Новы адукацыйны цэнтр

Цэнтр методык дашкольнай адукацыі ўрачыста адкрылі ў МДУ імя А.А.Куляшова.

Новы вучэбны цэнтр пачаў функцыянаваць на базе факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Адукацыйнае асяроддзе тут адпавядае самым сучасным тэн­дэнцыям. Цэнтр уключае мастацка-эстэтычную студыю, вучэбна-метадычную лабараторыю, кабінет тэхналогій дашкольнай адукацыі, насычаны разнастайнымі сучаснымі сродкамі навучання і метадычным забеспячэннем. Інтэрактыўная дошка, тэлевізар, спартыўны комплекс, комплекс робататэхнікі, наборы для творчасці… Абсталяванне дазволіць студэнтам і педагагічным работнікам эфектыўна адапта­ваць інавацыйныя методыкі і тэхналогіі дашкольнай адукацыі ў рабоце з дзецьмі. Дарэчы, асноўным напрамкам дзейнасці цэнтра будзе менавіта інтэграцыя навукі і практыкі, а таксама павышэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў у кантэксце патрабаванняў сістэмы дашкольнай адукацыі.

— Цэнтр быў адкрыты па ініцыятыве калектываў кафедры педагогікі дзяцінства і сям’і, факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Тут даўно наладжана плённае ўзаемадзеянне з рэгіёнамі ў рамках кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Цэнтр стаў новым імпульсам у развіцці гэтай дзейнасці. Ідэя рэалізоўвалася на працягу трох гадоў за сродкі ўніверсітэта. У выніку мы атрымалі сучасную базу, шматвектарныя магчымасці якой бу­дуць выкарыстоўвацца па максімуме, — расказаў рэктар універсітэта Д.У.Дук.

Магчымасці цэнтра дазво­ляць павышаць прафесійную кампетэнтнасць педагагічных работнікаў, кампетэнтнасць бацькоў у рэалізацыі асобасна арыентаванай развіццёвай дашкольнай адукацыі. Прадугледжана правядзенне ў цэнтры адукацыйных курсаў для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі Магілёўскай вобласці, а таксама адкрыццё клуба для бацькоў па пытаннях рознабаковага развіцця асобы дзіцяці. Наведваць цэнтр, атрымліваць тут адукацыйныя паслугі змогуць і самі дашкольнікі.

— Адкрыццё падобнага цэнтра — патрэбны крок па шляху павышэння якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Дашкольная адукацыя ўвесь час развіваецца. І вельмі важна, каб маладыя спецыялісты валодалі перадавымі методыкамі, умелі працаваць з сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Цэнтр будзе своеасаблівай творчай лабараторыяй, дзе прафесійную кампетэнтнасць змо­гуць павысіць і педагогі з вопытам работы. Раней даводзілася дадаткова навучаць нашых педагогаў у сталіцы. Зараз такая магчы­масць ёсць у сваім рэгіёне, — адзначыла загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Т.Ю.Швяцова.

Адкрыццё Цэнтра методык дашкольнай адукацыі прымеркавана да 108-годдзя ўніверсі­тэта. У праграме святочных мерапрыемстваў таксама адкрыццё абноўленай Дошкі гонару, віншавальны канцэрт і цырымонія ўзнагароджання лепшых выкладчыкаў, навукоўцаў і студэнтаў МДУ імя А.А.Куляшова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.