковыя распрацоўкі, якія паслужаць на карысць развіцця нашай Радзімы, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. — Як паказвае вопыт, на базе такіх тэхнапаркаў ствараецца цэлая экасістэма, якая аб’ядноўвае ініцыятыўных людзей розных спецыяльнасцей, і яны дапамагаюць адзін аднаму рэалізоўваць свае ідэі. Упэўнены, што менавіта такое спалучэнне энергіі і крэатыўнасці моладзі разам з падтрымкай дзяржавы і добрымі традыцыямі навуковай школы дазволяць нам рухацца наперад. Тэхнапарк стане месцам, дзе стартапы будуць вырастаць у паспяховыя інавацыйныя вытворчасці, вядомыя далёка за межамі вобласці.
Адкрыццё другой чаргі Тэхнапарка ГрДУ Імя Янкі Купалы закладвае пляцоўку для інавацыйных прадпрыемстваў, якія ў гэтых спрыяльных умовах могуць у перспектыве ствараць новую эканоміку Гродзенскага рэгіёна.

— Тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы павінен стаць цэнтрам прыцягнення інавацый, тэхналогій, злучэння іх з рэальнай эканомікай, вытворчасцю, — падкрэсліў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Ён таксама стане цэнтрам адбору на рэгіянальным узроўні таленавітых маладых людзей і падлеткаў у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Упэўнены, што на гэтай пляцоўцы будуць спалучаны інавацыі, творчасць і новыя тэхналогіі, а ГрДУ як удзельнік праекта “Універсітэт 3.0” стане паспяхова вырашаць пытанні камерцыялізацыі даследаванняў і ўкаранення іх у вытворчасць.
Міністр адукацыі паведаміў, што ў праекце “Універсітэт 3.0” прымае ўдзел 18 універсітэтаў. У краіне працуе 6 універсітэцкіх тэхнапаркаў. Іх асноўная задача — камерцыялізаваць навукова-тэхналагічныя даследаванні, якія ажыццяўляюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі, ствараць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, у тым ліку і з прыцягненнем да гэтай работы студэнтаў, магістрантаў, вядучых навукоўцаў. Перспектыва — выйсці на ўзровень 4.0, калі сам універсітэт павінен выступаць драйверам устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця канкрэтнага рэгіёна або населенага пункта, стварэння новых галін і тэхналагічных укладаў у эканоміцы.
—Адкрываючы другую чаргу Тэхнапарка ГрДУ імя Янкі Купалы, мы закладваем пляцоўку для інавацыйных прадпрыемстваў, якія ў гэтых спрыяльных умовах могуць у перспектыве ствараць новую эканоміку Гродзенскага рэгіёна, — падкрэсліў міністр адукацыі.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка расказала, што прынцыповае адрозненне другой чаргі тэхнапарка ад першай у тым, што тут ёсць вытворчыя плошчы. Ідэі і стартапы студэнтаў і супрацоўнікаў УВА знаходзяць падтрымку ва ўніверсітэце, за кошт пазабюджэту створаны фонд інавацыйнага развіцця.
Гісторыя Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы пачалася ў 2017 годзе на базе РУП “ВНВЦ “Тэхналаб”, заснавальнікам якога з’яўляецца ГрДУ імя Янкі Купалы. Ужо ў 2018 годзе была здадзена ў эксплуатацыю першая чарга тэхнапарка плошчай каля 1000 квадратных метраў. Тут размясціліся 16 кампаній-рэзідэнтаў, 8 з якіх створаны супрацоўнікамі і студэнтамі ўніверсітэта. У 2019 годзе пачалося будаўніцтва другой чаргі плошчай 6,5 тысячы квадратных метраў.
Не толькі высокатэхналагічная база прыцягвае прадпрымальнікаў. Рэзідэнты маюць тут прэферэнцыі: нізкую арэндную плату, падатковыя льготы, а таксама магчымасць атрымліваць поўную і своечасовую інфармацыю ад кампетэнтных юрыстаў, эканамістаў і іншых спецыялістаў.
На інавацыйнай пляцоўцы рэалізуюцца праекты па самых розных напрамках. Не страчвае сваёй запатрабаванасці IT-сфера, а новы кірунак, які актыўна развіваецца, — электрыфікацыя традыцыйнага транспарту і ў цэлым электратранспарт. Акрамя таго, ёсць рэзідэнты, якія займаюцца электронным маркетынгам, BIM-інжынірынгам, распрацоўкай абсталявання, у тым ліку вучэбнага.
Будаўніцтва тэхнапарка ажыццяўлялася пры фінансавай падтрымцы інавацыйнага фонду Гродзенскага аблвыканкама і Рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.