Новая, вялікая, сучасная

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Больш за 1700 вучняў у Дзень ведаў селі за парты ў новай сярэдняй школе № 1 імя С.І.Грыцаўца Баранавіч. Павіншаваць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў з наваселлем, якога гарадскі мікрараён “Бараўкі” чакаў больш за 10 гадоў, прыйшлі кіраўнік справамі Прэзідэнта Беларусі — упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці В.М.Іваноў і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейка.

Школа, на будаўніцтва і аснашчэнне якой было затрачана амаль 27 млн рублёў з абласнога і рэспубліканскага бюджэту, — самая вялікая ўстанова адукацыі ў Баранавічах. Па аб’ектыўных прычынах яе планавую магутнасць давялося павялічыць на больш як 500 дзяцей. Кожны шосты вучань — першакласнік.

Чатырохпавярховы будынак складаецца з трох карпусоў, злучаных калідорамі. Адзін з блокаў адведзены для пачатковых (самых шматлікіх) класаў. Для малодшых школьнікаў абсталяваны дзве гульнявыя-спальні, уласны гардэроб.

Кожны з 70 вучэбных кабінетаў аснашча­ны праектарам, тэлевізарам і камп’ютарам. Ва ўстанове — 3 класы інфарматыкі, стралковы цір, сталярная і слясарная майстэрні, кабінеты дамаводства і абслуговай працы з сучасным абсталяваннем. У распараджэнні педагогаў і вучняў — бібліятэка з чытальнай залай і кнігасховішчам, актавая і канферэнц-зала. Медыцынскі сектар уключае педыятрычны, прывівачны і стаматалагічны кабінеты, а спартыўны комплекс — гульнявую, гімнастычную, трэнажорную і харэаграфічную залы. На дваровай тэрыторыі, акрамя гульнявога гарадка, абсталяваны пляцоўкі для міні-футбола, бадмінтона, валейбола, баскетбола, хакея, тэніса і лёгкай атлетыкі, а таксама для вывучэння правіл дарожнага руху.

У школе створана безбар’ернае асяроддзе, якое дазволіць дзецям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі нароўні са здаровымі равеснікамі карыстацца ўсімі выгодамі ўстановы. У 6 інтэграваных класах будуць навучацца дзеці з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату.

Ва ўстанове дзейнічае медыяцэнтр, адкрыты філіялы Палаца дзіцячай творчасці, дзіцячай музычнай школы № 3 і Цэнтра экалогіі, турызму і краязнаў­ства. Плануецца, што на базе школы будуць працаваць харэаграфічныя гурткі і спартыўныя секцыі некаторых прыватных арганізацый.

Дзякуючы спонсарам, абсталяваны сенсорны пакой для эмацыянальнай разгрузкі. У зале адаптыўнай фізкультуры можна не толькі займацца фізкультурай, але і праводзіць рэабілітацыйныя мерапрыемствы з асаблівымі вучнямі.

17 верасня ў школе адкрыецца музей народнага адзінства, адна экспазіцыя якога будзе прысвечана аб’яднанню Заходняй Беларусі і БССР, а другая — легендарным лётчыкам, чые лёсы звязаны з Баранавічамі. Сярод іх — ураджэнец Баранавіцкага раёна двойчы Герой Савецкага Саюза Сяргей Грыцавец, першы Герой Беларусі Уладзімір Карват, баранавіцкія авіятары Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч, якія загінулі над польскім Радамам, а таксама маладыя лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка, якія ў маі гэтага года цаной уласнага жыцця выратавалі жыхароў горада ад падзення самалёта.

У Дзень ведаў школа падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з БарДУ.

Ганаровыя госці ўручылі кіраўніцтву ўстановы каштоўныя падарункі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.