Новая старонка ў інвестыцыйнай дзейнасці

- 14:06Інфармацыйная гадзіна

Законапраект аб ДПП з’яўляецца новай старонкай у інвестыцыйнай дзейнасці Беларусі. Аб гэтым паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па эканамічнай палітыцы Віктар Валюшыцкі, каменціруючы праект закона “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”.

“Прыняцце законапраекта — гэта новая старонка ў інвестыцыйнай дзейнасці нашай краіны. За крыху больш як два месяцы праведзена вялікая работа па дапрацоўцы законапраекта. Унесены змяненні ў тры главы. Законапраект дапоўнены сямю артыкуламі. Увогуле ўнесена 40 працэнтаў змяненняў”, — адзначыў Віктар Валюшыцкі.
Паводле яго слоў, змяненні закранулі парадак разгляду заяў на ДПП, правядзенне конкурсу, прыняцце канчатковага рашэння, вызначэнне правоў і абавязкаў з боку дзяржавы і прыватнага партнёра.
“Для нашага ўрада адкрываецца новая старонка для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці. Ураду неабходна прыняць шэраг нарматыўных прававых актаў. Гэта недзе 10—12 актаў, што таксама будзе вялікай работай. У будучым годзе пасля прыняцця законапраекта неабходна будзе фарміраваць інстытуцыянальнае асяроддзе”, — сказаў Віктар Валюшыцкі.
Паводле яго слоў, праекты ДПП выгадныя дзяржаве з пункту гледжання вырашэння пытанняў будаўніцтва інфраструктурных аб’ектаў. “У перыяд вострага дэфіцыту сродкаў бюджэту мы хочам прыцягнуць сродкі бізнесу для рэалізацыі інфраструктурных праектаў. Бізнес, рэалізоўваючы кожны з праектаў, можа на гэтым зарабіць. Гэта азначае ўзаемавыгаднае партнёрства — выгада і для дзяржавы, і для прыватнага партнёра”, — рэзюмаваў дэпутат.
Праект закона “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” прыняты дэпутатамі ў другім чытанні.