Новая зорка гарадскога ліцэя

Чарговая зорка з’явілася на алеі зорак Гомельскага гарадскога ліцэя № 1. Яна носіць імя выпускніка мінулага года Мікалая Зунікава.

Алея зорак — арыгінальнае стымуляванне навучэнцаў ліцэя. Менавіта так назаўсёды ўпісваюцца ў гісторыю ўстановы імёны юнакоў і дзяўчат, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай дзейнасці і сталі пераможцамі міжнародных алімпіяд, турніраў, канферэнцый па вучэбных прадметах.

Алея зорак створана ва ўстанове 17 гадоў назад па ініцыятыве першага дырэктара ліцэя Васіля Васільевіча Яўменава. Гэта публічнае прызнанне дасягненняў ліцэістаў і матывацыя для тых, хто пакуль не мае такіх высокіх поспехаў, але мае патэнцыял. Тым больш што сярод імянных зорак на навучэнцаў пазірае безыменная зорка — сімвал будучых перамог ліцэістаў.

Зорка Мікалая Зунікава — восьмая па ліку. Гэты таленавіты юнак — сапраўдная гордасць ліцэя. За два гады навучання ён праслаўляў установу, родны горад і краіну на шматлікіх спаборніцтвах. Гомельскі гарадскі ліцэй № 1 Мікалай скончыў з залатым медалём, сёння хлопец — студэнт Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута.

У дасягненнях Мікалая, акрамя трох запар перамог у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, перамогі ў 49-й Міжнароднай фізічнай алімпіядзе ў Лісабоне, заключным этапе расійскай алімпіяды школьнікаў “Фізтэх” па фізіцы, розных інтэлектуальных спаборніцтвах абласнога ўзроўню. Тройчы ўзнагароджваўся прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а ў 2018 годзе Мікалаю прысуджана чацвёртая па ліку прэмія з уручэннем нагруднага знака “Лаўрэат спецыяльнага фонду Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў”.