Новы будынак дзіцячага сада быў урачыста адкрыты ў аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна. Такі цудоўны падарунак будаўнікі і Мінаблвыканкам зрабілі маленькім жыхарам і іх бацькам да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Аграгарадок Самахвалавічы знаходзіцца недалёка ад сталіцы, таму апошнім часам сутыкнуўся з праблемай вялікага горада — дэфіцытам месцаў у дашкольных установах. Адзіны яслі-сад, разлічаны на 40 чалавек, які працуе ў Самахвалавічах вось ужо 50 гадоў, не мог прыняць усіх жадаючых. Таму мінулым летам Сямён Барысавіч Шапіра, старшыня Мінаблвыканкама, даў даручэнне пабудаваць у аграгарадку новы “дом” для самых маленькіх мясцовых жыхароў.
Будаўнікі да работы прыступілі адразу ж, і ўжо ў лютым побач са старым будынкам дзіцячага сада з’явіўся новы. Работы, якія патрабавалі спрыяльнага надвор’я, былі завершаны ў маі. І вось з першых летніх дзянькоў новы будынак гасцінна прымае дзяцей.
“Мы шчаслівыя, што нашы выхаванцы атрымалі такі цудоўны падарунак, — расказвае Алена Леанідаўна Ярашэвіч, загадчыца Самахвалавіцкага ясляў-сада, — установа адукацыі разлічана на 95 месцаў, будуць працаваць 5 груп. Мы набралі новых работнікаў, калектыў малады, энергічны, усе гатовы працаваць”.
У новым будынку ёсць музычная і фізкультурная залы, камп’ютарны клас, медыцынскі блок, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Утульныя групы напоўнены цацкамі, дыдактычнымі і дэманстрацыйнымі матэрыяламі, гульнямі для інтэлектуальнага, сенсорнага і творчага развіцця. Абсталяванне кухні дазволіць гатаваць ежу так, каб у прадуктах захоўвалася як мага больш вітамінаў. Прадугледжаны і ўмовы для аказання шырокага спектра дадатковых адукацыйных паслуг, калі яны будуць запатрабаваны. Усё гэта ўбачылі ганаровыя госці мерапрыемства і бацькі дзяцей, якія будуць тут выхоўвацца. А яшчэ гасцей чакаў невялікі канцэрт, падрыхтаваны выхаванцамі сада, а таксама фрагменты заняткаў, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі праводзілі эксперыменты і ўдзельнічалі ў сюжэтна-ролевай гульні.
“Адкрываючы сёння новы будынак дзіцячага сада, мы вырашаем праблему дэфіцыту месцаў у дашкольных установах у аграгарадку Самахвалавічы і яго наваколлі, — расказвае Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — У некаторых населеных пунктах вобласці гэтая праблема застаецца актуальнай, і мы працуем над яе выкараненнем. Плануецца ў гэтым годзе адкрыць яшчэ тры ўстановы дашкольнай адукацыі. Ужо ў ліпені пачне працаваць дзіцячы сад у Дзяржынску, пазней адкрыюцца ўстановы ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна і ў Барысаве”.
Галіна Мікалаеўна Казак і Сямён Барысавіч Шапіра павіншавалі дзяцей з “наваселлем” і пажадалі, каб яны адчувалі сябе ў новым будынку камфортна, а бацькі былі спакойныя за сваіх сыноў і дачок.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.