Новая стратэгія ЕБРР дазваляе шырока ўзаемадзейнічаць у сферы дзяржаўнага сектара эканомікі

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

Узаемадзеянне Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) з дзяржаўным сектарам эканомікі Беларусі дасць добрыя вынікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам ЕБРР Філіпам Бенетам.

На сустрэчы адзначалася, што ў мінулым годзе была прынята новая чатырохгадовая Стратэгія ЕБРР на 2016—2019 гады, у якой адменены так званы калібраваны падыход, што абмяжоўваў супрацоўніцтва з дзяржаўным сектарам.

“Беларусь як паўнапраўны член Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця заўсёды выступала супраць непатрэбных бар’ераў, асаблівых падыходаў і іншых фактараў, якія стрымліваюць наша супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне. Такую платформу цяпер мы маем, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У рамках цяперашняй стратэгіі мы зможам больш шырока ўзаемадзейнічаць у сферы дзяржаўнага сектара, што, упэўнены, дасць добрыя вынікі і адкрые новыя перспектывы. Развіццё ўсіх форм уласнасці, у тым ліку і дзяржаўнага, і прыватнага сектара, — гэта наш прыярытэт у Беларусі. І я вам удзячны, што вы гэта разумееце і што ў вас няма ніякіх прадузятых думак супраць гэтага”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь узаемадзейнічае з ЕБРР ужо больш за 20 гадоў і вынікі гэтага супрацоўніцтва істотныя. “За гэты час у беларускую эканоміку прыцягнуты немалыя грашовыя сродкі. Гэтыя інвестыцыі ажыццёўлены ў самыя перспектыўныя і цяпер паспяховыя праекты”, — падкрэсліў прэзідэнт.

За апошнія гады ўзровень узаемадзеяння Беларусі і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця выйшаў на якасна новы ўзровень. Агульны аб’ём фінансавых рэсурсаў, прадастаўленых банкам за 1992—2016 гады, склаў больш як 1,8 млрд еўра. Пры гэтым на долю праектаў, якія рэалізоўваліся ў мінулым годзе, прыпала 516 млн еўра.

У верасні 2016 года была зацверджана новая чатырохгадовая стратэгія ЕБРР для Беларусі да 2019 года. У адпаведнасці з ёй, банк канцэнтруецца на двух асноўных напрамках: павышэнні канкурэнтаздольнасці рэальнага сектара эканомікі, павышэнні ўстойлівасці і якасці паслуг дзяржаўнай інфраструктуры.